На роднай мове. Галоўны рэдактар «Звязды» расказвае пра нюансы сваёй працы

Першая сотня пройдзена

Сёлета газета «Звязда» адзначае свой стогадовы юбілей. Мы сустрэліся з дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Звязда» Паўлам Сухарукавым, каб даведацца, чым сёння жыве выданне і якім ён бачыць яго будучыню.

— Павел Якаўлевіч, вы ў «Звяздзе» не так даўно. Якімі былі першыя ўражанні, калі прыйшлі сюды?

— Я правінцыял. Чатыры гады працаваў у абласной газеце. Мне здавалася, што рэспубліканскія газеты — гэта значна вышэйшы ўзровень. Быць галоўным рэдактарам «Звязды» вялікі гонар. Гэта дзяржаўны брэнд, які мае найбагацейшую гісторыю. Газета выходзіла ў часы Вялікай Айчыннай вайны, гэта ўзор мужнасці людзей, якія выдавалі яе літаральна ў партызанскіх зямлянках, часам расплачваліся за гэта сваім жыццём. Словам, «Звязда» — вяршыня прафесіяналізму. Так я заўсёды думаў, і рады, што калі прыйшоў сюды, то мае ўяўленні спраўдзіліся на сто працэнтаў. Тут вельмі прафесійны калектыў, які добра ведае сваю справу і працуе ў лепшых традыцыях. З аднаго боку ён вельмі сталы па сваім прафесійным узроўні, з іншага — вельмі малады па адносінах да жыцця і сваёй справы. Мяне гэта вельмі ўразіла.

— Беларускамоўная газета сёння запатрабавана?

— Калі б не было патрэбы ў беларускамоўнай прэсе, то не было б і нашай газеты. Больш таго, нагадаю, што ў Выдавецкім доме «Звязда» аб’яднаныя дзевяць выданняў. Значная частка з іх — літаратурныя часопісы. Гэта значыць, што нашых людзей цікавяць мова і літаратура. Як бачыце, гаспадарка ў нас сур’ёзная. І ў кожнага выдання ёсць свой чытач. Добра, што нашы газеты і часопісы падтрымліваюцца дзяржавай, але калі б у нас не было сваіх прыхільнікаў, сваіх адданых чытачоў, ніякія фінансавыя ўнёскі не дапамаглі б. Канешне, нам хацелася, каб чытачоў станавілася больш. Іх, дарэчы, і становіцца больш.

— Гэта дзякуючы моладзі, сярод якой зараз модна размаўляць па-беларуску?

— Нам прыемна, што моладзь сёння пачынае вяртацца да роднай мовы. І мы працуем на маладога чытача: дадатак «Чырвонка. Чырвоная змена» разлічаны менавіта на маладзёжную аўдыторыю, актыўна развіваецца сайт, працуем у сацыяльных сетках. Але ўсё ж наш асноўны чытач — чалавек дарослы. Мы хоць і рэспубліканская газета, але нас вельмі любяць у рэгіёнах, добра чытаюць у абласцях. Гэта газета беларускай  інтэлігенцыі. Мы сваёй працай імкнёмся ўтрымаць гэтага чытача, даць яму штосьці новае. Так, ён прызвычаіўся да пэўнага фармату, але мы павінны ісці ў нагу з часам. Таму пастаянна прыдумляем нейкія праекты, уводзім новыя рубрыкі.

— Ва ўсе часы лепшым паказчыкам папулярнасці выдання былі мяшкі лістоў, сучасныя інтэрнэт-рэсурсы падлічваюць наведванні і каментарыі. Як вы сёння трымаеце зваротную сувязь?

— Зразумела, што сёння людзі па аб’ектыўных прычынах пішуць менш, але лісты да нас ідуць. Наша пошта — гэта не толькі скаргі і просьбы разабрацца ў той ці іншай сітуацыі. Дарэчы, я вельмі люблю, калі журналіст выязджае на месца, асабліва ў вёску, і, што называецца, дакранаецца да людскіх праблем. Але мы яшчэ і пляцоўка для творчых стасункаў: пішуць тыя, хто хоча паспрабаваць сябе ў літаратурным жанры ці бліжэй пазнаёміцца з журналісцкай працай. Адна з нашых самых папулярных рубрык на працягу многіх гадоў — «Народ на провадзе», у якой чытачы расказваюць вясёлыя і павучальныя гісторыі з жыцця. На «гарачы тэлефон», які штодзень працуе ў рэдакцыі, людзі тэлефануюць, каб расказаць нейкія навіны, падзяліцца радасцямі або праблемамі. Пішуць і электронныя лісты. Але заўважыў, што раней газета была ледзь не адзінай інстанцыяй, якая дапамагала чалавеку вырашыць нейкія пытанні, сёння ў наш мабільны час такіх магчымасцей значна больш, таму і пішуць нам менш. Але кожны ліст мы ўважліва вывучаем, і калі праблема годная, узнімаем яе на сваіх старонках.

— З чаго пачынаюцца вашы штодзённыя планёркі?

— Гэта сакрэт (усміхаецца). А калі сур’ёзна, пачынаюцца планёркі з аналізу нумара, які выйшаў: з чым справіліся добра, што можна было б зрабіць лепш. Потым абмяркоўваем нумар заўтрашні. Вядома, што газета сёння і дваццаць гадоў таму — гэта, як той казаў, дзве вялікія розніцы. Мабільнасць, хуткасць сёння на першым месцы. Але газета сёння па аб’ектыўных прычынах не самая аператыўная крыніца інфармацыі. Каб паспець за навінамі ў рэжыме анлайн, працуе наш сайт, які да таго ж змяшчае матэрыялы ўсіх нашых выданняў. У папяровай версіі робім стаўку на аналітыку, на падрабязнасці, але і тут працаваць трэба аператыўна. Гэта няпростая справа для тых, хто прызвычаіўся пісаць грунтоўныя тэксты  павольна. Але час мяняецца, журналістыка мяняецца, таму магу сказаць, што амаль усе ўжо навучыліся працаваць, што называецца, з калёс. Мы адзіная беларускамоўная штодзённая газета ў краіне, мы ў трэндзе. Мы імкнёмся быть хуткімі, аргументаванымі і патрэбнымі. Над гэтым і працуем штодзень. У нас адданы чытач, і спадзяюся, што мы адпавядаем яго патрабаванням, і так будзе і надалей.

— Што ў свята пажадаеце сваім супрацоўнікам, а таксама чытачам?

— Мне падаецца, што калі мы размаўляем з чытачом на адной мове ў прамым і пераносным сэнсе, то мы вельмі блізкія да яго, жывём яго жыццём. Добрыя журналісты — гэта тыя, хто знаходзіцца побач з людзьмі, добра ведае іх праблемы знутры, а не па чутках. Таму ўсім жадаю здароўя, бо ў наш хуткі час няма калі звяртаць увагу на сябе. Творчага натхнення — яно патрэбна ўсім, не толькі журналістам, але і ўсім нашым чытачам у любой справе. Яно дапамагае жыць і працаваць. І яшчэ разумення. Паміж калегамі, сябрамі, у сям’і. Кожнаму чалавеку гэта вельмі патрэбна.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter