Агрогородок Первомайская в Березовском районе имеет свои интересные истории и известных земляков

Першамайская: свае, бярозаўскія Балканы і новыя вуліцы сядзіб

Бярозаўскі аграгарадок Першамайская да 1964 года быў вёскай Блудзень. Сялянскія падворкі з усіх бакоў акружалі балоты, што цягнуліся ў вярхоўі ракі Ясельды.


Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў 1563 годзе ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага. У канцы ХVІ стагоддзя каралева Ганна Ягелонка падарыла маёнтак Блудзень, які адносіўся да Берасцейскага павета, вялікаму літоўскаму канцлеру Льву Сапегу. У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя вёску ўпрыгожыў драўляны праваслаўны храм, які потым некалькі разоў перабудоўваўся.

Пасля III падзелу Рэчы Паспалітай Блудзень адышоў да Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Валодаў маёнткам і навакольнымі землямі заможны род Здзітаўскіх.

У 1871 годзе праз вёску пралегла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка і адкрылася станцыя Бяроза-Картузская. У 1884-м ад іскры, што вылецела з коміна праязджаючага паравоза, загарэўся саламяны дах прыдарожнай хаты. Моцны вецер падхапіў полымя і разнёс па падворках. Згарэла паўсотні пабудоў. Пагарэльцы ўзвялі новыя дамы. Цэнтр вёскі ўпрыгожыла мураваная царква Мікалая Цудатворца, якая і сёння дзейнічае.

З дваццатых гадоў мінулага стагоддзя па 1939 год, згодна з Рыжскім мірным дагаворам, Блудзень уваходзіў у Палескае ваяводства панскай Польшчы. Побач з вёскай дзейнічаў створаны ўрадам Пілсудскага канцтабар, у якім утрымлівалі абвінавачаных у антыдзяржаўнай дзейнасці асоб.

У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты расстралялі за вёскай і каля суседняй чыгуначнай станцыі Бронная Гара амаль тысячу вязняў яўрэйскага гета. У баях з гітлераўцамі загінулі 66 савецкіх воінаў і партызан. Мемарыяламі ўвекавечылі памяць ахвяр вайны.

У 2008 годзе вёска Першамайская атрымала статус аграгарадка.


ЯСНЫМ майскім ранкам хуткі цягнік за тры з паловай гадзіны прыімчаў са сталіцы да чыгуначнага вакзала ў Бярозе. Да Першамайскай, куды мяне паклікала чарговая вандроўка, дапамог дабрацца з райцэнтра механік ААТ «Аграфірма Малеч» Валянцін Троцкі. У аграгарадку таксама ёсць чыгуначная станцыя Бяроза-Картузская, але не ўсе пасажырскія саставы там прыпыняюцца. Хутка вые­ха­лі з залітай сонечнымі пром­нямі гарадской вуліцы на аўтатрасу, паабапал якой да ваколіц райцэнтра падступалі новабудоўлі. Пышна квітнеючым садам паў­стаў аграгарадок Першамай­ская. З-за белага вэлюму кве­це­ні па-святочнаму выгляда­юць прысадзістыя дамы з па­фар­ба­ванымі ў яркія колеры аконнымі рамамі. Па вуліцы з арыгінальнай назвай Балканы пад’ехалі да аднапавярховага будынка сельвыканкама, што насупраць белакаменнай сярэдняй школы.

У кіраўніка мясцовай улады Людмілы Паследняй пацікавіўся, адкуль такая назва вуліцы? Усё проста: узвышаная ваколіца былой вёскі Блудзень падобная на еўрапейскія Балканы.

Старшыня сельвыканкама Людміла ПАСЛЕДНЯЯ і кіраўнік спраў Алена РАВЕНЬКА.

Ад тутэйшых пачуў шмат цікавага пра гісторыю аграгарадка. Асабліва ўразілі расповеды старасты Першамайскай Сяргея Барушкі, сустрэцца з якім параілі ў сельвыканкаме.

Па вузкай выцягнутай паў­кругам вуліцы пад’ехалі да дома старасты. З падворка насустрач бадзёра падышоў каржакаваты сярэдняга росту гаспадар. Павітаўся, расказаў пра сваё жыццё. Да выхаду на пенсію амаль тры дзесяцігоддзі вадзіў грузавыя саставы па чыгунцы. У мінулым годзе аўдавеў. Дзеці раз’ехаліся. Сам упраўляецца з агародам і невялікім садам. Не застаецца ўбаку і ад грамадскіх абавязкаў. На пачатку гэтага года яму даручылі стараства ў аграгарадку Першамайская. Сяргей Васільевіч адразу ўзяўся за справу. З першых вясновых дзён стаў наводзіць па­ра­дак у грамадскіх мес­цах. Як толькі пацяплела, арга­нізаваў людзей на ўбор­ку могілак. На сабраныя жыхарамі аграгарадка добраахвотныя ахвя­ра­ван­ні закупіў фар­бу для асвяжэння ага­роджаў. На кветніках высадзілі ра­са­ду, упа­рад­кавалі газоны.

Дырэктар Дома культуры Людміла ЗАВАДЗІЧ, стараста аграгарадка Першамайская Сяргей БАРУШКА і мастацкі кіраўнік Ала АНТОНЧЫК.

Вандруючы з Сярге­ем Васільевічам па аграгарадку, слухаў яго расповеды пра надзённыя клопаты, здзіўляўся глы­­бо­­кім веданнем гіс­то­­рыі гэтых мясцін, дзе вякамі жылі яго продкі. Уразіла паданне пра назву Бяроза-Картузская. Восенню 1812 года пасля паражэння на Барадзінскім полі французскае войска спешна адступала пад націскам рускіх фарміраванняў. Уперадзе арміі спешна ўцякаў Напалеон. Непадалёку ад рэчкі Ясельды ён загадаў сваёй свіце спыніцца на перадых. Толькі атабарыліся пад бярозамі, як паведамілі пра набліжэнне рускіх коннікаў. Збянтэжаны імператар кінуўся наўцёкі і ў спешцы забыў пад бярозай свой картуз. Тое месца так і завецца Бяроза-Картузская.

Ветэран працы Анатоль БАБРАВІЦКІ.

Узгадаў стараста аграгарадка пра Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, створаны ў гэтых мясцінах на пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя па загадзе ўрада буржуазнай Польшчы. Утрымлівалі ў ім палітычных вязняў. Праз лагер прайшло звыш трох тысяч актывістаў этнічных меншасцей — беларусаў, украінцаў, рускіх, яўрэяў.

Цікавіць Сяргея Барушку перспектыва архітэктурнага ан­самб­­ля ў стылі барока, ак­ру­жа­­на­га здзічэлым пар­кам побач з аграгарадком. Тры з паловай стагоддзі мураваным з чырвонай цэглы сценам былога картэзіянскага манастыра, збудаванага італьянскімі дойлідамі. За­ха­ваўся чарцёж ан­самб­­ля з кляштарам, бі­­блі­­ятэкай, трапезнай, шпіталем, аптэкай, кел­лямі, гаспадарчымі па­бу­до­вамі. Як і гэты помнік архітэктуры, доўгі час ста­яў паўразбураным ка­ля суседняга Косава ў Ма­ра­чоўшчыне палац Пус­лоў­скіх. Побач адна­ві­лі дом-сядзібу сусвет­на вядомага беларуса Анд­рэя Тадэвуша Ба­на­вен­тура Касцюшкі. А потым знайшлі сродкі на рэстаўрацыю палаца. Сю­ды едуць турысты з уся­го свету.

Медсястра Таццяна БАРУШКА.

Пра аднаўленне гіс­та­рыч­ных муроў каля аграгарадка Першамайская марыць не толькі стараста Сяргей Барушка. Ганарыцца ён тым, што на чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская пасля вядомага арктычнага пералёту ў Амерыку праездам спыняўся і выступаў перад мясцовымі жыхарамі ле­ген­дар­ны лётчык Валерый Чка­лаў. Побач з чыгуначным вакзалам яму ўсталяваны помнік.

З дырэктарам сярэдняй шко­лы Ігарам Зя­лён­кам за­ві­та­лі ў школьны кра­язнаў­­чы музей, якім кіруе нас­таў­ні­ца Галіна Талынёва. Экс­па­зі­цыя прысвечана гісторыі вё­сак сельсавета, вядомым зем­ля­кам. Сабраны ўнікальны матэрыял пра земляка — прафесара, аўтара даследаванняў па гісторыі дарэвалюцыйнай Беларусі Васіля Друшчыца.

Дырэктар сярэдняй школы Ігар ЗЯЛЁНКА з выхаванцамі.

Намеснік дырэктара школы Ала Іваноўская з гонарам распавядала пра члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР, вучонага ў галіне распрацоўкі новых матэрыялаў і тэхналогій Пятра Віцязя. Яго малая радзіма — былы Блудзенскі хутар. Пётр Аляксандравіч наведваецца ў родныя мясціны, выступае перад землякамі, не мінае роднай школы. Экспазіцыю музея папоўнілі падораныя ім унікальны альбом «Скарбы Беларусі», макет першага беларускага касмічнага спадарожніка, у распрацоўцы якога прымаў удзел Пётр Віцязь.

Педагогі Галіна і Вольга ТАЛЫНЁВЫ, Ала ІВАНОЎСКАЯ і Галіна ПАЎЛОВІЧ.

Захоўваюцца ў музеі ары­гі­наль­­ныя дакументы, фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі сельсавета няма ўжо франтавікоў. Непаўналетнія вязні фашызму Алена Барабаш, Уладзімір Гарноўскі, Марыя Клі­мо­віч жывуць у аграгарадку, Вольга Чыж і Аляксандра Кісель — у вёсцы Жычын.

90-ГАДОВАЯ Глафіра Бухалава, якая дапамагала фронту ў тыле, сустрэла на ўтульным падворку на вуліцы Ясінскага. У невялікім дворыку за драўляным парканам брынчэў ланцугом дварняк. Каля хлеўчыка корпаліся пярэстыя куры. У агародчыку акуратна апрацаваныя грады, усыпаныя яблыневай квеценню.

Ветэран вайны і працы Глафіра БУХАЛАВА.

Прыселі на прызбе. Глафіра Сямёнаўна ўзгадала юнацтва, калі суткамі працавала для фронту ў майстэрні, разам з дарослымі капала акопы ў прыфрантавой паласе. Стараліся для перамогі над лютым ворагам.

Узгадала, як радаваліся яны з сяброўкамі па тыле радыёпаве­дам­­лен­­ням пра вызваленне ад гіт­­ле­­раўцаў гарадоў і вёсак. Сля­за­мі радасці заліваліся ў дзень Вя­лі­кай Перамогі. І сёння, праз дзе­ся­ці­годдзі, гэтае свята ў яе самае галоўнае.

Бібліятэкар Алена БАНДАЛЕТ і юная чытачка Ксенія ХОДАН.

У Першамайскую з Кастрамской вобласці Глафіра Сямёнаўна пераехала дзесяць гадоў таму. Тут у школе настаўнічаў яе сын Аляксандр Бухалаў, на чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская працуе ўнук Барыс, падрастаюць два праўнукі.

Напярэдадні свята завітаюць з віншаваннямі да Глафіры Сямёнаўны, як і да малалетніх вязняў фашызму, работнікі сельвыканкама. Школьнікі ў Дзень Перамогі пройдуць па вуліцах райцэнтра з партрэтамі дзядоў і прадзедаў у святочнай калоне «Беларусь памятае». Канцэртную праграму рыхтуе мастацкі кіраўнік Дома культуры Ала Антончык.

Вернікі памянуць ахвяр вайны на святочным набажэнстве ў царкве Мікалая Цудатворца. Каля храма нас чакаў святар Георгій Прышчэпаў. Расказаў ён, што змураваная ў 1903 годзе царква перажыла разбурэнні. Нейкі час тут было збожжасховішча. Мясцовыя жыхары, кіраўніцтва камбікормавага завода, КУСП «Бярозаўскі», чыгуначнай станцыі фінансамі дапамагаюць надаць гістарычнаму будынку належны выгляд. Спецыялісты зладзілі галоўны купал, які плануецца летам усталяваць. Побач з храмам адрамантаваны будынак хрысцільні.

Настаяцель храма Мікалая Цудатворца айцец Георгій ПРЫШЧЭПАЎ.

Справы аграгарадка і яшчэ сямі населеных пунктаў факусіруюцца ў сельвыканкаме. Да самай аддаленай вёскі Жычын амаль два дзясяткі кіламетраў. Старшыня сельвыканкама Людміла Паследняя і кіраўнік спраў Алена Равенька ледзьве паспяваюць усюды пабываць, сустрэцца з жыхарамі. Пастаянную сувязь трымаюць праз стараст.

Шмат клопатаў кіраўніцтву сельвыканкама надаюць садовыя таварыствы, якіх на тэрыторыі дзесяць. Два плануецца закрыць, бо там зямельныя ўчасткі не выкарыстоўваюцца, зараслі пустазеллем.

Радуе старшыню сельвыканкама, што попыт на сядзібы пад індывідуальную забудову высокі. Пастаянна ладзяцца аўкцыёны па продажы зямельных надзелаў, і ўсе ўчасткі раскупляюцца. Цана трымаецца высокая. Нават у аддаленых вёсках узводзяцца новыя дамы. Маладая сям’я Кацярыны і Ігара Мацкевічаў будуе дом у вёсцы Цехны. Пазыку ў банку не бралі, бо надта высокая працэнтная стаўка. Сваякі дапамагаюць на будоўлі. Гаспадар працуе на буракапрыёмным пункце, а жонка — прадаўцом. У іх двое дзетак.

Рабочы буракапрыёмнага пункта Ігар МАЦКЕВІЧ.

НОВЫМI падворкамі прырастаюць аграгарадкі Першамайская і Кабакі. Пасля чарнобыльскай катастрофы сюды перасяліліся сем’і з забруджаных вёсак Нараўлянскага раёна. На тэрыторыі сельсавета няма пакінутых падворкаў. Гараджане выкупляюць іх і ўзводзяць сучасныя катэджы. Рашэннем райвыканкама на ўскрайку Першамайскай выдзелены зямельны масіў для забудовы 240 сядзіб.

Расце колькасць выхаванцаў у дзіцячых садках і сярэдніх школах сельсавета. Многія маладыя вяскоўцы едуць на працу ў райцэнтр, да якога пастаянна курсіруе рэйсавы аўтобус. Жадаючыя працаваць на зямлі бяруць у арэнду па некалькі гектараў і вырошчваюць гародніну, ягады, бульбу. У населеных пунктах на аўтамашыне збіраюць малако для перапрацоўкі ў Бярозаўскім філіяле ААТ «Савушкін прадукт».

Урадлівымі палямі сталі былыя балоты, якія перасякаюць аўтатрасы. Не зблудзіць цяпер каля былой вёскі Блудзень. Яна стала прыгожым сучасным аграгарадком, і хочацца верыць, што будзе сапраўднай Меккай для турыстаў.

Бярозаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter