Першамай і таямніцы плошчы Незалежнасці

Перад вамі — адзін з самых першых каляровых фотаздымкаў у нашай краіне. У савецкіх газетах 1952 года нават чорна-белыя фота- здымкі сустракаюцца не ў кожным нумары. Вам цікава вярнуцца на пяцьдзесят пяць год таму і ўбачыць, якія будынкі былі на рэканструяванай зараз плошчы Незалежнасці і як праходзілі парады і дэманстрацыі ў той час? Калі ласка, мы гатовы расказаць.

Большасць фота таго часу — сімвалічна чорна-белыя, але жыццё чалавека і ў савецкі час не зводзілася да аднабаковага ўхвалення ідэй камунізму і барацьбы за выкананне лозунгаў, а мела свае яркія колеры і адценні.  І хоць Першамай можна лічыць сродкам прапаганды ідэалогіі, доўгія гады беларусы з радасцю сустракалі гэтае свята і адчувалі праз яго сваю еднасць з цэлым светам. Хто ведае, пра што былі думкі 250 тысяч людзей, якія прайшлі ў той дзень па прыбраных вуліцах любімай сталіцы, дзе яшчэ не ўсе дамы былі адбудаваны, аднак ўжо зацвілі ліпы і зазвінела веснавая першамайская песня? Магчыма, як і сёння, як будзе і праз дзесяць год, нехта марыў пра вячэрнюю сустрэчу з каханым чалавекам, а хтосьці думаў, як паедзе наведаць бацькоў у родную вёску, дзе так прыгожа ахінула яблыні белая квецень... З заміраннем сэрца слухалі людзі каля рэпрадуктараў бой Крамлёўскіх курантаў у сэрцы вялікай Радзімы — Маскве, дзе таксама пачынаўся парад.
Школьнікі на фота нясуць голуба Міру. Хіба састарэлі мары дзяцей аб спыненні войнаў, хіба стала меншай пагроза Трэцяй сусветнай вайны сёння? У артыкуле тагачаснай газеты знайшлося вельмі трапнае апісанне гэтай калоны дэманстрантаў: “Цудоўны вясновы сад... “ Юныя мінчане трымалі ў руках галінкі яблынь, а таксама жывых галубоў, якіх адпускалі ляцець ў празрыста-блакітнае майскае неба.
Пасля вайны будаўнікі Мінска і Сталінграда вялі сацыялістычнае спаборніцтва і газеты асвятлялі, каму лепш удаецца ўзнаўляць з руін родны горад. Тагачасную сталіцу Беларусі газеты называлі  вялікай будаўнічай пляцоўкай, дзе штогод узводзілася больш за 300 новых будынкаў. Я звярнулася да дацэнта кафедры архітэктуры жылых грамадскіх будынкаў БНТУ Вячаслава Чарнатава з просьбай параўнаць маштабы будаўніцтва Мінска пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя і сённяшнія. “Гэта неба і зямля! Не забывайцеся, што адразу пасля вайны ў Мінску дзейнічала рэгламентацыя колькасці паверхаў — не больш за чатыры-пяць. Магчыма, гэта было выклікана імкненнем зэканоміць”, — патлумачыў сваё меркаванне спецыяліст.
Што ж уяўляла сабой плошча Незалежнасці падчас святкавання Першамая  пяцьдзесят пяць гадоў таму?
У сэрцы сталіцы
Плошча Леніна была на той час галоўнай у сталіцы БССР , менавіта тут адбываліся ўрачыстыя парады і народныя гулянні. Выглядаў горадабудаўнічы ансамбль плошчы зусім па-іншаму. Паводле слоў Вячаслава Чарнатава, да нашых дзён захаваліся толькі пяць будынкаў, якія ў 1952 годзе размяшчаліся па перыметры плошчы. Першы — Дом урада, які цудам уцалеў падчас вайны і быў ледзь не ўзарваны немцамі ў апошнія гадзіны перад вызваленнем Мінска. Другі — Чырвоны касцёл, які ў пачатку 60-х планавалі разабраць і зрабіць з чырвоных цаглінак шырокафарматны кінатэатр. З касцёлам св. Сымона і Алены таксама звязана яшчэ адна “фотагісторыя”. На чорна-белых фотаздымках, зробленых фотакарэспандэнтам газеты “Мінская праўда” першага мая 1952 года і апублікаваных чацвёртага, крыжоў над Чырвоным касцёлам няма. Між тым, галоўны архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Генадзь Дубатоўка звярнуў маю ўвагу на тое, што на адным з каляровых фотаздымкаў першамайскага парада крыжы на касцёле былі. Рэтуш у газеце або чорна-белая плёнка не зафіксавала крыжы, а дамалёўваць карэспандэнты не сталі? За тлумачэннем я звярнулася да ксяндза-магістра прыхода мінскага Чырвонага касцёла Уладзіслава Завальнюка: “Прыкладна ў 1931—1933 гадах каменныя крыжы з касцёла знялі. У 1941 годзе, калі прыйшлі немцы, людзі ўзнавілі крыжы, праўда, яны былі каваныя. Да 1955 года гэтыя крыжы былі на касцёле, а потым іх зноў знялі”.  Такім чынам, узноўленыя каляровыя фотаздымкі больш адпавядаюць праўдзе, чым газетная паласа таго часу.
На плошчы Леніна акрамя вышэйназваных будынкаў у 1952 годзе былі таксама два дарэвалюцыйныя даходныя дамы, якія захаваліся  да гэтага часу і знаходзяцца справа ад касцёла. Пяты ж будынак, пра які распавёў Вячаслаў Чарнатаў, зараз на плошчы мы не бачым — ён схаваны ў двары БДПУ імя Танка. Гэта былы галоўны корпус БДУ, які пасля вайны быў перададзены Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму універсітэту. Па словах Вячаслава Чарнатава, невысокі будынак працы архітэктара Заборскага быў багата аздоблены арнаментамі ў нацыянальным стылі, у нішах дома стаялі скульптуры беларускіх дзеячаў навукі і культуры. Там, дзе зараз знаходзіцца галоўны корпус БДУ, інжынерны корпус  Метрапалітэна і будынкі Мінгарвыканкама, стаяла некалькі драўляных пабудоў Белдзяржуніверсітэта і медыцынскага інстытута.  А пасярод плошчы насупраць Дома ўрада размяшчаўся вельмі прыгожы даходны дом Кастравецкай, пабудаваны яшчэ да рэвалюцыі. Магчыма, зараз пад гэтым самым месцам знаходзіцца гандлёвы цэнтр “Сталіца”. У пасляваенны час у доме Кастравецкай размяшчаўся гастраном і некалькі іншых магазінаў. Па словах майго суразмоўцы, спачатку планавалася перанесці гэты дом з цэнтра плошчы на месца будынкаў універсітэта, аднак у канцы
50-х вельмі спяшаліся падрыхтаваць плошчу да нейкага свята і проста разбурылі гэты унікальны будынак, аформлены ў неакласічным стылі.
Байкі старога Мінска
Вячаслаў Міхайлавіч успамінаў, як у пяцідзесятыя гады за Чырвоным касцёлам размяшчалася фабрыка-кухня, і ўсе студэнты бегалі туды есці. “Гэта быў сапраўдны эпіцэнтр студэнцкага агульнахарчу”, — з усмешкай расказвае субяседнік. За Домам урада і касцёлам (у цэнтры сталіцы!) у той час быў прыватны сектар, нават з садамі. Гасцініца “Мінск” з’явілася на карце сталіцы пазней — у 1957-м, а ў 1952 годзе галоўная магістраль горада —вуліца Совецкая (так пісалі газеты 1952 года) — улівалася ў плошчу Леніна крыху раней. Падчас фашысцкай акупацыі ў раёне сучаснай гасцініцы “Мінск” немцы пабудавалі кінатэатр. Яго драўляны будынак з элементамі псеўдаготыкі прастаяў да сярэдзіны пяцідзесятых. Уваход у “Першы” (так называўся кінатэатр) быў з вуліцы Валадарскага. “Як расказвалі старыя жыхары Мінска, — апавядае Вячаслаў Чарнатаў, — немцы таксама пачалі будаваць побач з кінатэатрам рассоўны басейн, нават прывезлі уніфікаваныя канструкцыі, але да канца справа даведзена не была”. 
Спачатку здаецца, што чырвоны будынак на першым плане фотаздымка — гасцініца “Мінск”, але мы ўжо ведаем, што яе пачалі ўзводзіць пазней. З дапамогай вучоных і сучаснай карты Мінска, а таксама “камандзіроўкі” на месца падзей удалося высветліць, што гэта — на той час не завершаны будынак жылога дома, у якім зараз размешчаны кінатэатр “Цэнтральны”, а таксама ювелірны магазін “Чараўніца” і тэатральна-канцэртная каса. У адміністрацыі не так даўно адрэстаўрыраванага кінатэатра мне паведамілі, што яго будоўля ішла ў 1950—1954 гадах. Захаваліся і два дамы відавочна дарэвалюцыйнай пабудовы, якія вы бачыце на архіўным фотаздымку. Будынак па Валадарскага, 12 — знакаміты “Дом з пілястрамі” — прыклад даходнага дома, які багаты ўладальнік будаваў, каб здаваць кватэры не менш заможным людзям. Будынак (на фота злева) быў створаны ў пачатку
XX стагоддзя ў стылі мадэрн. Як сведчаць некаторыя гістарычныя крыніцы, раней дом парадным фасадам выходзіў на рог вуліц Савецкай і Валадарскага, а потым атэль “Мінск” “адцясніў” дом з пілястрамі ад праспекта. Аднак да гэтага часу дзякуючы першапачатковай манументальнасці і багатаму дэкору будынак іграе важную ролю ў структуры вуліцы. Зараз ён адрэстаўраваны з выкарыстаннем сучасных нямецкіх аздобных матэрыялаў і мае персікавы колер. Поўнасцю ўзноўлены найменшыя дэталі, у тым ліку пілястры са складанымі капіцелямі на ўзроўні другога і трэцяга паверхаў, ляпны раслінны арнамент. У доме размяшчаюцца аптэка, цырульня, а таксама праўленне Беларускага таварыства глухіх. У доме, які прымыкае да чырвонага будынку на фота, — Валадарскага, 9 — зараз знаходзіцца Мінскі аблспажыўсаюз, а таксама некалькі кафэ і турфірмаў. 
Нагадаю, што рэканструкцыя плошчы Незалежнасці на сёння яшчэ не скончана. Цікава, як яна будзе выглядаць яшчэ праз пяцьдзесят пяць гадоў...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter