«Перш за ўсё спадзяюся на сябе…»
16.12.2011 16:24:39
Даярка з Шумілінскага раёна Валянціна Багданава ўзнагароджана абласной прэміяй імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.
ПАСЛЯ працоўнага дня Валянціна Сяргееўна прысела на хвілінку на канапу. Тут жа да яе падбегла пяцігадовая Алёна, абшчапіла за шыю, пацалавала, гучна аб’явіла: «Мая мама!» Неўзабаве з суседняга пакоя затэпалі маленькія ножкі. Гэта двухгадовая Саша бегла да матулі. З рэўнасцю паглядзела на сястрычку і заявіла: «Гэта мая мама!» Валянціна Сяргееўна ўсміхнулася: «І твая, Алёнка, і твая, Сашачка. Усіх вас люблю». У пакоі былі і старэйшыя дзеці — дзевяцікласніца Маша і шасцікласнік Уладзік. Яны ўжо не раўнуюць матулю, бо ведаюць: усіх яна любіць аднолькава.
Маці стараецца выхоўваць дзяцей так, каб яны раслі дружнымі, гатовымі падставіць адзін аднаму плячо, не цураліся цяжкасцей.
Пытаемся, як выжывае сям’я ў матэрыяльным плане. «Нармальна, мы не прывыклі да раскошы, — гаворыць гаспадыня. — У мяне заробак летам даходзіў да двух мільёнаў. Да школы сабраліся годна».
Сям’я Багданавых мае свой агарод. Валянціна Сяргееўна гаворыць, што перш за ўсё спадзяецца на сябе, а ўжо потым на дзяржаву. Вельмі ўдзячна за тое, што кіраўніцтва райаграсэрвісу выдзеліла сям’і новы дом. Тут у старэйшых і малодшых дзяцей па асобным пакоі, светлым і прасторным.
Марыя СЕЛЮЦЕНКА
Фота аўтара