«Перастань, пані, плакаць! Маеш калгас, маеш касцёл, маеш святара, маеш Прэзідэнта, а цяпер яшчэ – і Папу...»,

ВЫПАДАК, аб якім пойдзе гаворка, настолькі неверагодны, што ў яго цяжка паверыць. Але ёсць гэтаму шмат сведкаў і выяўны каляровы фотаздымак. Каб пабачыць Папу Рымскага, у Ватыкан сцякаюцца дзясяткі, а то і сотні тысяч паломнікаў з усяго свету. І толькі рэдкім адзінкам удаецца трапіць да яго на аўдыенцыю. Тым не менш нават парадаксальна, што гэтага дабілася ў свой час не хто-небудзь, а былы сакратар партарганізацыі, старшыня калгаса «Перамога» Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Алена ДЗЯГЕЛЬ, ці не адзіная жанчына з Беларусі за ўсю шматвяковую гісторыю Ватыкана. Сама яна аб гэтым ўспамінае так.

або Гісторыя пра тое, як у Ватыкане асабіста Іаан Павел ІІ благаславіў калгас «Перамога», што на Глыбоччыне, і яго старшыню Алену Дзягель

ВЫПАДАК, аб якім пойдзе гаворка, настолькі неверагодны, што ў яго цяжка паверыць. Але ёсць гэтаму шмат сведкаў і выяўны каляровы фотаздымак. Каб пабачыць Папу Рымскага, у Ватыкан сцякаюцца дзясяткі, а то і сотні тысяч паломнікаў з усяго свету. І толькі рэдкім адзінкам удаецца трапіць да яго на аўдыенцыю. Тым не менш нават парадаксальна, што гэтага дабілася ў свой час не хто-небудзь, а былы сакратар партарганізацыі, старшыня калгаса «Перамога» Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Алена ДЗЯГЕЛЬ, ці не адзіная жанчына з Беларусі за ўсю шматвяковую гісторыю Ватыкана. Сама яна аб гэтым ўспамінае так.

– 22 ЧЭРВЕНЯ 1999 года — самая яркая дата ў маім жыцці. У гэты дзень я атрымала благаславенне ад Папы Рымскага Іаана Паўла II. А выйшла гэта наступным чынам.

У нашым калгасе і жыллё будавалі, і зарплата, нераўнуючы, значна большая была, чым у іншых. Але прыкмеціла я, што людзям усё роўна нечага не хапала. Паціху прыйшла да высновы, што не трэба пераацэньваць матэрыяльныя каштоўнасці. Трэба памятаць, што на гэтым свеце мы — часова. І за ўсё зло давядзецца плаціць, як аплочваецца і дабро. Людзі ўсяго свету не адвярнуліся ад Бога і жывуць з Богам. Мы ж былі як абкрадзеныя. У нашым калгасе «Перамога» не было ні царквы, ні касцёла. І тады за сродкі гаспадаркі, а таксама прыхаджан мы адчынілі спачатку каталіцкую капліцу, а неўзабаве і праваслаўную царкву. Людзі былі вельмі задаволеныя. Стала збірацца на малебен шмат народу, асабліва ў святы.

І вось аднойчы прыехаў да нас ксёндз, прафесар семінарыі, пабачыў, што мы зрабілі для духоўнага адраджэння, і спытаў у мяне:

— Чым я вас магу аддзячыць за ўсё гэта?

— Хіба што малітвай, — адказваю.

— Якая ў вас самая запаветная мара ў жыцці? — цікавіцца ён.

— Пабываць на Святой зямлі, у Іерусаліме. А таксама трапіць у Рым, Ватыкан. Астатняе ўжо ёсць у жыцці: работа, дом, дзеці.

Ён узяў пра мяне біяграфічную даведку і больш нічога не сказаў. І якая ж была нечаканасць, калі я неўзабаве атрымала запрашэнне на вучобу ва ўніверсітэт хрысціянскай культуры пры Доме Іаана Паўла II у Ватыкане. Вучоба гэта працягвалася з 16 чэрвеня па 6 ліпеня. Мне пашчаслівілася наведаць самыя знакамітыя мясціны Італіі: руіны Пампеі, горада, які быў пахаваны разам з жыхарамі пад вогненнай попельнай лавай, а таксама рымскія катакомбы, дзе знаходзілі свой апошні прытулак першыя хрысціяне, базіліку Святога Пятра, дзе часта адпраўляў імшу Папа Рымскі Іаан Павел II.

НУ А САМЫ памятны дзень, самы яркі на ўсё жыццё — 22 чэрвеня 1999 года. У мяне якраз у гэтую дату — дзень нараджэння. Дык вось, падыходзіць да мяне дырэктар універсітэта, віншуе і кажа: «Алена, сёння атрымаеш благаславенне Папы, намечана аўдыенцыя вашай групы».

У нашай групе было чалавек трыста. Раніцай павіншавалі мяне з днём нараджэння, праспявалі «Сто лят», а ў поўдзень я атрымала гэта сенсацыйнае паведамленне аб аўдыенцыі.

Усім трэба было ісці пераапранацца, таму што ў базіліцы можна з’яўляцца толькі ў сціплым адзенні.

Папа Рымскі прыняў нас у 5 гадзін. У мяне быў незвычайны, я б сказала, нейкі звышнатуральны душэўны стан. Я не магу выказаць гэта словамі. І калі б мне сказалі, што вось, ты атрымаеш благаславенне і памрэш або не атрымаеш, але будзеш самым шчаслівым чалавекам на зямлі», то я, напэўна, выбрала б першае.

Было вельмі шмат людзей. Мы — самыя апошнія ў чарзе. Да мяне падышоў дырэктар універсітэта і сказаў:

— Пані Алена, ты станеш тут, наперадзе!

У нашай групе захваляваліся, што я — самая высокая, і з-за мяне не ўсё будзе бачна. Але я апусцілася на калені. Мне далі зразумець, што да мяне хутка падыдзе Папа Рымскі. У мяне градам пасыпаліся слёзы радасці, што я магу да яго нават дакрануцца, і ён на самай справе мяне благаславіць.

Яшчэ ў першы дзень нашага прыезду ва ўніверсітэт нам было зададзена пытанне: «Мэта наведвання?» У мяне было адно жаданне: атрымаць благаславенне ад Слугі Божага, ад Папы, на сваю Беларусь, на свой народ.

Але, калі Папа спыніўся ля мяне і спытаў: «Чаго, пані, плача?», я не магла вымавіць ніводнага слова. За мяне адказаў дырэктар універсітэта:

— Яна прыехала папрасіць у вас благаславення на Беларусь!

— Так, я благаслаўляю Вашу Беларусь! Я ведаю вашу рэспубліку!

І потым больш непасрэдна:

— Пані, і ўсё ж, чаго ты плачаш? Можа, не ўмееш маліцца? Можа, не маеш работы?

І калі я нарэшце трохі прыйшла ў сябе і сказала, што працую ў калгасе, ён здзівіўся:

— А што, у вас яшчэ ёсць калгасы?!

І ўрачыста прамовіў:

— Благаслаўляю вашу работу, ваш калгас і ўсіх людзей Беларусі!

Пацікавіўся потым справамі духоўнымі. Калі паведала яму пра капліцу і царкву, шчыра абрадаваўся. На развітанне заўважыў з гумарам:

— Перастань, пані, плакаць! Маеш калгас, маеш касцёл, маеш святара, маеш Прэзідэнта. А цяпер — і Папу Іаана Паўла II.

Усе засмяяліся. У мяне ўмомант высахлі слёзы. Размова была хвіліны дзве з паловай, як потым мне сказалі, але ж яны праляцелі як адно імгненне. Больш за тое, я ніяк не магла паверыць, што ўсё гэта было наяве, пакуль не атрымала фотаздымак аб аўдыенцыі ў Папы Рымскага.

І яшчэ адна акалічнасць. Я дрэнна гавару па-польску, і толькі пасля сцяміла, што размаўляла з Папам на сваёй роднай мове, беларускай. І ён добра разумеў мяне.

Пасля аўдыенцыі ў Папы рэзка памяняліся адносіны да мяне ўсіх удзельнікаў групы. Раней, акрамя літовак, ніхто не заўважаў мяне. Маўляў, беларуская калгасніца, сёмы сорт. Цяпер жа кожны, з Амерыкі, Канады, Германіі, Англіі, Швейцарыі, імкнуўся пазнаёміцца, сказаць нешта прыемнае, патрымацца за тое месца на мне, дзе дакрануўся Іаан Павел II.

Усіх турбавала адно пытанне:

— Чаму гэта Папа размаўляў толькі з вамі?

— У яе сёння дзень нараджэння. Таму — яе шчасце! — спрабаваў падказаць дырэктар універсітэта.

Але такое тлумачэнне не ўсіх задаволіла. Ад мяне не адставалі. І тады я выказалася:

— Ісус Хрыстос нарадзіўся не ў палацах, а ў яслях для жывёлы. Ён выбраў асяродак простых бедных, але сумленных людзей — пастухоў. Я лічу, што і Папа Рымскі сёння ў маёй асобе благаславіў нашу шматпакутную Беларусь, якая больш за ўсіх цярпела ад войнаў, а цяпер і ад Чарнобыля.

Наступіла маўчанне, якое парушыў ёмкімі словамі ксёндз:

— Напэўна, так яно і ёсць!

У мяне сталі браць адрасы. Кожны жадаў больш даведацца пра Беларусь. І цяпер мне шлюць лісты з розных краін. Запрашаюць прыехаць.

АЛЕНА Дзягель за плённую працу на пасадзе старшыні калгаса «Перамога» Глыбоцкага раёна ўзнагароджана ордэнамі Дружбы народаў і «Знак Пашаны». Пасля выхаду на пенсію была гаспадыняй Дома Іаана Паўла II «Яднанне» на Байкале, дзе адпачывалі вернікі розных рэлігій з усяго свету. Цяпер жыве ў вёсцы Аколіца ля Раўбіч, пад Мінскам. Пакуль вырашаецца пытанне з адкрыццём касцёла ў Раўбічах, занятага пад музей, палову свайго невелікага драўлянага дома аддала пад хатнюю царкву.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота з сямейнага архіва Алены ДЗЯГЕЛЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter