Пераняць вопыт

Міншчыну наведала дэлегацыя кітайскай правінцыі Гуандун

Міншчыну з чарговым афіцыйным візітам наведала дэлегацыя кітайскай правінцыі Гуандун

На бізнес-канферэнцыі, што прайшла ў рамках візіту, бакі абмеркавалі асноўныя напрамкі далейшага развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. У час прэзентацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка Мінская вобласць прапанавала кітайскай правінцыі ўвайсці ў склад заснавальнікаў гэтага маштабнага праекта.

«Вельмі лагічна ажыццяўляць яго рэалізацыю з нашым стратэгічным партнёрам з КНР у асобе правінцыі Гуандун. Таму хачу прапанаваць разгледзець наша запрашэнне аб ўваходжанні ў сузаснавальнікі ЗАТ «Кітайска-беларускі індустрыяльны парк» і далейшым супрацоўніцтве ў гэтым напрамку. Мінскі абласны выканаўчы камітэт з’яўляецца асноўным акцыянерам у гэтым закрытым акцыянерным таварыстве з боку Беларусі», — сказаў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

Яшчэ напярэдадні бізнес-канферэнцыі бакі правялі перамовы. З кітайскага боку ў іх удзельнічаў кіраўнік дэлегацыі правінцыі Гуандун, генеральны дырэктар упраўлення знешняга гандлю і эканамічнага супрацоўніцтва Лян Гуйсюань. Як падкрэсліў Аляксандр Турчын, для Беларусі надзвычай важны вопыт кітайскіх калег і партнёраў у развіцці індустрыяльных паркаў, таму Мінскі аблвыканкам надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з гэтай правінцыяй.

Як запэўніваў Лян Гуйсюань, кіраўніцтва правінцыі Гуандун у цэлым падтрымлівае намер кітайскіх кампаній інвеставаць за мяжу, уключаючы і беларускія праекты. Ён выказаў спадзяванне, што інвестыцыі ў нашу краіну стануць цікавым накірункам знешняга гандлю, і агучыў зацікаўленасць Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам. «Месца знаходжання парка, транспартная інфраструктура даюць немалыя перавагі для далейшага руху інвестараў на новыя рынкі», — падкрэсліў кіраўнік дэлегацыі.

Зараз адносіны паміж Мінскай вобласцю і правінцыяй Гуандун развіваюцца дынамічна і робяцца ўсё больш моцнымі. Гэтая кітайская правінцыя лічыцца лакаматывам развіцця эканомікі ў КНР. У цэлым жа, за першы квартал бягучага года знешнегандлёвы абарот Мінскай вобласці з Кітаем склаў 298,9 млн. долараў ЗША, што ў 2,4 раза больш, чым у аналагічным мінулагоднім перыядзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter