З Гран-пры вярнуўся тэатр эстраднай песні «Хвілінка» з міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Востраў мастацтваў-2016»

Пераможцы не на хвілінку

З Гран-пры вярнуўся тэатр эстраднай песні «Хвілінка» з міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Востраў мастацтваў-2016», які прайшоў у Балгарыі. Нашы юныя артысты сталі лепшымі сярод вакальных ансамбляў і сола-выканаўцаў з шасці краін.



У фестывалі прымалі ўдзел дзіцячыя вакальныя і харэаграфічныя ансамблі, хары, эстрадныя студыі. Канкурсанты спаборнічалі ў намінацыях «Музыка» і «Харэаграфія», у кожнай з якіх уручаўся Гран-пры, а таксама прызы для сольных выканаўцаў у розных узроставых групах. Выхаванцы «Хвілінкі» былі прадстаўлены ў намінацыі «Музыка», дзе як творчы калектыў заваявалі галоўную ўзнагароду — Гран-пры фестывалю. Акрамя таго, з поспехам выступілі і асобныя артысты: у сярэдняй узроставай катэгорыі першае месца заняла Ірына Гапановіч, а сярод самых юных салістаў (ад 7 да 9 гадоў) першай стала беларуска Ксенія Леўчык.

— Чым раней пачаць займацца з дзіцем, тым відавочней будзе вынік, — лічыць мастацкі кіраўнік «Хвілінкі» Таццяна Трухан. — Нават калі дзяўчынка ці хлопчык пасля не стане артыстам, то ў любым выпадку атрымае ўсебаковае творчае развіццё, яркія ўражанні, убачыць «кухню» прафесіі і здабудзе карысны жыццёвы вопыт. Таму мы запрашаем юныя таленты займацца ў нас па напрамках «вакал» і «харэаграфія», а таксама прапануем камбінаваны варыянт, які ўключае ў сябе абодва гэтыя напрамкі. Па выніках навучання ў падрыхтоўчай групе мы прымаем дзяцей у асноўны склад, удзел у якім бяс-    платны і прадугледжвае актыўную рэпетыцыйную і канцэртную дзейнасць, удзел у конкурсах.

Тэатр эстраднай песні «Хвілінка» ўжо больш за дваццаць гадоў працуе на базе Палаца культуры МАЗ. За гэтыя гады калектыў стаў стартавай пляцоўкай для сотняў творча адораных дзяцей.

Наперадзе ў «Хвілінкі» яшчэ адна хвалюючая падзея. У жніўні адзін з выхаванцаў тэатра — Саша Мінёнак — будзе змагацца за права прадстаўляць нашу краіну на дзіцячым «Еўрабачанні». 13-гадовы хлопчык ужо мае шмат узнагарод розных конкурсаў, з’яўляецца студэнтам Акадэміі папулярнай музыкі Ігара Крутога ў Маскве.

Яна МІЛЕЎСКАЯ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter