Беларусь ужо даўно зарэкамендавала сябе як спартыўная краіна

Перамагаюць мацнейшыя

Беларусь ужо даўно зарэкамендавала сябе як спартыўная краіна. Штогод нашы атлеты дабіваюцца поспеху на спаборніцтвах найвышэйшага ўзроўню і ўваходзяць у дваццатку наймацнейшых з больш як 200 краін, што ўдзельнічаюць у Алімпіядах ды іншых буйных міжнародных турнірах. 


Карта спартыўных аб’ектаў краіны рэгулярна папаўняецца новымі будынкамі, якія адпавядаюць самым сучасным сусветным стандартам, а людзей, што імкнуцца весці здаровы лад жыцця, становіцца ўсё больш. Пакарэнне спартыўных вяршыняў — гэта эфектыўны спосаб падняць прэстыж усёй краіны і прымусіць свет гаварыць пра сябе. І Беларусь узяла гэты спосаб на заметку адразу пасля атрымання суверэнітэту. План працуе: толькі за мінулы год нашы атлеты заваявалі 558 медалёў на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, кубках і першынствах свету і Еўропы, а значыць, прымусілі свет успомніць, дзе на карце знаходзіцца Беларусь.

На шляху да поспеху

Пасля атрымання суверэнітэту ў Беларусі, нягледзячы на сацыяльна-эканамічныя цяжкасці, асаблівая ўвага стала надавацца спорту. Нацыянальны алімпійскі камітэт стварылі яшчэ ў 1991 годзе, першую рэдакцыю Закона “Пра фізічную культуру і спорт” прынялі ў 1993-м. З кожным годам павялічвалася колькасць спартыўных аб’ектаў, у якіх займаліся не толькі прафесійныя спартсмены, але і ўсе аматары здаровага ладу жыцця.  На першай Алімпіядзе, якая праходзіла пасля распаду Савецкага Саюза, беларускія спартсмены выступалі ў складзе аб’яднанай каманды СНД. Упершыню наша каманда прадставіла Беларусь як суверэнную дзяржаву ў 1994 годзе, на Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры. Дэлегацыя была сціплай: усяго 33 спартсмены. Але і яны без медалёў не паехалі — заваявалі два срэбры. Ужо на наступныя Гульні ў Атланце адправіліся 133 прадстаўнікі нашай краіны, якія заваявалі 15 узнагарод. Самы гучны поспех на летніх Гульнях быў дасягнуты ў 2008 годзе ў Пекіне. У медальнай скарбонцы каманды аказалася 19 узнагарод: 4 залатыя, 5 срэбных і 10 бронзавых. На апошняй Алімпіядзе ў Сочы нашы спартсмены ўстанавілі рэкорд па колькасці медалёў, заваяваных на зімовых Гульнях: пяць залатых і адна бронзавая ўзнагарода дазволілі заняць самае высокае ў гісторыі, восьмае, месца ў агульнакамандным медальным заліку. 


Па цаглінцы

Ніводная з гэтых перамог не была б магчымай, калі б Беларусь не мела ўласнай развітой спартыўнай інфраструктуры. Сёння ў краіне працуе больш за 25 тысяч розных фізкультурна-спартыўных аб’ектаў. У кожным абласным цэнтры пабудаваныя палацы спорту і крытыя лядовыя пляцоўкі. Вядзецца будаўніцтва і ў рэгіёнах: у апошнія гады свае дзверы расчынілі лядовыя палацы ў Бярозе, Пінску, Маладзечне, Баранавічах ды іншых гарадах краіны, вяслярная база ў Жлобіне, Палац водных відаў спорту ў Брэсце і яшчэ не адзін дзясятак буйных аб’ектаў. Але самы грандыёзны будынак, узведзены ў Беларусі, які прымусіў па-добраму пазайздросціць нашым атлетам  — шматфункцыянальны комплекс “Мінск-Арэна”. Пабудаваная пяць гадоў назад, яна ўмяшчае 15 тысяч гледачоў і ўключае ў сябе спартыўна-відовішчную арэну, веладром і канькабежны стадыён. Ужо не раз гэты аб’ект станавіўся месцам правядзення найбуйнейшых міжнародных спаборніцтваў і традыцыйна атрымліваў вышэйшыя ацэнкі ад іх удзельнікаў і гасцей. Летась здадзены ў эксплуатацыю і самы сучасны футбольны стадыён у краіне “Барысаў-Арэна”, разлічаны на 13 тысяч гледачоў. Славіцца Беларусь і сваімі трэніровачнымі базамі. Мінулай зімой завяршылася рэканструкцыя рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”, куды на зборы прыязджаюць не толькі беларускія, але і замежныя нацыянальныя каманды і гульнявыя клубы. Карыстаецца папулярнасцю ў прафесійных спартсменаў і размешчаны пад Мінскам Алімпійскі спартыўны комплекс “Стайкі”, і цэнтр падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы, гарналыжныя комплексы “Лагойск” і “Сілічы”, вяслярная база ў Заслаўі.


Гасцінны прыём

Дзякуючы развітасці інфраструктуры і ўвазе дзяржавы да спорту кожны год наша краіна становіцца месцам правядзення ўсё большай колькасці міжнародных спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. Летась мы з годнасцю вытрымалі сур’ёзны экзамен — арганізацыю і правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Матчы турніру наведала рэкордная колькасць балельшчыкаў — 643 434 чалавекі. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пайшоў на беспрэцэдэнтныя меры і падпісаў указ аб бязвізавым уездзе для ўсіх удзельнікаў і гасцей спаборніцтваў. Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэне Фазель пасля заканчэння турніру нават назваў мінскі чэмпіянат лепшым у гісторыі!  Толькі за апошнія тры гады ў нашай краіне прайшлі два чэмпіянаты Еўропы па мастацкай гімнастыцы, чэмпіянат свету па велагонках на трэку, кантынентальнае першынство па боксе, юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне, сусветнае першынство па футзале, фінал Кубка свету па сучасным пяціборстве ды іншыя буйныя міжнародныя спаборніцтвы. Узровень іх арганізацыі даказвае: у Беларусі гатовыя праводзіць турніры па ўсіх відах спорту і на самым высокім узроўні!

Сёлета Беларусь сустракае такія міжнародныя старты, як чэмпіянат Еўропы па баскетболе 3х3 сярод юнакоў і дзяўчат і міжнародны турнір па хакеі сярод клубных каманд “Хакейная ліга чэмпіёнаў”, першынство Маладзёжнай хакейнай лігі. А ў верасні ў Беларусь прыязджалі зоркі біятлона мінулых гадоў, каб прыняць удзел у міжнародным фестывалі “Гонка легенд” у Раўбічах.


Спорт у модзе

Аляксандр Лукашэнка неяк адзначыў: “Нішто не можа так аб’яднаць нацыю, людзей, калектыў, як спорт. Спорт — гэта вялікая справа, і ім павінны займацца ўсе”. З кожным годам у нашай краіне колькасць людзей, якія займаюцца спортам на аматарскім узроўні, расце. Цяпер іх колькасць дасягае 1 520 000 чалавек, або 16 працэнтаў ад усяго насельніцтва.  Штогод для аматараў здаровага ладу жыцця праводзяцца  тысячы спартыўных мерапрыемстваў, многія з якіх ужо сталі традыцыйнымі. Гэта, напрыклад, Усебеларускі лёгкаатлетычны крос на прызы газеты “Советская Белоруссия”, “Белорусская лыжня”.  Развіваецца ў краіне і масавы спорт. Калі яшчэ некалькі гадоў назад пра камфортныя веладарожкі можна было гаварыць толькі ў Мінску, сёння яны з’яўляюцца і ў рэгіёнах: у Ашмянах, Гомелі, Брэсце, Бабруйску, Баранавічах ды іншых гарадах. Узімку нават у невялікіх раённых цэнтрах заліваюцца каткі, адкрываюцца пункты пракату вела­сіпедаў, лыж, канькоў. 


Медалі ў цане

Напэўна, ні ў адной краіне свету развіццё спартыўнай галіны немагчыма без дзяржаўнай падтрымкі. І ў нас яна таксама ёсць: дзяржава фінансуе будаўніцтва спартыўных аб’ектаў, падтрымлівае клубы па гульнявых відах спорту, заахвочвае таленавітых спартсменаў, якія дамагліся перамог на прэстыжных спаборніцтвах, і забяспечвае фінансавай падтрымкай маладыя таленты. Але гэтыя сродкі ўкладваюцца па прынцыпе: ёсць вынік — ёсць грошы. Спартсмены, якія атрымліваюць надбаўкі за высокія вынікі, павінны пастаянна даказваць найвышэйшы ўзровень свайго майстэрства, а клубы па гульнявых відах спорту не ўтрымліваюцца за кошт дзяржбюджэту: перад імі стаіць задача выхаду на самаакупнасць, а частку дзяржаўных сродкаў яны павінны накіроўваць на развіццё дзіцяча-юнацкага спорту.


Перамогі ў асобах


75 беларусаў у розны час станавіліся алімпійскімі чэмпіёнамі. Але ў чарзе гэтых шматлікіх перамог ёсць тыя, хто застанецца ў памяці яшчэ на доўгія гады. Да іх, безумоўна, адносіцца сенсацыйная вікторыя Юліі Несцярэнкі ў бегу на 100 метраў на Афінскай Алімпіядзе 2004 года. Абагнаўшы на дыстанцыі ўсіх вяду­чых бягунак свету, беларуска адразу ж атрымала мянушку Белая Маланка. Не мае патрэбы ў прадстаўленні і лепшая біятланістка сучаснасці Дар’я Домрачава. На Алімпіядзе ў Сочы беларуска зрабіла тое, што да яе не ўдавалася ні адной страляючай лыжніцы: заваявала тры залатыя медалі ў асабістых гонках на адных Гульнях! Немалы ўклад у пазнавальнасць нашай краіны ўнеслі і тэнісісты. На Гульнях 2012 года экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка заваявала бронзавы медаль у адзіночным разрадзе, а затым у пары з Максімам Мірным выйграла яшчэ і золата!

Таццяна Пастушэнка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter