Рэйд з ДАІ. Чаму кіроўцы не ведаюць, як трэба ехаць праз чыгуначнае палатно

Пераезд на выжыванне

ДТЗ на чыгуначных пераездах вылучаюцца цяжкасцю наступстваў. Адна з апошніх жудасных аварый здарылася каля аграгарадка Бродніца Іванаўскага раёна: загінулі 22-гадовы вадзіцель Mercedes Sprinter і трое яго пасажыраў — 16-гадовы сваяк, 3-гадовая дзяўчынка і яе 2-гадовы брацік. 15-гадовы падлетак і 3-гадовая малая знаходзяцца ў бальніцы ў цяжкім стане. Mercedes з вялікай хуткасцю выскачыў на пераезд, нягледзячы на чырвоны сігнал святлафора… Разам з супрацоўнікам ДАІ і дружыннікам карэспандэнт «Р» адправілася на скрыжаванне шашы і чыгункі, каб праверыць, ці ўсе вадзіцелі прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху.

На гэтым чыгуначным пераездзе інтэнсіўны рух.

На чыгуначным пераездзе на вуліцы Амельянюка ў Дзяржынску рух інтэнсіўны: цягнікі бягуць з Мінска ў Брэст і назад, аўтамабілі могуць выехаць праз яго на трасу М-1. Шлагбаумам пераезд не абсталяваны, затое маюцца папераджальныя знакі і святлогукавая сігналізацыя.

— Распаўсюджаныя парушэнні правілаў пераезду чыгункі? Абгон на пераездах і на адлегласці менш за 50 метраў ад іх, а таксама невыкананне патрабаванняў дарожнага знака, — пералічвае Аляксей Панчанка, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Дзяржынскага раёна. — Бачыце чырвоны знак «Стоп»? Перад ім абавязкова трэба спыніцца і яшчэ раз упэўніцца, што не набліжаецца цягнік.  

Не паспяваем мы прыпаркавацца так, каб бачыць пераезд, як прыгожая «Кіа» ластаўкай пералятае пуці не толькі без прыпынку, але і пад сігналізацыю. Кідаемся ў пагоню. На патрабаванне спыніцца машына паслухмяна туліцца да абочыны. Адчыняюцца вадзіцельскія дзверцы, і мы бачым не маладога ліхача, а прыемную даму бальзакаўскага ўзросту.

— Ой, ну, калі ласка, не штрафуйце мяне, я больш не буду, я выпраўлюся, — пачынае яна. — Разумееце, форс-мажорныя абставіны, я спазняюся, начальнік злуецца…

Інспектар, які прызвычаіўся да розных тлумачэнняў, моўчкі запаўняе пратакол. Тады дама пераходзіць у наступленне:

— А  ў вас дзе-небудзь зафіксавана маё парушэнне? Вось у мяне відэарэгістратар ёсць! Давайце паглядзім! Так, не прыпынілася перад пераездам, а сігналізацыя ўжо потым зазвінела!

Азнаёміцца з яе запісамі так і не атрымалася: аўталэдзі не здолела справіцца з гаджэтам. Інспектар назіраў за ёй з цікавасцю, але не дапамагаў: бывала, грамадзяне потым сцвярджалі, быццам супрацоўнікі ДАІ сціралі запісы, якія супярэчылі іх пазіцыі. Рабіць няма чаго: дама атрымлівае штраф у памеры дзвюх базавых велічынь.

Вадзіцель Land Rover так спяшаўся на паляванне, што забыў спыніцца перад пераездам. Фота аўтара.
…Аляксей Панчанка расказвае, што на пераездзе гэтым, дзякуй богу, аварый у апошні час не было, таму і пытанне аб устаноўцы шлагбаўма не ўзнімалася. Адзінае, што хочуць супрацоўнікі ДАІ, — абсталяваць пераезд відэаназіраннем, якое будзе фіксаваць усё, што адбываецца, і здымаць пытанні накшталт таго, якое ўзнікла ў выпадку з дамай на «Кіа».  

Тым часам на чыгуначнае палатно нават без намёку на прыпынак выскаквае Land Rover Discovery. За рулём дзядзька сярэдніх гадоў. Ён ахвотна прызнае, што парушыў правілы, і нават весяліцца з гэтай нагоды — маўляў, як у маладосць вярнуўся!

— А дысконту ў вас няма? — жартуе парушальнік.

Пакуль інспектар афармляе пратакол, вадзіцель расказвае, што едзе на паляванне, і паказвае фатаграфіі свайго ката, які прывольна раскінуўся на воўчай скуры. Разлічыцца зараз можна на месцы карткай — інспектар мае пры сабе тэрмінал. Парушальнік ахвотна карыстаецца гэтай паслугай і едзе далей па сваіх паляўнічых справах.

Не спыняецца перад рэйкамі і чарговы вадзіцель. Яго шкада: чалавек едзе ад стаматолага і ўвогуле мала што цяміць. На пратакол і штраф рэагуе вельмі стрымана — яму не да нас. Лепш у такім стане ўвогуле за руль не садзіцца…

«Задумаўся», «вельмі спяшаюся», «самі мы не мясцовыя…» — за дзве гадзіны, што мы правялі каля пераезда, давялося пачуць самыя розныя апраўданні. Але, па-першае, закон адзіны для ўсіх. А па-другое… Наўрад ці яны ўразяць шматтонную махіну цягніка, пад які можа трапіць аўтамабіль няўважлівага вадзіцеля.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter