“Пенсіянеры” ці “салдаты”?

Праект “Сем цудаў Беларусі” выхоўвае нацыю і вучыць шанаваць родныя здабыткі.

Так лічыць вядомы ў краіне пісьменнік, публіцыст, перакладчык і грамадскі дзеяч Анатоль БУТЭВІЧ. Дарэчы, серыя кніг Анатоля Іванавіча, якую ён пачаў выдаваць яшчэ дзесяць гадоў таму, так і называецца “Сем цудаў Беларусі”. У серыі ўжо шэсць кніг: пра нашы храмы, замкі, легенды, беларускіх князёў і асветнікаў. І, верагодна, працяг яшчэ будзе. Анатоль Іванавіч перакананы, што кнiгi з гэтай серыi можна пiсаць бясконца, гэтак жа, як публікаваць артыкулы ў праекце “Сем цудаў Беларусі”, “бо лiтаральна кожная мясцiнка нашай Беларусi багатая на знаныя i непаўторныя асобы, захапляльныя падзеi i незвычайныя здарэннi. Варта толькi ўмець iх прыкмецiць, захацець даведацца пра iх як мага больш”. Думкамі пра праект “Сем цудаў Беларусі”, беларускія сувеніры, куратнікі каля палацаў і сваю “хваробу” Анатоль Іванавіч падзяліўся з чытачамі “Народнай газеты”.

Невылечная хвароба?!

— Чаму я зацікавіўся гісторыяй наогул? Усё пачалося з маёй роднай школы ў Нясвіжскім раёне, — прызнаецца Анатоль Іванаваіч. — Былі ў нас апантаныя настаўнікі, якія заахвочвалі ездзіць па вёсках і запісваць легенды іх назваў. І я “захварэў”. Невылечна. Але нi кроплi не шкадую. Бо “захварэў” на гiсторыю маёй Радзiмы i майго народа.
Хвароба гэта яшчэ больш абвастрылася падчас працы над серыяй “Сем цудаў Беларусі”. На думку пісьменніка, немагчыма заставацца раўнадушным, калі сустракаешся з гэтымі цудамі, калі адкрываеш для сябе новыя факты, аб’екты, гісторыі...
— Думаю, тое ж самае адчувалі і карэспандэнты “Народнай газеты”, якія з такой цікавасцю і апантанасцю адкрывалі чытачам нашу невядомую Беларусь, — лічыць пісьменнік. І трэба сказаць, што ён не памыляецца.

Выхаванне — праз праект

Цікава, што, пазнаёміўшыся бліжэй з праектам “Народнай газеты”, Анатоль Іванавіч сказаў, што яго можна назваць сапраўднай выхаваўчай акцыяй, якая вучыць, як мы павінны ставіцца да помнікаў культуры.
— Як бы гэта ні было сумна, але я з кожным днём упэўніваюся, што мы вельмі мала ведаем пра нашы культурныя здабыткі. Журналісты “НГ” правялі велізарнаю працу. Каля тысячы аб’ектаў з усіх раёнаў Беларусі знайшлі адлюстраванне на старонках газеты. І самае галоўнае, што гэтымі аб’ектамі зацікавілася грамадства, што на галасаванне ў праекце адгукнуліся людзі.

Помнікі-“пенсіянеры”

Самая вялікая бяда сучаснасці, на думку пісьменніка, — няўменне паважаць і шанаваць мінулае.
— Я часам жартую, кажучы, што нашы помнікі сталі заслужанымі “пенсіянерамі”, — прызнаецца Анатоль Іванавіч. — Яны столькі стагоддзяў служылі нам! Але, у такім разе, і адносіны да іх павінны быць, як да паважаных пенсіянераў. Аднак часцей яны падобныя да салдатаў, параненых на фронце. Гляньце, што адбываецца з многімі будынкамі, — дзверы вырваны, вокны выламаны, падлога паркетная ўзарвана... Дабрабыт на гэтым не збудуеш, а вось духоўна страціш шмат. А як можна апісаць тое, што мы будуем каля помніка культуры куратнік ці нейкую іншую гаспадарчую пабудову? Няўжо думаем, што каля панскага палаца куры будуць лепш несціся? Гэта прыкмета сённяшняга грамадства, але праект “Сем цудаў Беларусі” даказвае: калі разумна, добра і арганізавана падысці да працы з нашымі здабыткамі, то і адносіны людзей да іх зменяцца.

Захаваць на стагоддзі

Бутэвіча вельмі парадавала, што ў праекце “Сем цудаў Беларусі” было намінавана так шмат аб’ектаў і што многія з іх прапаноўвалі самі чытачы і людзі на месцах. На яго думку, гэта гаворыць аб тым, што мы пачынаем разумець каштоўнасць нашых набыткаў.
— Пасля выхаду ў свет сваіх кніг я часта сустракаўся са школьнікамі, заахвочваў: “Шукайце цуды, выбірайце, пастараемся разам напісаць кнігу”, — расказвае Анатоль Іванавіч. — На жаль, пакуль што гэтага не атрымалася, аднак выдатна ўжо тое, што многія з рабят пайшлі вывучаць гісторыю, прынялі ўдзел у вывучэнні і ачышчэнні помнікаў. Вельмі важна далучыць да захавання нашай спадчыны моладзь. Некалі я хадзіў у Вялікаліпскую сярэднюю школу — яна размяшчалася ў былым палацы пана Абуховіча. Тады для нас, дзяцей, двухпавярховы палац з паркетам, камінамі быў сапраўдным дзівам. Ён жыў. А пасля школа перамясцілася. Перастаў будынак быць патрэбным — прарос увесь дрэвамі. А мог бы быць месцам захавання памяці. Каб школьнікі павысякалі там дрэвы-кусты, то і будынак глядзеўся б па-іншаму. Гэтак сама і з аб’ектамі нематэрыяльнай спадчыны. Колькі песень, традыцый, абрадаў мы страцім, калі моладзь іх не падтрымае.

Без рэкламы — нікуды

Нас вельмі цікавіла, як Анатоль Іванавіч адносіцца да выбранай сямёркі цудаў. Пісьменнік пагадзіўся, што ўсе яны вартыя гэтага звання. Аднак тут жа дабавіў:
— Мяне вельмі здзівіла, што нават у фінал праекта не трапіў такі ўнікальнейшы помнік нашай краіны, як Спаса-Еўфрасіннеўская царква ў Полацку. Менавіта ў гэтым храме сёння вядзецца расшыфроўка фрэсак XII стагоддзя. Гэта сапраўдны цуд. Але калі людзі не прагаласавалі за яго, гэта не гаворыць аб тым, што аб’ект не варты. Проста ў помніка няма разумнай рэкламы.
Ні для каго не сакрэт, што праблема “раскруткі” нашых набыткаў агульнадзяржаўная. Калі мы хочам прывабіць турыстаў, то павінны рэкламаваць нашу краіну. У Кракаве, Вільні, Пецярбургу на кожным кроку — сувенірная прадукцыя, кніжныя выданні...
— А паедзьце ў Мір і купіце кнігу пра замак, — разважае Анатоль Іванавіч. — Будуць буклет, турыстычная карта, але не болей. І нам яшчэ працаваць над гэтым і працаваць. Дарэчы, як і адкрываць нашу любую краіну. У журналістаў “НГ” яшчэ шмат працы. Бо сямёрку цудаў можна знайсці ў кожнай вёсцы. Напрыклад, у вёсцы Вялікая Ліпа, дзе жыў Абуховіч, ёсць яго сядзіба, канюшня, скарбніца, вінакурня. Вось вам чатыры аб’екты матэрыяльныя. А яшчэ ж песні, традыцыі... І так у кожнай вёсачцы. Таму поспехаў вам у выяўленні і прадстаўленні беларусам цудаў зямлі беларускай!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter