Платные соцуслуги: налепить пельменей, закатать огурцы, сделать макияж

Пельменi па льготным тарыфе

Якія сацпаслугі можна атрымаць на платнай аснове
Наляпіць пельменяў, дапамагчы змяніць імідж, пракласці турыстычны маршрут... З якімі толькі просьбамі не звяртаюцца пажылыя людзі да сацработнікаў. Сёння мы высветлім, якія паслугі не ўваходзяць у пералік бясплатных і агульнадаступных, але якія можна атрымаць на платнай аснове. 



Перад сацработнікам ТЦСАН Цэнтральнага раёна Мінска Аленай Мамчыц гара адзення. Яна хутка шчыруе з кофтамі і спадніцамі. «Наша Кацярына Уладзіміраўна — модніца, — у руках у Алены Артураўны прас хутка слізгае па паверхні. — Кожны дзень на вуліцы з’яўляецца ў новым уборы».

— Каб выглядаць заўсёды з іголачкі, даводзіцца сацработнікаў запрашаць. Сама з прасам ужо не магу стаяць — спіну ломіць, ногі баляць, — уздыхае модніца.

Не ўсе ведаюць, што ў людзей, старэйшых за 60 гадоў, і інвалідаў ёсць магчымасць «замовіць» сацпаслугу, якая не ўваходзіць у пералік бясплатных і агульнадаступных. Якую дапамогу могуць аказаць? Напрыклад, захацела бабуля да абеду сыр маскарпонэ. Што ж, няма праблем — знойдуць і прывязуць. Або, скажам, прадзіравiлася ў дзядулі адзенне, трэба зацыраваць — у гэтым выпадку таксама гатовы прыйсці на дапамогу. Падобныя сацпаслугі аказваюць на платнай аснове. Тарыф такі: адна гадзіна абыходзіцца ў 33 тысячы.

— Цяпер многія бабулі просяць памагчы з кансерваваннем, — расказвае аб перавагах пенсіянераў загадчык аддзялення надомнага абслугоўвання ТЦСАН Цэнтральнага раёна Мінска Валянціна Жданава. — Варэнне робім, узвары і джэмы гатуем…

— Нядаўна, — уключаецца ў размову Алена Мамчыц, — трыццаць літраў гуркоў закаталі.

З апошніх нестандартных просьбаў — дзядуля папрасіў наляпіць пельменяў. Прычым такіх, як рабіла яго жонка. Дзесяць гадоў назад яна памерла, а ён да гэтага часу захоўвае яе кулінарную кнігу, напісаную ад рукі. А вось бабулі часта просяць сацработніка змяніць ім імідж — зрабіць прычоску, падфарбаваць бровы.

— Па жаданні можам нават купіць прадукты ў канкрэтнай краме. Ці суправадзіць чалавека на рынак, дапамагчы прынесці яму цяжкія сумкі, — Валянціна Жданава працягвае пералік патэнцыйных паслуг. — Няма ў чалавека пральнай машыны — наш сацыяльны работнік можа памыць бялізну ўручную. Або задумала пажылая сямейная пара ўборку ў кватэры, а сілы ўжо не дазваляюць хадзіць з венікам і швабрай, гатовы таксама падставіць плячо.

Пагадзіцеся, нядрэнна, што нашы тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сталі выходзіць на новы ўзровень. Індывідуальны падыход — гэта ўсё ж такі правільны шлях. Прычым у любой сферы.

azanovich@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter