Пчолы любяць працавітых

Даўняя славянская традыцыя святкавання мядовага Спасу была адроджана ў Беларусі крыху больш за дзесяць год таму. Цяпер салодкія кірмашы праходзяць па ўсёй краіне, збіраюць усё больш наведвальнікаў.На дзясятым Мядовым кірмашы ў Мінску “Мядовы Спас—2012” па-жнівеньску горача. Сюды з каштоўным таварам з’ехаліся пчаляры з розных куткоў Беларусі і расійскіх рэгіёнаў. А колькі пакупнікоў! Кожны запасаецца празрыста-бурштынавым прадуктам на зіму. Вядома ж, мёд — лепшы сродак ад розных хвароб. Так, пчаляр Віктар Панасюк з вёскі Скварск, што ў Чавускім раёне, даўно ў тым сам упэўніўся. Да яго па салодкія лекі звяртаюцца многія аднавяскоўцы. “Самы ж карысны мёд — свежаўзяты, яшчэ ў сотах, — разважае пчаляр. — Пчолы даюць таксама і мноства іншых лекавых прадуктаў. Калі правільна іх ужываць, можна вылечыць усе хваробы”.
Ну хто ж адмовіцца ад такога мядовага пачастунку!Даўняя славянская традыцыя святкавання мядовага Спасу была адроджана ў Беларусі крыху больш за дзесяць год таму. Цяпер салодкія кірмашы праходзяць па ўсёй краіне, збіраюць усё больш наведвальнікаў.
На дзясятым Мядовым кірмашы ў Мінску “Мядовы Спас—2012” па-жнівеньску горача. Сюды з каштоўным таварам з’ехаліся пчаляры з розных куткоў Беларусі і расійскіх рэгіёнаў. А колькі пакупнікоў! Кожны запасаецца празрыста-бурштынавым прадуктам на зіму. Вядома ж, мёд — лепшы сродак ад розных хвароб. Так, пчаляр Віктар Панасюк з вёскі Скварск, што ў Чавускім раёне, даўно ў тым сам упэўніўся. Да яго па салодкія лекі звяртаюцца многія аднавяскоўцы. “Самы ж карысны мёд — свежаўзяты, яшчэ ў сотах, — разважае пчаляр. — Пчолы даюць таксама і мноства іншых лекавых прадуктаў. Калі правільна іх ужываць, можна вылечыць усе хваробы”. Ад радыкуліту дапамагае, напрыклад, пчаліны яд, праполіс мае антыбактэрыяльныя ўласцівасці. А воск эфектыўны ў барацьбе з інфекцыямі і для павышэння імунітэту. Кампрэсы з пчалінага падмору дапамагаюць ад варыкозу. Лекавыя і пярга, пылок, матачнае малачко...
Усе гэтыя “пчаліныя лекі” знойдзеш і на мінскім кірмашы. А мёду столькі, што вочы разбягаюцца: рапсавы, грачышны, верасовы, сланечнікавы… Гэтыя сарты ўласцівыя для Беларусі. Між тым Уладзімір Камянкоў, старшыня клуба пчаляроў “Беларускія пчолы”, пасечнік амаль што з 50-гадовым стажам, упэўнены: для беларусаў самы карысны мёд, сабраны на роднай зямлі. Сам Уладзімір прывёз на кірмаш грачышны і верасовы мёд, не шкадуючы прапаноўваў каштаваць яго наведвальнікам.
“Здаўна так павялося ў Беларусі: пчаляры на мядовы Спас шчодра частуюць мёдам усіх жадаючых — гэта для добрага ўраджаю на будучы год”, — гаворыць пчаляр.
Дзедаўскія традыцыі, як бачым, і сёння жывыя ў пчаляроў. І не дзіўна: пчалярства — справа хоць прыбытковая, але ж складаная, мае шмат тонкасцяў. І сакрэты старадаўняга занятку дагэтуль часта перадаюцца ад бацькі сыну. “Наша сям’я строга прытрымліваецца традыцый, — прызнаецца патомны пчаляр з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна Аляксандр Граковіч. — Напярэдадні Спасу абавязкова ходзім у лазню, каб чыстымі ўвайсці ў новы дзень. Затым лепім свечкі з воску, якія бярэм з сабой у царкву. Стаўлю іх за продкаў, і каб пад Вышэйшай аховай было жыццё сучаснае і будучае. Назіраю: калі яны гараць ярка і роўна, то і мёду ўраджай будзе багаты, а пчолы добра перазімуюць”.
А пасля царквы салодкі пачастунак атрымліваюць усе суседзі-судзіляне пчаляра. На пасецы Аляксандра Граковіча ёсць цікавае “пасведчанне” пра яго даўні пчалярскі радавод: вулей, выраблены яго дзедам яшчэ ў 1915 годзе. Цяпер жа Аляксандр Мікалаевіч карыстаецца новымі методыкамі і ведамі. І сам стварае хаткі для пчол, схемы якіх знаходзіць у Інтэрнэце, шмат чытае спецыяльнай літаратуры, перапісваецца з іншымі заўзятымі пчалярамі, прычым ёсць у яго сябры і ў Расіі, Казахстане, Германіі. “Аднак усё жыццё памятаю мудрасць, якой навучыў мяне бацька: пільнуй мяне (пчалу) ад Міколы да Івана (гэта значыць, круглы год), тады зраблю з цябе пана, — узгадвае Аляксандр Граковіч. — І самае галоўнае ў пчалярскай справе ва ўсе часы — гэта цярпенне і працавітасць”.
Увогуле ж пчаляроў у Беларусі шмат. І занятак гэты хоць і даўні, але зусім не забыты. Ці не ў кожнай вёсцы ці нават дачным кааператыве ёсць свой “пчаліны цар”. Падлічыць жа колькасць беларускіх пчаляроў складана, бо амаль 90 працэнтаў пасек — прыватныя, і далёка не ўсе з іх уваходзяць у спецыялізаваныя супольнасці. Аднак, па словах Уладзіміра Камянкова, сярод беларускіх пасечнікаў з’яўляецца ўсё больш моладзі. І гэта, безумоўна, радуе. Бо, мяркуючы па старых павер’ях, пчолы жывуць толькі ў добрых людзей, а вось ад ліхіх злятаюць. А яшчэ пчалярства, кажуць, здымае стрэсы і робіць чалавека спакойным і паважным. Можа, таму, што за рэзкія рухі пчолы нават свайго гаспадара могуць пакараць пякучым джалам? Зрэшты, кожны пчаліны ўкус, лічаць вучоныя, працягвае жыццё. Вось і атрымліваецца, што пчаляры заўсёды ў выйгрышы.

Кацярына Мядзведская
На здымку:
Ну хто ж адмовіцца ад такога мядовага пачастунку!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter