Пазнаём Беларусь разам!

“Народную газету” прызналі адной з лепшых у асвятленні тэмы турызму

“Народную газету” прызналі адной з лепшых у асвятленні тэмы турызму

Дыпломам XI Рэспубліканскага турысцкага конкурсу “Пазнай Беларусь!” адзначылі калектыў “Народнай газеты”.

Гістарычныя помнікі, культурныя здабыткі, унікальныя традыцыі і абрады заўсёды цікавілі журналістаў “НГ”. Вандруючы па розных кутках нашай краіны і натхняючыся лакальнымі турыстычнымі “разыначкамі”, мы з радасцю адкрываем іх і для вас, нашы дарагія чытачы. Колькі мясцін і аб’ектаў адкрылі мы з вамі, сябры, падарожнічаючы ў межах праектаў “Сем цудаў Беларусі”, “Праз радкі і кіламетры”, “Што ні край, то свой звычай” і іншых!

Хутка на старонках “НГ” з’явіцца новая рубрыка — “Народныя святыні роднай зямлі”. Мы раскажам пра  святыя крыніцы, цудадзейныя камяні і дрэвы, унікальныя абразы і храмы, тыя аб’екты і мясціны, якія вабяць людзей сваёй незвычайнай сілай і адорваюць іх рознымі дабротамі, да якіх ідуць і едуць з няпростымі пытаннямі і думкамі, цяжарам на сэрцы, а пакідаюць са светлай галавой і душой. Гэтыя цуды, гэтыя незвычайныя аб’екты, традыцыі, абрады і звычаі ёсць ледзь не ў кожным рэгіёне Беларусі. Проста, каб бачыць іх, трэба, па-першае, хацець гэтага, а па-другое, шчыра і аддана любіць сваю краіну.

У тэму

 Ці ведалі вы, што...

— У вёсцы Баранава Старадарожскага раёна жывуць беларусы-сакуны, якія ходзяць басанож і вымаўляюць дзеясловы з канчаткам “са”.
— У Белай Дуброве Касцюковіцкага раёна можна пачаставацца запечаным гусаком, падслухаць “сакрэты” гадоўлі птушак і павадзіць карагоды на старажытным “гусіным свяце”.
— У Кудрычах Пінскага раёна дагэтуль жывуць пад чаротавымі стрэхамі, збіраюць мёд з борцяў і перапраўляюцца праз раку ў “дубах”.
— У Шаркоўшчынскім раёне пякуць бліны на калодзе, частуюць стараверскімі гульбашнікамі і пояць з “паганай кружкі”.
— На Ашмяншчыне пакланяюцца “нявесцінаму” каменю, які лечыць ад хваробаў і дапамагае выйсці замуж.

Пазнаём нашу Беларусь разам! Заставайцеся з “Народнай газетай” — займальнае і поўнае нечаканасцей падарожжа па любай радзіме вам гарантавана!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter