«Пазлы» складзены

Беларус Iлья Волкаў трапіў у прызёры дзіцячага «Еўрабачання-2013» Беларускі ўдзельнік дзіцячага «Еўрабачання-2013» Ілья Волкаў з кампазіцыяй «Спявай са мной» увайшоў у тройку прызёраў міжнароднага песеннага спаборніцтва. Фінал тэлевізійнага шоу адбыўся ў Кіеве. З вынікам 108 балаў, набраных у ходзе галасавання тэлегледачоў і журы, прадстаўнік нашай краіны заняў пачэснае трэцяе месца. Першае месца са 130 баламі — у канкурсанткі з Мальты 11-гадовай Гайі Каучы. Украінка Сафія Тарасава стала другой — 121 бал. У якасці прызоў тройка пераможцаў атрымала «Пазлікі» — фігуркі сімвала дзіцячага «Еўра-бачання-2013». Узнагароджанне не толькі трыумфатара конкурсу, але і юных выканаўцаў, якія занялі другое і трэцяе месцы, адбылося сёлета ўпершыню — гэта адно з новаўвядзенняў арганізатараў у правілы дзіцячага песеннага спаборніцтва. Усяго за перамогу на конкурсе змагаліся юныя таленты з 12 краін: Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Македоніі, Грузіі, Мальты, Малдовы, Нідэрландаў, Расіі, Сан-Марына, Украіны і Швецыі...

Беларус Iлья Волкаў трапіў у прызёры дзіцячага «Еўрабачання-2013»

Беларускі ўдзельнік дзіцячага «Еўрабачання-2013» Ілья Волкаў з кампазіцыяй «Спявай са мной» увайшоў у тройку прызёраў міжнароднага песеннага спаборніцтва. Фінал тэлевізійнага шоу адбыўся ў Кіеве. З вынікам 108 балаў, набраных у ходзе галасавання тэлегледачоў і журы, прадстаўнік нашай краіны заняў пачэснае трэцяе месца.

Першае месца са 130 баламі — у канкурсанткі з Мальты 11-гадовай Гайі Каучы. Украінка Сафія Тарасава стала другой — 121 бал.

У якасці прызоў тройка пераможцаў атрымала «Пазлікі» — фігуркі сімвала дзіцячага «Еўра-бачання-2013».

Узнагароджанне не толькі трыумфатара конкурсу, але і юных выканаўцаў, якія занялі другое і трэцяе месцы, адбылося сёлета ўпершыню — гэта адно з новаўвядзенняў арганізатараў у правілы дзіцячага песеннага спаборніцтва.

Усяго за перамогу на конкурсе змагаліся юныя таленты з 12 краін: Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Македоніі, Грузіі, Мальты, Малдовы, Нідэрландаў, Расіі, Сан-Марына, Украіны і Швецыі.

Ільі Волкаву — 11, ён нарадзіўся і жыве ў Мінску. Займаецца вакалам з шасці гадоў. Выхаванец студыі «Залатыя галасы» пры вядомай арт-групе «Беларусы». Юны артыст прымаў удзел і станавіўся прызёрам шэрагу конкурсаў. Акрамя спеваў, Ілья захапляецца спартыўна-бальнымі танцамі. У мінулым годзе на «Еўрабачанні-2012» ён танцаваў у нумары на песню «А мора, мора...» беларускага канкурсанта Ягора Жэшкі. Цяпер Ілья выступаў ужо і ў якасці саліста з кампазіцыяй уласнага сачынення «Спявай са мной». Дарэчы, яго нумар быў адным з самых складаных на «Еўрабачанні-2013», бо Ілья не толькі хораша спяваў, але пры гэтым яшчэ і выдатна танцаваў разам з інтэрнацыянальнай групай «Maxi Briz» — пяццю сімпатычнымі і вясёлымі дзяўчынкамі, якія па праву падзяляюць з Ільёй «бронзавую» перамогу.

— Вельмі рада за нашу каманду. У час самога шоу я знаходзілася ў прэс-цэнтры і бачыла, як выдатна журналісцкая брація сустракала выступленне Ільі. Дзеці выступілі вельмі якасна, эмацыянальна, — сказала ў інтэрв’ю БЕЛТА кіраўнік беларускай дэлегацыі, выканаўчы прадзюсар тэлеканала «Беларусь 2» Людміла Барадзіна.

Яна адзначыла прафесіяналізм выкладчыкаў, якія працавалі з беларускай камандай. Спявачка Вольга Вронская займалася з Ільёй вакалам, пастаноўку нумара рабіла кіраўнік вакальна-харэаграфічнай студыі «Maxi Briz» Ганна Саковіч.

— Прыемна, што нас ацанілі не толькі прадстаўнікі СНД. Гэта пра нешта сведчыць, і нам ёсць чым ганарыцца. Думаю, тэлегледачы ў Беларусі разам з намі да апошняга трымалі кулачкі. «Бронзу» мы заслужылі, — дадала кіраўнік беларускай дэлегацыі.

Нагадаем, самую высокую ацэнку (12 балаў) Беларусі паставіла Расія, ад Мальты і Малдовы Ілья атрымаў па дзясятцы, па 8 балаў — ад Нідэрландаў, Грузіі і Украіны. Македонія ацаніла выступленне беларуса на сямёрку, а Сан-Марына, Арменія і Азербайджан — на шасцёрку. Швецыя аддала 5 балаў. Ад дзіцячага журы конкурсу Беларусь атрымала 10 балаў. Акрамя таго, усе ўдзельнікі «Еўрабачання» атрымалі па 12 балаў ад Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Беларускія тэлегледачы фінальнага шоу «Еўрабачання» прагаласавалі наступным чынам: 12 балаў прысудзілі Украіне, 10 балаў — Мальце, восем — Расіі, сем — Грузіі, шэсць — Нідэрландам, пяць — Швецыі, чатыры — Малдове, тры — Сан-Марына, два — Арменіі, адзін — Македоніі.

У дзіцячым «Еўрабачанні» Беларусь удзельнічае з пачатку яго арганізацыі ў 2003-м. Першаадкрывальніцай ад нашай краіны стала Вольга Сацюк, якая заняла, дарэчы, чацвёртае месца. Наогул, Беларусь называюць нефармальным лідарам дзіцячага конкурсу песні. У 2005 годзе яго трыумфатарам стала Ксенія Сітнік , у 2007-м выйграў Аляксей Жыгалковіч. У 2006-м другое месца заняў Андрэй Кунец. А Лідзія Заблоцкая ў 2011-м была трэцяй.

На здымку: Гайя КАУЧЫ (у цэнтры), Сафiя ТАРАСАВА (злева) i Iлья ВОЛКАЎ.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter