Пазашкольны інтарэс. Ці змогуць гурткі адцягнуць дзяцей ад дамашніх камп’ютараў?

Нягледзячы на тэлевізар, камп’ютар ды іншыя спакусы, у маленькім Белаазёрску ды бліжэйшых сельсаветах Бярозаўскага раёна дзеці і падлеткі наведваюць звыш 100 гурткоў у мясцовым цэнтры пазашкольнай работы. Каб прывабіць наведвальнікаў, дзеліцца прафесійным сакрэтам дырэктар цэнтра Марыя Корган, важней за ўсё — таленавіты, апантаны выкладчык. Калі чалавек цікавы, захоплены сваёй справай, дык да яго і будуць цягнуцца іншыя. Нібы ў тэатр, куды нярэдка некаторыя ходзяць не на пэўныя спектаклі, а “на акцёраў”.

Нягледзячы на тэлевізар, камп’ютар ды іншыя спакусы, у маленькім Белаазёрску ды бліжэйшых сельсаветах Бярозаўскага раёна дзеці і падлеткі наведваюць звыш 100 гурткоў у мясцовым цэнтры пазашкольнай работы. Каб прывабіць наведвальнікаў, дзеліцца прафесійным сакрэтам дырэктар цэнтра Марыя Корган, важней за ўсё — таленавіты, апантаны выкладчык. Калі чалавек цікавы, захоплены сваёй справай, дык да яго і будуць цягнуцца іншыя. Нібы ў тэатр, куды нярэдка некаторыя ходзяць не на пэўныя спектаклі, а “на акцёраў”.

Хіт-парад на ўсе часы

У 110 гурткоў Белаазёрскага цэнтра пазашкольнай работы ходзяць амаль 1,4 тысячы дзяцей. Іх узрост — ад 5 да 18 гадоў. “У нас працуюць аддзелы тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мастацкай самадзейнасці, — расказвае дырэктар. — Ёсць спартыўны кірунак і гурткі дадатковай адукацыі”.
“Моду”, паводле яе слоў, дыктуюць самі дзеці і падлеткі. У свой час самым запатрабаваным напрамкам была радыётэхніка. Кожны хлопец імкнуўся што-небудзь змайстраваць. Цяпер жа, калі аўдыёплееры, мабільнікі, іншая тэхніка сталі даступнымі нават для школьнікаў, цікавасць знізілася.
Затое попыт на авія- і суднамадэляванне застаецца па-ранейшаму высокім. Ходзяць і на кераміку, бо, напрыклад, дзецям-інвалідам важна развіваць маторыку пальцаў рук. У пашане вышыўка, вязанне, ткацтва і шытво. “Кітайцы завалілі нашы рынкі аднолькавымі рэчамі, “штампоўкай”, — так Марыя Васільеўна тлумачыць цікавасць. — А дзяўчынкам хочацца падкрэсліць сваю індывідуальнасць”.
Можна было б падумаць, што лозапляценне амаль што памерла, ім займаюцца толькі сталыя  людзі. Аднак, як высветлілася, гэта не так. “Мы адкрылі ў адной з вясковых школ гурток, — расказвае дырэктар цэнтра. — Дзеці пачыналі з невялічкіх кошыкаў, падставак пад посуд з гарачымі стравамі. Стваралі гурток у асноўным з разлікам на дзяўчынак. Але высветлілася, што і хлопцам гэта вельмі цікава.

Залатыя рукі — у дэфіцыце

“Знайсці выкладчыкаў для пазашкольных гурткоў няпроста”, — звяртае Марыя Корган увагу на праблему. Справа ў тым, што спецыялістаў для гэтага айчынныя ўніверсітэты амаль што не рыхтуюць. Таму нярэдка прыходзіцца браць на работу па сумяшчальніцтву. Напрыклад, чалавек працуе слесарам ці інжынерам, архітэктарам, а па вечарах у будні ці ў выхадныя вядзе гурток. У белаазёрскім цэнтры такіх выкладчыкаў амаль палова.
Але знайсці такіх людзей складана. Адна з галоўных прычын — адносна нізкі заробак. Спецыяліст, які працуе па сумяшчальніцтву, атрымлівае за месяц каля 150 тысяч рублёў, а стаўка штатніка — каля 300 тысяч. У цэнтр выкладаць прыходзяць, магчыма, не толькі з-за грошай — імкнуцца займацца цікавай справай. Нярэдка, як гаворыць дырэктар, на папулярнасць гурткоў уплывае не столькі матэрыяльная база, колькі апантаны, таленавіты педагог.
Сама Марыя Корган працуе ў сферы пазашкольнай работы ўжо тры дзесяткі гадоў.
У свой час яе запрашалі выкладаць у школу, але яна адмовілася. “Сапраўды, там зарплата больш высокая, але мала прасторы для творчасці”, — патлумачыла яна свой выбар. Цяпер яна акрамя дырэктарскай работы яшчэ вядзе і гурток па вырабу мяккіх цацак.

Па талент — пасля школы

У школе даюць веды, а ў пазашкольных гуртках развіваюць таленты, займаюць вольны час дзяцей і падлеткаў.
“Напрыклад, авіямадэльны гурток дае дзецям комплекснае развіццё, — тлумачыць Марыя Корган. — Тут патрэбна цярпенне, каб зрабіць мадэль, фізічная падрыхтоўка, каб прабегчы за самалётам тры-пяць кіламетраў. Неабходна ўмець арыентавацца на мясцовасці, каб адшукаць, куды прызямлілася мадэль. А для гэтага спатрэбяцца веды і па фізіцы, хіміі, геаграфіі”.
Не ўсе бацькі могуць развіць у сваім дзіцяці таленты. Напрыклад, у Польшчы, Германіі гэтым займаюцца спецыялісты грамадскіх арганізацый. У Беларусі, як гэта працягваецца з савецкага часу, — дзяржаўныя структуры.  “Расіяне нам зайздросцяць, — гаворыць Марыя Корган. — Там сістэма пазашкольнай работы прыйшла ў заняпад, яе аднаўляюць”.
“Мы спецыяльна даём дзецям два-тры месяцы на тое, каб яны пахадзілі ў розныя гурткі, адчулі, што іх найбольш цікавіць”, — расказвае Марыя Васільеўна.

Жыць па новых стандартах

Каб гурткі змаглі адвадзіць дзяцей ад камп’ютарных гульняў, трэба ўмацоўваць матэрыяльную базу цэнтра. Грошай, зразумела, на ўсё не хапае. Таму ў Белаазёрскім цэнтры пазашкольнай работы акрамя бясплатных заняткаў пачалі праводзіць і платныя. Напрыклад, бацькі плацяць за заняткі старшакласніц аэробікай, а малых, пяці-шасцігадовых — танцамі. Аднак у цэнтры дзейнічаюць у гэтым кірунку разважліва.
“Нам патрэбны новы будынак для пазашкольнай работы з актавай залай, вялікімі майстэрнямі”, — марыць дырэктар.
Белаазёрск у апошні час абнаўляецца, развіваецца. Спадзяецца Марыя Корган, што дойдзе чарга і да патрэб сістэмы пазашкольнай работы. Канешне, мясцовыя ўлады могуць нечым дапамагчы, але найбольшы эфект, пераканана яна, будзе тады, калі праблемы цэнтра і ў цэлым горада будуць  вырашаць адзінай камандай на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўні.
Такому маленькаму гораду, як Белаазёрск, патрэбны новыя працоўныя месцы, жыллёвае будаўніцтва, развіццё сацыяльнай інфраструктуры. Калі гэта будзе, то і моладзі тут будзе больш. А гэта значыць, што і пошук новых таленавітых выкладчыкаў для цэнтра пазашкольнай работы, магчыма, спросціцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter