Пазакласныя трактарысты

Директор "школы в школе" рассказал об уникальном белорусском учебном заведении

Вучні «б`юцца» за метал


ЦІ НЕ АДЗІНАЙ, прычым унікальнай, школай у Віцебскай вобласці, дзе сёння засталіся яшчэ курсы па навучанні не толькі трактарыстаў-машыністаў, але і вадзіцеляў цяжкавагавых аўтамабіляў катэгорыі “С”, з’яўляюцца Дунілавіцкія сад-яслі — сярэдняя школа Пастаўскага раёна. За 40 гадоў свайго існавання яны далі народнай гаспадарцы больш як паўтары тысячы механізатараў і вадзіцеляў. Па сутнасці гэта школа ў школе, якая трымаецца больш на грамадскіх пачатках і энтузіязме дырэктара Васіля БУЛЬБЯНОВА. Ён вось ужо 33 гады ўзначальвае гэтую навучальную ўстанову, з’яўляецца выдатнікам асветы, заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь.

Дырэктар школы Васіль БУЛЬБЯНОЎ.

— Васіль Аляксандравіч, што ўяўляюць сабой у вашай школе курсы, дзе вывучаюць трактары і аўтамабілі?

— Па-першае, ёсць моцная матэрыяльная база: два трактары, два грузавыя аўтамабілі і адзін легкавы. Па-другое,  у нас высакакласныя спецыялісты, педагогі і майстры.

На курсы запісваюцца практычна ўсе  старшакласнікі. Сёлета прафесіі трактарыста-машыніста і аўтамабіліста набываюць 32 вучні.

— А як увогуле арганізавана гэтая справа?

— Калі гаварыць канкрэтна, то мы з пятага класа пачынаем “прывучаць” дзяцей да металу. На ўроках працы яны робяць розныя рэчы. Раней  карысталіся і станкамі, але эксплуатацыя іх у школе забаронена. Для дзесяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў дзейнічаюць курсы па прафесійнай падрыхтоўцы вадзіцеляў легкавога і грузавога аўтамабіляў катэгорый “В” і “С” і трактарыстаў-машыністаў катэгорыі “А”, на што маем адпаведныя сертыфікаты. Выбар курсаў за вучнямі. Дзяўчаты звычайна выказваюць жаданне атрымаць правы на легкавушку, а вось хлопцаў больш цікавяць грузавы аўтамабіль і трактар. Тэарэтычныя заняткі праводзім па суботах, а практычныя — у звычайныя дні пасля ўрокаў. Кіраваць аўтамабілем вучыць Славамір Бенядзіктавіч Малец, а Браніслаў Фляр’янавіч Зямчонак — трактарам. 

— Навучанне, напэўна, каштуе немалых бюджэтных сродкаў. Напрыклад, згодна з даведкай з аднаго прафесійна-тэхнічнага ліцэя, трохгадовае навучанне аднаго выхаванца абыходзіцца дзяржаве ў 82 мільёны рублёў.

— Цяжка паверыць, а ў нас іншыя, нашмат больш сціплыя лічбы. А яшчэ скажу, што ў нас самае таннае навучанне. З бюджэту мы плацім  толькі двум майстрам па ваджэнні. У год атрымліваецца каля 50 мільёнаў рублёў. Улічваючы, што займаюцца 32 вучні, то на аднаго за 2 гады навучання з бюджэту затрачваецца ўсяго тры мільёны рублёў.

Урок вядзе майстар Браніслаў ЗЯМЧОНАК.

— Але ж яшчэ трэба абслугоўваць тэхніку? Купляць паліва, запчасткі да яе.

— Забеспячэннем матэрыяльнай базы курсаў займаецца апякунскі савет школы. Дапамагаюць запчасткамі, палівам сельгаспрадпрыемства “Дуні- лавічы-Агра”, на тэрыторыі якога знаходзіцца школа, а таксама суседнія “Навасёлкі-Лучай” і  філіял “ Нафтазаводмантаж” горада Наваполацка. Ахвяраванні ўносяць  некаторыя былыя нашы выпускнікі і бацькі вучняў, па сваёй  ініцыятыве. З бюджэту сёлета мы ўзялі толькі 865 тысяч рублёў.

— Васіль Аляксандравіч, вядома, што школа вярнулася да больш глыбокага вывучэння  асобных школьных прадметаў, якія па жаданні выбіраюць самі вучні. І для заняткаў па гэтых прадметах у многіх школах выкарыстоўваюць якраз суботу. У вас яна занята курсамі трактарыстаў і аўтамабілістаў.

— Не трэба думаць, што ў нас дзеці акрамя трактара больш нічога не бачаць. Выкладаем гэты прадмет не ў шкоду іншым. Ёсць у нас павышаны ўзровень навучання па розных прадметах, у тым ліку па матэматыцы і беларускай мове. Аб ступені ведаў нашых вучняў красамоўна сведчаць наступныя лічбы: з 31 сёлетняга выпускніка вучыцца далей паступілі 30, прычым больш за палову ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

— А ці не занадта вялікая нагрузка на дзяцей? 

— Нагрузка ў кожнага індывідуальная: у каго большая, у каго меншая.

Між іншым, мы першымі ў раёне пайшлі на профільнае навучанне і здолелі сумясціць яго з аўтамабільнымі і трактарнымі курсамі. Потым, калі маленькая нагрузка, для вучняў таксама дрэнна. Паверце, яны хутка знойдуць, чым запоўніць вольны час. І не заўсёды лепшым чынам. 

— Вы сказалі, што практычна ўсе выпускнікі сёлета пайшлі вучыцца далей. Дома застаўся толькі адзін.

— Андрэй Парневіч папоўніў сям’ю механізатараў “Дунілавічы-Агра”, цяпер працуе разам з бацькам. 

Але не ў гэтым нават справа. Паглядзім на праблему глыбей: куды пайшлі нашы выпускнікі? Святаслаў Танана, Яўген Халява, Арцём Гваздоў і Дзмітрый Дорц паступілі ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт машынабудавання і аўтамабільнага транспарту. У сярэдніх спецыяльных навучальных установах набываюць прафесіі слесара-механіка Арцём Жыдко, тэхнолага машынабудавання Аляксей Зелянкевіч, тэхніка-механіка па забеспячэнні меліяратыўных і водагаспадарчых работ Аляксей Якімовіч.

Гэта нашы хлопцы, і многія з іх пасля вучобы вернуцца да нас выдатнымі спецыялістамі. А калі і не, усё роўна прынясуць карысць нашай зямлі ў іншым месцы. Мы атрымліваем у свой адрас добрыя словы ад ваенкама Пастаўскага раёна Юрыя Валер’евіча Мільто за тое, што нашы прызыўнікі маюць прафесію вадзіцеляў катэгорыі “С” і ў арміі адразу сядаюць за руль цяжкіх грузавікоў. Выпускнік нашай школы Аляксандр Мышко працуе канструктарам на “МАЗе”, а Дзяніс Сяргеевіч Каралёнак выкладае ў Горацкай сельгасакадэміі. 

Не ў крыўдзе на нас і гаспадарка. Пераважная большасць на палях і фермах сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-Агра” — нашы выпускнікі. Толькі за некалькі апошніх год у сям’ю механізатараў улілося каля дзесяці нашых выхаванцаў.

— Васіль Аляксандравіч, кажуць, што выкладанне прадмета ў вашай школе два гады таму падтрымаў былы старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, цяперашні памочнік Прэзідэнта Аляксандр Якабсон? 

— Існаванне гэтых класаў — пастаяннае змаганне, асабліва ў апошні час. У нас узніклі цяжкасці з грузавымі аўтамабілямі, якія адпрацавалі  сваё. Аляксандр Серафімавіч, наведаўшы школу, сказаў, што робім мы вялікую дзяржаўную справу, і асабіста паспрыяў набыццю двух аўтамабіляў. Сур’ёзную падтрымку адчуваем і ад старшыні Пастаўскага райвыканкама  Віктара Сяргеевіча Гутарава, начальніка раённага аддзела асветы Аляксандра Яўгенавіча Кашырына, дырэктара сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-Агра”  Паўла Баляслававіча Будзіча. 

Хочацца спадзявацца, што вадзіцельскія і механізатарскія класы будуць існаваць і далей у нашай школе. Яны маюць права на жыццё.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости