Павянчаныя на радасць збаўлення. Адразу 32 сямейныя пары прынялі абрад вянчання ў глыбоцкім касцёле Святой Тройцы.

Урачыстасць была задумана спецыяльна перад Вербнай нядзеляй, і правёў яе кіраўнік Віцебскай каталіцкай епархіі ксёндз-біскуп Уладзіслаў Блін для сталых сямей глыбоцкіх католікаў, якія даўно, 20 і болей гадоў назад, стварылі свае сем’і, але не мелі сакрамэнту пакаяння.

Мясцовы пробашч ксёндз Мечыслаў Янчышын патлумачыў “НГ”, што Вялікі пост не з’яўляецца перашкодай для такой важнай падзеі, бо гэта не вяселле, а абрад вянчання, праз які чалавек больш наблізіцца да Пана Бога.
— Калі я наведваў дамы сваіх парафіян па Калядзе, высветлілася, што некаторыя з іх жадаюць быць павенчанымі, бо жывуць ужо многія гады ў граху, — гаворыць айцец Мечыслаў. — Для такой падзеі, калі чалавек вызваляецца ад граху, не можа існаваць ніякіх перашкод. Калі адкрываецца дарога да Пана Бога, чалавек перажывае вялікае абнаўленне. Звычайна пары рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту на працягу трох месяцаў. Напярэдадні Вялікадня гэта значная падзея для веруючага чалавека.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter