Паводле першых ацэнак

На рост ВУП у 2012-м асноўны ўплыў аказала прамысловасць

Асноўны ўплыў на фарміраванне тэмпу росту ВУП у Беларусі ў 2012 годзе аказала прамысловасць, доля якой склала 1,8 працэнта

Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Па выніках года ўклад у прырост ВУП транспарту і сувязі, а таксама сельскай гаспадаркі і лясной склаў па 0,5 працэнта, чыстых падаткаў — 0,4 працэнта, іншых відаў эканамічнай дзейнасці — 0,1 працэнта. Пры гэтым мінус у фарміраванні ВУП далі будаўніцтва (0,6 працэнта) і гандаль; рамонт аўтамабіляў, бытавых прадметаў асабістага карыстання (1,2 працэнта). У выніку аб’ём валавога ўнутранага прадукту ў 2012 годзе склаў у бягучых цэнах Br 527,4 трлн. і павялічыўся ў параўнанні з 2011 годам у супастаўных цэнах на 1,5 працэнта. Індэкс-дэфлятар ВУП склаў 174,9 працэнта.

Гэта першая ацэнка валавога ўнутранага прадукту за 2012 год, яна з’яўляецца папярэдняй, заснавана на аператыўнай інфармацыі статыстычных абследаванняў, экспертных ацэнках і ўскосных разліках, адзначылі ў Белстаце.

Удзельная вага ў ВУП валавой дабаўленай вартасці асноўных відаў эканамічнай дзейнасці склала: прамысловасць — 31,8 працэнта, гандаль, рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання — 14,3 працэнта, сельская гаспадарка, паляўніцтва і лясная гаспадарка — 8,4 працэнта, транспарт і сувязь — 7,1 працэнта, будаўніцтва — 6,9 працэнта.

Таксама праведзена першая ацэнка валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) за 2012 год. Прырост ВРП у супастаўных цэнах адбыўся па ўсіх абласцях рэспублікі: у Мінскай вобласці — 6,5 працэнта, Віцебскай — 5,3 працэнта, Магілёўскай — 3,7 працэнта, Гродзенскай — 3 працэнты, Гомельскай — 1,6 працэнта, Брэсцкай — 0,5 працэнта. Але па Мінску адзначаецца зніжэнне аб’ёму ВРП — мінус 4,3 працэнта. Пры гэтым удзельная вага ВРП Мінска ў валавым унутраным прадукце краіны склала 24,1 працэнта, або Br 127,1 трлн., — гэта найбольш высокі ўзровень сярод іншых рэгіёнаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter