Выяснили, стоит ли ожидать паводков из-за резкого потепления

Паводка на кароткім павадку

Рэзкi перапад тэмпературы з дваццацiградусных маразоў да «каля нуля» даў падставу для трывог многiм гаспадарам прыватных падворкаў. Цi не пачнуцца, як бывала не раз, сезонныя падтапленнi? Можа, пара падсыпаць дарожкi ў дварах i даставаць з кладовак высокiя гумовыя боты? У пытаннi разбiраўся карэспандэнт «Р».

Навадненнi апошнiх 20 гадоў на тэрыторыi краіны ў асноўным былi нязначнымi.

Усё пад кантролем

Вёску Перароў Жыткавiцкага раёна падтоплiвае часам з-за разлiву Прыпяцi. Але цяпер, на шчасце, падстаў для турбот няма. Выконваючы абавязкi старшынi Перароўскага сельскага выканкама Вольга Зайцава кажа, што сiтуацыя цалкам кантраляваная. Ды i начальнiк Жыткавiцкага раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях установы «Гомельскае абласное ўпраўленне МНС» Андрэй Туравец нагадаў, што ў раёне ўжо тры гады нiякiх паводак не было:

— Узровень вады ў Прыпяцi не крытычны, вада знаходзiцца ў межах ракi. Калi i чакаем паводкi, то блiжэй да вясны. Манiторым сiтуацыю i пры неабходнасцi будзем дапамагаць лiквiдаваць наступствы вялiкай вады.

Аналагiчная сiтуацыя цяпер i ў Петрыкаўскiм раёне, дзе паводкi сталi для мясцовых жыхароў звыклай з’явай. Па словах старшынi Галубiцкага сельвыканкама Уладзiмiра Аляксандрава, да крытычнага ўзроўню вады яшчэ далёка. У выпадку ж аварыйных сiтуацый будзе ўсталяваны выязны пажарны пост i арганiзавана праца дзяжурнай медсястры для жыхароў, не гатовых да часовага пераезду са сваiх дамоў.

У чаканнi паводкi

Каб праяснiць сiтуацыю, мы звярнулiся ў Белгiдрамет. Там расказалi, што на дадзены момант амаль усе водныя аб’екты краiны маюць ледзяную скарынку, а запасы вады ў снезе ў асноўным блiзкiя да звычайных значэнняў для гэтага часу года. Пры гэтым глыбiня прамярзання глебы на тэрыторыi Беларусi менш сярэднiх шматгадовых значэнняў.

— Да канца студзеня няўстойлiвы характар надвор’я будзе спрыяць раставанню ледзянога покрыва на водных аб’ектах, амаль паўсюдна з’явiцца вада на лёдзе, трываласць лёду паменшыцца, — падзялiлiся спецыялiсты аддзела гiдралагiчных прагнозаў Белгiдрамета. — Раставанне снежнага i лядовага покрываў, а таксама выпадзенне ападкаў абумовяць на рэках краiны павышэнне ўзроўняў вады. На асобных участках басейнаў рэк Вiлii, Нёмана, Бярэзiны, Заходняга Буга i Прыпяцi ўзроўнi вады наблiзяцца да адзнак выхаду вады на пойму.

У цэлым вышыня паводкi залежыць ад надвор’я, якое будзе ў перыяд фармiравання максiмальных узроўняў вады.

Калi браць у разлiк сапраўдныя гiдраметэаралагiчныя ўмовы, то нас чакае развiццё сярэдняй па вышынi паводкi.

Спецыялiсты аддзела гiдралагiчных прагнозаў Белгiдрамета звярнулi ўвагу, што са стыхiйных гiдралагiчных з’яў найбольшую небяспеку для Беларусi прадстаўляюць высокiя ўзроўнi на рэках, якiя суправаджаюцца паводкай. На тэрыторыi краiны яны, як правiла, назiраюцца ў перыяд вясновай паводкi i ў асобныя гады ў перыяд дажджавых паводак — у летне-восеньскi i зiмовы перыяды.

Мяккi характар вялiкай вады

Зрэшты, да паводкi i стыхiйных навадненняў нам не прывыкаць. Калi катастрафiчныя навадненнi на рэках назiралiся на тэрыторыi нашай краiны ў XIX — пачатку ХХ стагоддзя, то цяпер яны набылi больш мяккi характар.

Да прыкладу, у басейне ракi Прыпяць апошняе катастрафiчнае навадненне здарылася ў далёкiм 1845 годзе. А ў 1974, 1979 i 1999 гадах на гэтай рацэ назiралiся, як iх называюць метэаролагi, выбiтныя навадненнi, якiя прывялi да эвакуацыi людзей. Дарэчы, высокiя паводкi, якiя наносяць шкоду народнай гаспадарцы, у басейне гэтай ракi не рэдкасць. Гэта звязана з яго марфаметрычнымi асаблiвасцямi. Тэрыторыя басейна ўяўляе сабой нiзiну з чаргаваннем асобных град i шырокiх панiжэнняў.

У сярэднiм адзін раз на 2—3 гады вясновыя паводкi назiраюцца ў раёне Петрыкава, Пiнска, Чарнiчаў, Гомеля, Лоева, Верхнядзвiнска i iншых населеных пунктах.

Навадненнi апошнiх 20 гадоў на тэрыторыi Беларусi ў асноўным былi нязначнымi i працякалi лёгка. Выключэнне складаюць хiба што 2010 год на Бярэзiне i Прыпяцi, 2011 год на Прыпяцi, 2013 год на Заходняй Дзвiне, Дзiсне, Дняпры, Прыпяцi i Гарынi.

grudnitskiy@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter