Павага да законаў краіны і маральных каштоўнасцей народа

На думку міністра інфармацыі Алега ПРАЛЯСКОЎСКАГА, гэты прынцып разам з аб’ектыўнасцю, дакладнасцю, аператыўнасцю павінен быць пакладзены ў аснову працы любога журналіста

У нядзелю Ганцавічы сустракаюць Дзень беларускага пісьменства — свята, якое пісьменнікі, журналісты, выдаўцы ўжо даўно лічаць сваім прафесійным. Выдатная нагода пагутарыць з міністрам інфармацыі Беларусі Алегам ПРАЛЯСКОЎСКІМ не толькі аб выніках і дасягненнях, але і аб праблемах, перспектывах друкаваных СМІ і выдавецтваў, аб канкурэнцыі ў нашай галіне і аб грамадзянскай адказнасці людзей, у руках якіх вельмі магутная зброя — слова...

— Алег Вітольдавіч, Дзень беларускага пісьменства стаў, несумненна, за гады яго правядзення неад’емнай часткай грамадскага і культурнага жыцця краіны. У той жа час скептыкі могуць заўважыць, што ў цяперашніх эканамічных стасунках падобнае свята, на падрыхтоўку і правядзенне якога выдаткоўваюцца немалыя сродкі і ў якім удзельнічаюць штогод практычна адны і тыя ж людзі, праводзіць зусім не абавязкова. Вы гатовы паспрачацца з гэтымі заўвагамі?

— Зразумела, я магу аргументавана аспрэчыць падобныя заўвагі. Па-першае, грошы на правядзенне саміх святочных мерапрыемстваў выдаткоўваюцца невялікія. А сёлета ўсе яны планаваліся з улікам неабходнасці эканоміі бюджэтных сродкаў. І — хачу асабліва гэта падкрэсліць — асноўныя матэрыяльныя выдаткі ідуць на добраўпарадкаванне гарадоў — сталіц свята, якія дзякуючы Дню беларускага пісьменства набываюць літаральна новае аблічча. Узводзяцца і рэканструююцца помнікі, разбіваюцца новыя паркі і скверы, праводзяцца рамонты дамоў, вуліц. Усё гэта застаецца для жыхароў на доўгія гады.

Але галоўнае — адметнасць гэтага свята ў шэрагу іншых. Дзень беларускага пісьменства, які мы святкуем у адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы ад 26 сакавіка 1998 года “Аб дзяржаўных святах і святочных днях у Рэспубліцы Беларусь”, займае асаблівае месца, бо гэта свята ўсіх тых, хто нераўнадушна і з вялікай павагай ставіцца да роднага слова, культуры, духоўных здабыткаў народа, найперш нашай мовы і літаратуры. Я ўпэўнены, што такіх людзей у нас вельмі і вельмі многа, таму ёсць усе падставы называць Дзень беларускага пісьменства агульнанародным святам. У гэты дзень кожны можа спрычыніцца да ўнікальнай творчай атмасферы, далучыцца да жыватворнай крыніцы беларускага слова. Што датычыцца заўвагі аб тым, што, маўляў, практычна адны і тыя ж людзі ўдзельнічаюць — замест пярэчанняў варта проста ўзгадаць, што свята праводзіцца не толькі ў гарадах, дзе праходзяць асноўныя мерапрыемствы, але і па ўсёй краіне: ідуць урокі ў школах, адбываюцца сустрэчы з літаратарамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры. І гэта аб’ядноўвае людзей, спрыяе духоўнаму развіццю грамадства. Таму такое свята, як Дзень беларускага пісьменства, абавязкова павінна праводзіцца ў нашай краіне.

— Падчас правядзення гэтага свята звычайна падводзяцца вынікі працы выдавецкай сферы (і перыядычных выданняў, і кнігавыдаўцоў) за год. Ці ёсць пра што гаварыць сёлета, улічваючы ўсё тыя ж складаныя эканамічныя ўмовы, калі цэны на паперу і паліграфію проста ўзляцелі?

— Сапраўды, прадпрыемствы галіны, рэдакцыі друкаваных СМІ і выдавецтвы сёлета трапілі ў надзвычай складаную сітуацыю. Мяркуйце самі: з пачатку года кошт газетнай паперы павялічыўся ў два разы, афсетнай і мелаванай — амаль у чатыры разы. Больш як напалову выраслі тарыфы на друкарскія паслугі.
Нягледзячы на гэта, галіна па-ранейшаму працуе і дэманструе нядрэнныя вынікі. Нам удалося ў цэлым захаваць тыражы газет і часопісаў, некаторыя, як, напрыклад, “7 дней”, у другім паўгоддзі здолелі нават істотна дабавіць. Агульны разавы тыраж вядучых дзяржаўных рэспубліканскіх масава-палітычных і ведамасных газет складае сёння звыш 860 тысяч экзэмпляраў, рэгіянальнай прэсы — больш за 900 тысяч экзэмпляраў.

Падобная сітуацыя і ў кнігавыдавецкай дзейнасці. Хаця колькасныя паказчыкі выпуску кніг у параўнанні з мінулагоднімі некалькі зменшыліся (па назвах — на 4 працэнты, па тыражы — на 16 працэнтаў), выдаўцы працуюць актыўна: за паўгоддзе выпушчана 5600 назваў кніг і брашур тыражом 17 мільёнаў экзэмпляраў.

— Як на думку міністра: пэўныя праблемы з выпускам друкаванай прадукцыі могуць стаць штуршком для рэдакцый у больш актыўным асваенні інтэрнэт-прасторы? І ці няма небяспекі, што друкаваныя версіі газет прыйдуць у заняпад?

— Актыўнае асваенне інтэрнэт-прасторы — гэта запатрабаванне часу, найбольш перспектыўны напрамак дзейнасці сучасных СМІ, з гэтай ужо, па сутнасці, прапісной ісцінай ніхто, я думаю, спрачацца не будзе. Ужо сёння значная частка нашага грамадства ў якасці асноўнай інфармацыйнай крыніцы выкарыстоўвае менавіта інтэрнэт, і з цягам часу гэта тэндэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Варта сказаць, што нашы СМІ ўжо дабіваюцца пэўных поспехаў у асваенні віртуальнай прасторы. Да прыкладу, сайт “Народнай газеты” стаў пераможцам сярод інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў на выставе “TIBO-2010”.

З пункта гледжання эканомікі рэдакцый — гэта своеасаблівая страхоўка ад фактараў рызыкі, звязаных з падаражаннем паперы і друкарскіх паслуг. Таму варта развіваць такія формы, як электронная падпіска, продаж інтэрнэт-кантэнту СМІ.

У той жа час сёння гаварыць пра заняпад друкаваных версій выданняў, безумоўна, рана. Пра гэта, дарэчы, сведчаць і адносна высокія і стабільныя тыражы прэсы. Многія чытачы па-ранейшаму аддаюць перавагу друкаваным версіям газет і часопісаў, асабліва калі ўзнікае размова пра платны кантэнт. Аднак, безумоўна, і пра гэта я неаднойчы гаварыў, аператыўная інфармацыя, навіны ўсё больш будуць сыходзіць у інтэрнэт, у друкаваных версіях застанецца аналітыка, якая павінна быць якаснай і актуальнай.

— У сённяшні час, калі канкурэнцыя ў медыяпрасторы з-за агульнадаступнасці таго ж інтэрнэту ўзрасла, якасць, аб’ектыўнасць і аператыўнасць інфармацыі — галоўныя складнікі поспеху выдання ў чытачоў. Але нярэдка распаўсюджванне інфармацыі становіцца задачай толькі журналістаў, хаця афіцыйнае, кампетэнтнае меркаванне, асабліва зараз, калі ідуць сапраўдныя інфармацыйныя войны, вельмі важнае. Здараецца, што з-за маруднасці прэс-службаў, з-за недастатковага выкарыстання сучасных рэсурсаў дзяржаўныя СМІ ў гэтых войнах не зусім пераможцы. Што, на ваш погляд, неабходна зрабіць, каб выправіць сітуацыю?

— Не згодны з тым, што дзяржаўныя СМІ прайграюць у канкурэнцыі. Пра гэта сведчаць не толькі тыражы, але і даныя шматлікіх сацыялагічных апытанняў. Паводле іх, вядучыя дзяржаўныя рэспубліканскія газеты па папулярнасці знаходзяцца далёка наперадзе так званых “незалежных выданняў”. Пра тэлебачанне і казаць няма чаго: нацыянальныя тэлеканалы застаюцца безумоўным лідарам сярод інфармацыйных крыніц для абсалютнай большасці насельніцтва.

Так, дзяржаўныя СМІ падыходзяць да праблем, у тым ліку і вострых, узважана, як правіла, пазбягаючы рэзкіх ацэнак, не паддаюцца на кідкія “сенсацыі”. Але ж мы ўсе ведаем, да чаго прыводзіць безадказнасць, ігнараванне журналістамі маральных і этычных норм — вынікам становяцца дэстабілізацыя грамадства, эканамічныя і палітычныя катаклізмы.

У гэтай сувязі не магу не прыгадаць словы Прэзідэнта Беларусі. У сваім прывітанні ўдзельнікам VI Беларускага міжнароднага медыяфоруму сярод галоўных прынцыпаў, якімі сёння павінны кіравацца журналісты, кіраўнік дзяржавы вызначыў “павагу да законаў краіны і маральных каштоўнасцей народа”. Упэўнены, што гэты прынцып побач з класічнымі (аб’ектыўнасць, дакладнасць, аператыўнасць) павінен быць пакладзены ў аснову працы любога журналіста.

Іншая справа, што сапраўды існуе праблема з аператыўным атрыманнем інфармацыі ад некаторых органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый. Гэтая працэдура часам настолькі забюракратызавана, што журналіст, патраціўшы шмат сіл і часу, атрымлівае неабходныя звесткі альбо згоду на інтэрв’ю ад чыноўнікаў тады, калі гэта інфармацыя ўжо нікому не цікавая. Альбо яшчэ горш — па гэтым жа пытанні ўжо прайшла недакладная інфармацыя, і многія людзі прынялі яе за чыстую манету. Таксама бывае, што ёсць кіраўнік ці адказны спецыяліст, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, але ясна і пераканаўча данесці інфармацыю да аўдыторыі ён не можа.

Па ўсіх гэтых пытаннях неабходна працаваць прэс-службам, трымаць іх у полі зроку павінны і кіраўнікі ведамстваў. Неабходна, безумоўна, выконваць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 65 ад 6 лютага 2009 года “Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі”, які скіраваны на забеспячэнне своечасовага і аб’ектыўнага інфармавання грамадскасці аб падзеях сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны.

— Штогод на выданне сацыяльна значнай літаратуры дзяржава выдаткоўвае немалыя сродкі. Але знайсці прыгожую пазнавальную дзіцячую кніжку ды яшчэ на беларускай мове сярод яркіх расійскіх выданняў — вялікая праблема. Атрымліваецца, па некаторых пазіцыях мы прайграём усходнім суседзям на ўласным кніжным рынку?

— Я не стаў бы гаварыць аб нейкім выйгрышы або пройгрышы на кніжным рынку. Кнігадрукаванне ў Беларусі і Расіі вельмі адрозніваецца, у першую чаргу па колькасных паказчыках. У нас штогод выдаецца 11—12 тысяч найменняў, у Расіі — звыш 100 тысяч. Ва ўмовах агульнага кніжнага рынку кнігі расійскіх вытворцаў, безумоўна, прысутнічаюць ў нашых кніжных крамах у дастатковай колькасці.

Але хто хоча знайсці на кніжных паліцах добрую беларускамоўную дзіцячую кнігу, той яе знойдзе. Нагадаю, напрыклад, кнігі “Мастацкай літаратуры” — спецыялізаванага дзяржаўнага выдавецтва з імем-брэндам па выпуску мастацкай, у тым ліку і дзіцячай, прозы і паэзіі беларускіх аўтараў. Толькі ў апошні час выпушчаны ў свет кніжкі “Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў” аўтараў Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага, каля дзесяці кніг серыі “Зямля мая”, пазнавальныя кнігі аб навакольным свеце серыі “Скарбы роднай прыроды”, кнігі для дзяцей пра славутых землякоў — Янку Купалу, Якуба Коласа, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з серыі “Славутыя імёны” і шмат іншых. Безумоўна, цікавыя дзіцячыя кнігі рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”. Напрыклад, зборнік казак Алены Масла “Першая прыгажуня”, які летась быў адзначаны за лепшае мастацкае афармленне на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”. Даспадобы чытачу прыйшліся і дзіцячыя кнігі Наталлі Ігнаценкі “Казачныя падарожжы з прыгодамі” і многія іншыя.

-  Год назад да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча было перавыдадзена нямала яго твораў, і на паліцах кнігарняў яны не заляжаліся. Немалую ролю ў гэтым адыграла і выдатная паліграфія, якасныя ілюстрацыі. Сёлета 120-я ўгодкі Максіма Багдановіча, на наступны год — 130 гадоў Янку Купалу і Якубу Коласу. Нашы выдавецтвы парадуюць беларусаў прыгожым перавыданнем класікаў, якія не толькі душу сагрэюць, але і кніжную паліцу ўпрыгожаць?

— Што датычыцца Уладзіміра Караткевіча, то выпуск яго кніг працягваецца і пасля святкавання 80-годдзя. Зараз выдавецтва “Мастацкая літаратура” аб’явіла падпіску на Збор твораў класіка ў 24 тамах, першы з іх пабачыць свет у наступным годзе.

Наперадзе — 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Беларускія выдаўцы, безумоўна, адзначаць гэтую дату новымі добрымі кнігамі. Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі” рыхтуе да выпуску энцыклапедыю “Максім Багдановіч”, РВУ “Літаратура і Мастацтва” — літаратурна-крытычны і гісторыка-архіўны зборнік “Максім Багдановіч: вядомы і невядомы”, “Мастацкая літаратура” — кнігу “Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, факсімільнае выданне “Вянок”, кнігу А.Марціновіча “Свяці, зорка, свяці. Дзецям пра Максіма Багдановіча”.

Будзе адзначаны і юбілей Янкі Купалы і Якуба Коласа. У РВУ “Літаратура і Мастацтва” працягваецца выданне працы ў трох тамах “Купала і Колас, вы нас гадавалі”, першы том ужо добра вядомы чытачу. Складзены гэты трохтомнік з невядомых дагэтуль дакументаў пра Купалу і Коласа, сабраных агульнымі намаганнямі беларускіх і расійскіх архівістаў. У 2012 годзе ўбачаць свет кнігі “Жыццёвы і творчы шлях Янкі Купалы” і “Наш Якуб Колас”, вершы для дзяцей Янкі Купалы, іншыя творы класікаў.

— Класікам, канешне, “прабіцца” ў друк лягчэй. А наколькі актыўна нашы выданні і выдавецтвы працуюць з маладымі аўтарамі, чым іх гатовы заахвоціць? Ці ёсць у нашай сучаснай літаратуры аўтары-адкрыцці, чые імёны мы хутка пабачым на вокладках выпушчаных нашымі выдавецтвамі кніг?

— Літаратурная моладзь таксама не застаецца па-за ўвагай беларускіх выдавецтваў. Вельмі часта здараецца так, што творы спачатку прыходзяць да чытача са старонак часопіса “Маладосць”, а ў хуткім часе ўжо становяцца асобнымі кнігамі. Так у свой час здарылася з прозай і паэзіяй Андрэя Федарэнкі, Анатоля Казлова, Віктара Шніпа, Алеся Бадака. Зараз у РВУ “ЛіМ” з удзелам Саюза пісьменнікаў Беларусі падрыхтавана анталогія паэзіі маладых аўтараў “Мы — маладыя”. Ведаю таксама, што ў “ЛіМе” рыхтуецца да друку кніга прозы Алены Брава. Дарэчы, яе творы перакладаюцца і друкуюцца на рускай, нямецкай і іншых мовах.

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” творы маладых аўтараў выходзяць у серыі “Дэбют”. Не так даўно пабачыла свет кніга зусім маладой аўтаркі Ясеніі Сцяпанавай “Купалінка”, якая хутка знайшла свайго чытача і стала лепшым дзіцячым выданнем года. У бліжэйшы час будзе выпушчаны зборнік “Маладыя галасы”, дзе будуць змешчаны творы каля 30 маладых літаратараў, якія ўжо друкаваліся ў рэспубліканскай прэсе.

Нашы выдавецтвы заўсёды рады маладым аўтарам і гатовы супрацоўнічаць з імі.

— Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Ганцавічах. Гэтыя мясціны маюць непасрэднае дачыненне да нашага мастацкага слова: тут у вёсцы Люсіна настаўнічаў Якуб Колас, яго трылогія “На ростанях” напісана на люсінскім матэрыяле. А чым кіраваліся пры выбары наступнай сталіцы свята — горада Глыбокае?

— Глыбокае — адзін з гарадоў нашай краіны, якія маюць доўгую і цікавую гісторыю (упершыню Глыбокае ўзгадваецца ў 1414 годзе), багатыя культурныя традыцыі. У горадзе шмат гістарычных помнікаў, сярод якіх Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ХVІІ стагоддзя, што знаходзіцца пад апекай ЮНЕСКА, манастыр кармелітаў ХVІІ стагоддзя, касцёлы Святой Тройцы і Святой Ганны ХVІІІ стагоддзя і іншыя.

На Глыбоччыне нарадзіліся заснавальнік беларускага нацыянальнага жывапісу, мастак, скульптар, этнограф і археолаг Язэп Драздовіч, знакаміты тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр Ігнат Буйніцкі, этнограф, літаратуразнаўца і гісторык Тадэвуш Даленга-Мастовіч, аўтар вядомага рамана “Знахар”. З Глыбокага, дарэчы, паходзіць і вядомы авіяканструктар, адзін з заснавальнікаў савецкай рэактыўнай авіяцыі Павел Сухой.

Варта адзначыць, што жыхары Глыбокага ўжо сёння пачалі падрыхтоўку горада да свята наступнага года. Праводзяцца мерапрыемствы па добраўпарадкаванні вуліц і плошчаў, рэстаўрацыйныя работы, будуюцца новыя аб’екты. Так што і Дзень беларускага пісьменства ў 2012 годзе абяцае быць цікавым і змястоўным.

— Дзякуй за змястоўныя адказы.

Пытанні задавала
Алена ЛЯЎКОВІЧ, “НГ”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter