Міжнародны аўтарытэт Беларусі за апошнія гады істотна ўзрос

Пацяпленне

Птушка, якой бы дужай ні была, не ўзнясецца ў неба на адным крыле. Так і чалавек, які згубіў аднойчы раўнавагу, не здолее ўстойліва прайсці свой жыццёвы шлях. Гэта тычыцца і дзяржавы: калі яна будзе абапірацца толькі на адзін бок, з цягам часу ўзнікнуць самыя розныя праблемы. Як кажуць, не трэба класці ўсе яйкі ў адзін кошык — могуць разбіцца. Гэтая простая ісціна перамагае.    

За чвэрць стагоддзя незалежнасці, існуючы на перакрыжаванні еўрапейскага прыцягнення, наша краіна знайшла для сябе шматвектарную раўнавагу і пабудавала добразычлівыя стасункі не толькі з суседзямі — Расіяй, Украінай, Польшчай і дзяржавамі Балтыі, але і з моцнымі сусветнымі ігракамі — Кітаем, ЕС, ЗША.

На нядаўняй сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу пятага і шостага склікання наш Прэзідэнт пацвердзіў, што ў цяперашніх няпростых міжнародных умовах задача Беларусі — дамагчыся рэальнага пазітыўнага балансу ў адносінах з усімі суседзямі, вядучымі геапалітычнымі цэнтрамі сілы. Прыярытэтамі ўнутранай палітыкі па-ранейшаму застаюцца: стабільнасць, мір і спакой у грамадстве.

Вядома, за пахаладаннем звычайна ідзе пацяпленне. Адзін атмасферны фронт саступае другому і наадварот. І ў дадзеным выпадку гэта не метэаралагічны, а хутчэй, палітычны тэрмін. Рух насустрач, уменне чуць і разумець адзін аднаго, дыялог, настойлівае жаданне змяніць сітуацыю да лепшага, няхай пакрысе і не адразу, дазволілі нашай краіне годна і на высокім узроўні правесці летась прэзідэнцкія, а ў гэтым годзе парламенцкія выбары. Як вынік: адмена шэрагу абмежаванняў, уведзеных Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі супраць Беларусі, паступовае наладжванне палітычнага і гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Апошні прыклад — візіт у Мінск намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк, падчас якога быў абмеркаваны стан беларуска-амерыканскіх адносін, іх далейшае развіццё.

Ніхто не будзе сёння аспрэчваць: міжнародны аўтарытэт Беларусі за апошнія гады істотна ўзрос. І не толькі таму, што Мінск стаў надзейнай пляцоўкай для рознабаковых перамоў па сітуацыі ва Украіне, сінонімам Мінскіх пагадненняў.

А яшчэ беларуская сталіца — найважнейшы палітычны і інтэграцыйны цэнтр Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якая сёлета адзначыць 25-годдзе, Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ. Дарэчы, на нядаўнім саміце ў Ерэване, дзе лідары дзяржаў — членаў АДКБ зацвердзілі стратэгію калектыўнай бяспекі на перыяд да 2025 года, старшынства ў гэтай аўтарытэтнай арганізацыі перайшло да нашай краіны.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter