Пацук: пачвара ці выратавальнік?

Пра гэта спрачаюцца навукоўцы і літаратары2008 год, які ўсе мы сустрэнем праз некалькі дзён, па ўсходнім гараскопе пройдзе пад знакам Пацука. Згодна з астралогіяй Пацук уступіць у свае правы 7 лютага, і астролагі на розныя лады расказваюць, што ж ён нам прынясе. “Народная газета”, не замахваючыся на глабальныя прагнозы, вырашыла высветліць, якой бачылі гэтую істоту майстры літаратуры і мастацтва на працягу чалавечай гісторыі. А дапамагае нам у гэтым вядомы беларускі літаратуразнавец і пісьменнік Пятро Васючэнка.

— Трэба прызнаць, што еўрапейскім літаратарам гэтая істота — пацук — заўсёды была непрыемная, — адзначае суразмоўца. — Напрыклад, традыцыйны сюжэт германскіх і скандынаўскіх казак — гісторыя пра пацукалова, які ачысціў краіну ад пацукоў і такім чынам выратаваў людзей. Да гэтага сюжэта звярталіся пазней многія аўтары. Прыгадаем, напрыклад, вядомую казку Андэрсена: пацукалоў зайграў на дудачцы, павёў за сабой полчышчы пацукоў і патапіў іх у моры. У Гофмана ў “Шчаўкунку” мы таксама знойдзем несімпатычны вобраз пацукоў (як і ў аднаіменным балеце Чайкоўскага). Пацукі разносяць заразу, у сярэднявеччы (факт вядомы) яны сталі прычынай паморку, што выкасіў больш за палову жыхароў краін Еўропы. Тут можна прыгадаць і раман Альбэра Камю “Чума”, дзе постаць пацукоў сімвалізуе набліжэнне няшчасця. Негатыўную сімвалічную нагрузку нясе вобраз гэтых істот у рамане Оруэла “1984”.
Пацучыныя войны
Мы сапраўдныя дзеці ў параўнанні з пацукамі, што з’явіліся на зямлі на 48 мільёнаў год раней за людзей. Біёлагі налічваюць у свеце каля трох з паловай тысяч відаў пацукоў. Многа стагоддзяў на Далёкім Усходзе жыла невялікая папуляцыя шэрых пацукоў. І раптам, тры стагоддзі таму, шэрыя пацукі пачалі захопліваць свет. І перамаглі, без усякай літасці знішчаючы іншыя віды сваіх суродзічаў. У 1727 годзе англійскі біёлаг Уільям Гарысан апісваў вялікія баталіі паміж шэрымі і рыжымі пацукамі, у якіх апошнія не здолелі перамагчы. Гарысан пісаў, што навука ўпершыню бачыць такія вялікія і добра арганізаваныя бойкі паміж настолькі падобнымі жывымі істотамі — калі не лічыць войны паміж людзьмі. Яшчэ тады гэта прымусіла навукоўцаў задумацца аб тым, што даўно ўжо інтуітыўна адчувалі мастакі...
Хто смяецца апошнім...
— Традыцыя негатыўнай канатацыі вобраза пацука ў мастацтве працягваецца ў сучаснасці, — расказвае Пятро Васючэнка. — У сучасных фільмах жаху пацук стаіць у адным шэрагу з іншымі монстрамі. Возьмем для прыкладу хрэстаматыйны фільм Хічкока “Пацукі”: там, дзе напрыканцы карціны цывілізацыя пацукоў замясціла цывілізацыю людзей.
І гэта — не плод фантазіі майстра жахаў. Сёння многія вучоныя прызнаюць, што чалавечая цывілізацыя жыве і развіваецца побач з яшчэ адной — цывілізацыяй пацукоў. Яе эвалюцыя ідзе іншым шляхам, але можа стацца, што з цягам часу чалавеку прыйдзецца пасунуцца... Нават тыя аматары жывёл, што ўтрымліваюць пацукоў дома ў якасці хатніх любімцаў (а зараз гэта звычайная з’ява), адзначаюць надзвычайны розум гэтых істот. Дэкаратыўныя пацукі разумеюць даволі шмат слоў з чалавечай мовы, запамінаюць сваю мянушку і мянушкі іншых хатніх жывёл, з якімі жывуць побач, лёгка паддаюцца дрэсіроўцы. А біёлагі ўказваюць на надзвычай складаныя адносіны ў пацучым “грамадстве”, уменне хутка вучыцца на ўласным і чужым вопыце, перадаваць накоплены вопыт з пакалення ў пакаленне, і нават засведчылі ўменне пацукоў... смяяцца. Між тым доўгі час менавіта гэтае ўменне навукоўцы лічылі адным з асноўных адрозненняў чалавека ад жывёл. Аднак, як высветлілі ў ходзе эксперыменту вучоныя універсітэта ў Боулінг-Грынсе (штат Агайо), рэакцыя пацука на казытанне падобна да чалавечай: ягоныя эмоцыі і “міміка” — аналаг чалавечага вясёлага рогату.
Такім чынам, у выніку ўзнікае пытанне: хто ж будзе смяяцца апошнім? Бо, як вядома, пацук — істота, унікальна прыстасаваная да выжывання ў любых умовах. Пацукі лёгка пераносяць 20—30-градусны мароз і 40-градусную гарачыню, а таксама смяротныя для чалавека дозы радыяцыі. І дэмаграфічныя праблемы пацукам невядомыя. На сённяшні дзень (такая інфармацыя змешчана ў Інтэрнеце са спасылкай на санітарна-эпідэмічныя службы гэтых гарадоў) на аднаго жыхара Нью-Йорка прыходзіцца два-тры пацукі, прыкладна столькі ж на аднаго масквіча, а на кожнага жыхара Рыма — каля дзесяці гэтых шэрых хвастатых істот. І гэта нягледзячы на “біялагічную вайну”, якую чалавек не спыняе з пацуком ужо сотні год. Дарэчы, як паведамілі карэспандэнту “НГ” у Цэнтры прафілактычнай дэзінфекцыі Мінска, у беларускай сталіцы, як і ў іншых нашых гарадах, пацукоў усё ж менш за людзей: па апошніх падліках, у Мінску на тысячу квадратных метраў прыходзіцца 1,8 грызуна. Звязана такая невялікая колькасць пацукоў у беларускай сталіцы ў параўнанні з прыгаданымі вышэй сталіцамі краін свету з надзвычайнай для буйнога мегаполіса чысцінёй мінскіх двароў і вуліц.
Слова ў абарону пацука
А вось ва ўсходняй літаратуры і мастацтве пацук далёка не заўсёды выступае пачварай. У кітайцаў, якія, дарэчы, і стварылі так званы ўсходні гараскоп, па якім кожны год мае сваю жывёлу-апекуна, ёсць легенда: гэтых апекуноў некалі назначаў Буда. І, прысвяціўшы адзін з гадоў дванаццацігадовага цыкла пацуку, Буда растлумачыў сваё рашэнне наступным чынам: “Маленькі пацук мацнейшы за быка, разумнейшы за змяю, хітрэйшы за малпу і больш небяспечны, чым тыгр”.
Паступова змяняюцца адносіны да пацука ў сучасным еўрапейскім і амерыканскім анімацыйным кіно. Узгадаем хаця б паўнаметражны анімацыйны фільм “Рататуй”, што ішоў таксама і ў беларускіх кінатэатрах і прыйшоўся даспадобы маленькім гледачам. Там галоўны герой — сімпатычны пацук, надзелены кулінарным талентам, што марыць стаць поварам у шыкоўным рэстаране, а людзі, зразумела, гэтаму перашкаджаюць.
— Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што пацукі прыносяць чалавеку не толькі шкоду, — адзначае Пятро Васючэнка. — На працягу стагоддзяў пацукі сваімі паводзінамі папярэджвалі людзей пра небяспеку. Чуйныя пацукі першымі сыходзяць з карабля, што павінен пацярпець крушэнне, пакідаюць горад, якому пагражае землятрус... Але ёсць адна рэч, за якую пацуку трэба паставіць помнік — не выключана, што недзе гэта ўжо зроблена. Пацукі — эксперыментальныя жывёлы, на якіх выпрабоўваюць вакцыны і вывучаюць хваробы. І, такім чынам, яны выратавалі мільёны чалавечых жыццяў. Гэта істота, якую чалавек штодня прыносіць у ахвяру. Менавіта ў такім абліччы пацук з’яўляецца ў беларускай літаратуры — успомнім п’есу Кандрата Крапівы “Брама неўміручасці”. Як мы памятаем, напрыканцы п’есы медыцынская сястра аб’яўляе ўсім, хто стаіць у чарзе за неўміручасцю, што лабараторны неўміручы пацук здох. Але на самай справе чалавецтва проста яшчэ не гатова да неўміручасці, яшчэ не варта яго, яшчэ не ведае, што з ім рабіць. А насамрэч лабараторны пацук жывы. І як выратавальнік жыццяў людзей ён сапраўды заслугоўвае неўміручасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter