Патрапаны «масквiч»…

Ветэрынар Алесь Калешка нечакана для сябе купiў «масквiч»...

Ветэрынарны фельчар Алесь Калешка нечакана для сябе купiў аўтамабiль “масквiч”. Паехаў па выклiку ў адну з вёсак, а там чалавек прадаваў усяго за семдзесят долараў…

— Ат, не меў куды апошнiя грошы падзець… Металалом!.. – сумна, злуючыся, буркнула жонка, убачыўшы на падворку зусiм не модны зараз, да таго ж нямала патрапаны легкавiк.

Зганьбавання сваёй абраннiцай даўно жаданай пакупкi Алесь не чакаў. Але адрэагаваў без крыўды, спакойна:

— Сказала б, можа, рарытэт, — i, патрываўшы крыху, прадоўжыў: — Ты пра майго школьнага сябра Мiкалая Тыменчыка чула? Дык вось, ён – iнжынер у суседнiм сельгаскааператыве… Сапраўдны ас у аўтасправе.

— Ён – ас, але ж не ты! – не сунiмалася жонка.

Мiкалай, калi Алесь да яго патэлефанаваў, дакляраваў цвёрда, што зазiрне неяк дзесьцi апоўднi. I падрулiў пад дом на наступным тыднi.

— Зачакаўся ты мяне… Выбачай! Так атрымалася, — прыязна пацiскаючы Алесю руку, дыпламатычна заўсмiхаўся Мiкалай.

— Нiчога-нiчога!.. Не гарыць, — скорчыўшы з сябе зусiм бездапаможнага аўтааматара, адказаў Алесь.

— Ай, ведаеш, усё нейкiя клопаты, тузанiна, перажываннi, — абхапiўшы аберуч галаву, каб, вiдаць, да сябрука лепш дайшло, колькi сапраўды шмат усялякага непрыемнага на ягоную яе, бедную, раптам абрынулася, Мiкалай верацяном абляцеў вакол вырабу яшчэ часоў савецкага аўтапрама, якi сiратлiва стаяў на падворку. – А “масквiчок” твой, я скажу… Не прымяты, не прагнiлы нiдзе, — пахвалiў i жартаўлiва загадаў: — А ну, шафёр-ас, заводзь!

— Гм! Якi з мяне шафёр? Ды яшчэ ас… Як з лазы супоня, — хiхiкнуў Алесь.

— А мы зараз пабачым… I вызначым, у якiя балоны ў гэтым аўто iскра ўцякае.

Паслухаўшы, як пачмыхвае-папыхквае рухавiк, сеўшы сам за руль i праехаўшы крыху ўперад, даўшы затым назад, “дыягност” агучыў столькi ўласцiвай аўтамашыне немачы, што ў Алеся вочы акруглiлiся.

— “Ой ты, милая моя, а я и растерялся!” – пачаў смяяцца з яго Мiкалай i тут жа абнадзейваць: – Ды ты ж не гаруй. Iнструменты па-да-вай!.. – I гадзiны дзве ён то адно, то другое разбiраў i зноў збiраў, а штосьцi ачышчаў, змазваў, падцягваў, рэгуляваў. Нарэшце з вуснаў майстра зляцела: — Ну, здаецца, будзе ўсё… Цяпер, гаспадарык, адчыняй вароты! Трэба апрабаваць “тачку” ў яздзе.

Паддаючы газку “масквiчу” на раздольнай трасе за вёскай, Тыменчык жартам раiў Алесю:

— На iм можаш нават у гонках удзельнiчаць… Крапак яшчэ, крапак…

Добры настрой ахапiў новаспечанага ўладальнiка сцiплага сродку перамяшчэння: усё-такi не “металалом” выкупiў! Дух адкацiўся… А калi Тыменчык ужо зарульваў на падворак, шчаслiвы Алесь асцярожна, запытальна прапанаваў:

— А цяпер, можа, пакупку абмыем?.. Адной-другой чарачкай абнашчымся…

— Дык, ведаеш, яно i нядрэнна будзе, — непрыхавана ўзрадаваўся Мiкалай. – Мы, хоць i блiзка адзiн ад аднаго жывём – вёскi, во, цераз гасцiнец, а… цi ўспомнiш, калi бачылiся, гаварылi?.. Так што канчаем малiцца i будзем весялiцца, – Тыменчык зрабiў паўзу, зiрнуў на Алеся неяк цi то загадкава, цi то мутна: – Пад асалоду ад першай чаркi нешта раскажу. Былi ж некалi – вадою не разальеш… Так што валачы пляшку!

З гэтым у Алеся не заржавела…

— Ты ж ведаеш, мне, як i табе, трыццаць тры, — топчучы закусь, Тыменчык пачаў здалёк. – I гадочкi цякуць. Як пясок скрозь пальцы… А ў сямейным балоце ўтапiць сябе я не адважыўся. I, мабыць…

— А што – “мабыць”? – перапынiў Алесь сябра. – Усе пажанiлiся даўно, а я ўсё мару аб прынцэсе?.. Скажы чэсна, Зiну забыць не можаш?.. – Алесь намякнуў Мiкалаю на ягонае заляцанне ў школьныя гады.

— О! – Тыменчык узвысiў указальны палец. – I скажы, што не iснуе тэлепатыi. Я ж таксама пра яе маюся казаць. Зiна-карзiна i Мiклуха-Маклай… Памятаеш, як нас цвялiлi ў класе?..

— Чаму ж не?

— Дык слухай!

— Ты гавары i еш, — клапацiўся Алесь ля правiянту.

— У суботу да цябе я не трапiў, бо ў самы крайнi ў раёне сельгаскааператыў лётаў… Па адну штуковiну да МАЗа. I вось прыпiраюся з запiскай iхняга галоўнага iнжынера Яўсевiча на тамашнi склад запчастак. Сустракае мяне мадам, як пампушачка. Асаблiва да яе не прыглядваюся, суну борз-дзенька даме ў рукi цыдульку. Так, кажу, i так, а яна ўставiлася на мяне… Я ж нiчога не разумею. А жанчына: “Мiклуха-Маклай, а ты з Зiнай-карзiнай, сваiм школьным каханнем, часам не жадаеш павiтацца?..” Ведаеш, адразу як у “Рэвiзоры” Гогаля… Нямая сцэна… Некалi, як сцяблiнка, кволенькая была. А тут – хмара… Зазiраю ў твар – кругленькi, тлусценькi, вочы ледзь прарэзваюцца… Але, ведаеш, усё роўна прыгожая…

— Во! Старое каханне не ржавее, — стрымана заўважыў Алесь i апамятаўся. — Стоп!.. Мiклуха… Зiна тады, як цябе ўрачыста правялi ў войска, надта ўжо прэнтка – мы ўсе былi здзiўлены – замуж выпстрыкнула… Ды адразу, здаецца, з мужам i з’ехала…

— Так яно i было… Так! Я ёй сваё першае салдацкае пiсямцо адправiў… А ад яе не дачакаўся… Матуля мая ашарашыла мяне “прыемнаю” навiною… Але ты слухай далей. Замужам яна зараз за галоўным iнжынерам, да якога мяне па запчасць паслалi. Мацi-гераiня, цэлы кут дзетак…

— Угу?!

— Вось табе i “угу”. Але самае цiкавае… — Тыменчык зiрнуў на сябрука, нiбы намерыўся агучыць важнае адкрыццё. – Зiна гадуе двух хлапцоў i трох дзяўчатак… Дык старэйшы сынок у яе – ад мяне… Сячэш?

— А як, а як гэта… сы… сынок ад цябе? – Алесь i сапраўды нiчога не разумеў.

— А так! Ты слухай далей…

— Ну слухаю… О?! А ты, Мiкола, не толькi ў аўтасправе спец-ас?! Давай за твайго вундэркiнда… Га?..

— Насмiхаешся… Смейся-смейся! Так, я хоць i халасцяк… стары, але з сынам… Во!.. – тост Мiкалай падтрымаў, выпiў залпам i стаў заядаць бутэрбродам.

Заiнтрыгаваны Алесь з нецярпеннем чакаў працягу ягонага расповеду. Тыменчык загаварыў нетаропка:

— Ну, сказала Зiна мне пра хлопца, Мiкалаем таксама запiсала… Пацан ужо ў дзявятым класе вучыцца… I, Алесь, хочаш вер, хочаш не, а я, во, расказваю табе, як на споведзi, без памяцi рвануў у тамтэйшую школку. Бацькоўскае штосьцi, мабыць, мяне ўзвеяла… Ды нi пад цяперашнiм Зiнiным прозвiшчам – Яўсевiч, нi пад Мацейка – яе дзявочым вучня на скорую руку не дапытаўся. Пажартавала, падумаў, цi паздзекавалася. За малады наш грэх… Пруся назад – калдыбае напярэймы. Выхоплiваюся з машыны i ў нахлыне злосцi выпальваю ёй: “Ах ты!..” I так, i так ёй. А яна: “Ты ж мяне хiба даслухаў да канца? Зрабiўся нейкi сам не свой i бурай папёрся… Падумала: страх разабраў, што сын аб’явiўся… Але, бачу, да школы накiраваўся. I я аслупянела… Заспакойся, у дзявятым класе i вучыцца наш Колька, толькi пад прозвiшчам майго першага мужа – Карпейка… Я не паспела табе ўсё сказаць. Саша памёр. Ён здагадваўся, што дзiцё не ягонае, але нiчога не казаў. Любiў мяне па-сапраўднаму…” — Мiкалай замоўк i, як здалося Алесю, зжаўся i зажалiўся.

— Чакай!.. Карпейка?.. Што за Карпейка?..

— Мы з табою, Алеська, не маглi яго ведаць… У армiю спачатку я пайшоў, потым i ты загрымеў… Цi не так было?

— Абсалютна так.

— А ён, Карпейка, з яе слоў кажу, якраз тады ў нашу гаспадарку на практыку прысланы быў. Малец пасля войска… Ну, i ўтрэскаўся ў прыгажуню Зiну. А яна, зразумеўшы, што цяжарная… Карацей, утумкала сабе ў мазгi, што мяне чакаць доўга i, можа, дарэмна – не ўвайшоў я ёй, бачыш, у вернасць… Бацькоў таксама баялася…

— Ясна… Ну а на чым вы з Зiнаю па сыночку паразумелiся? – далiкатна папытаўся Алесь.

— А!.. Яна, шэльмiца, стала прасiць-малiць мяне, каб я не наглупiў. Ну, не дабiваўся зараз да Колькi, надыдзе, маўляў, час, i яна сама шапне пра бiялагiчнага бацьку… Дзiцё добра вучыцца… Ды не трэба, сказала, i агню ў яе хату. Невядома яшчэ, як аднясецца да такога факта яе бiяграфii Яўсевiч…

— Вось дык гiсторыя! – уздыхнуў Алесь.

— А ты думаў… Я i з радасцю, i з цяжкiм каменем на сэрцы вярнуўся з паездкi… Не адзiн дзень агойтваўся. I чаму я такi няшчасны?.. Дурны! З гарачкi, во, сапраўды ледзь не ўтварыў ерунды. А каб у школе ўзялi ды глыбей унiклi, менавiта каго я шукаю, i прывялi да мяне хлапца? Што б я сказаў яму – здрасьце, я твой тата?.. Як падумаю цяпер, то рабро за рабро заходзiць… I душа не на месцы – маё тварэнне без мяне расце, вучыцца… Не маё прозвiшча носiць, iмя па бацьку мае чужое… Несправядлiва!.. Няправiльна так!

— Як ужо атрымалася… Ты не вiнаваты, — уставiў сваё кароткае рэзюме Алесь.

— Во!.. Зразумей вазьмi ты гэтых, блiн, жанчын!.. Чаму ж Зiне не было… Ды што гаварыць… Перад самай маёй армейскай iдылiяй мы гэта… салодкую ягаду рвалi…

— Ага, — Алесь усмiхнуўся.

— Яга-ў! – узрыўна перакрывiў сябрука Мiкалай. – Гэта ў цябе ўсё пайшло класiчна: пакахаў, запiсалiся, адразу жыллё, лiчы, дармавое займеў, двое дзетак з жонкай нарадзiлi… Во, “масквiча” прыдбаў… Жывеш i радуешся… Ты шчаслiвы! А я… Я, во, патрапаны горай, чым гэты твой тарантас. Зараз вось што мне рабiць? Так i перабiвацца аднаму?.. Халасцяком у думках з сынам… Ад такога нават сама Баба-яга стане адхрышчвацца…

Алесь не знайшоў што адказаць. Ён толькi спачувальна глядзеў на Тыменчыка, твар у якога ўзружавеўся. Каб крыху разрадзiць атмасферу, прамовiў як мага смяшней:

— Мiкола!.. Была б, як той казаў, шыя – хамут знойдзецца…

— Язык без касцi: што хочаш пляшчы, — парыраваў цягуча субяседнiк. – Алеська, — раптам пачаў, падбiраючы словы, прасiць Мiкалай, — ты прабач, я расчулiўся, расхваляваўся… I, сябра, не шкадуй мяне i нiякiх парад, як жыць i што рабiць, не давай, а тым больш не асуджай… А галоўнае – не распаўсюджвайся нiкому, што халасцяк Тыменчык – бацька, сына мае…

— Ды ты што! Я ж не баба, — Алесю па-сапраўднаму стала шкада сябрука, на твары якога ўбачыў адбiтак унутранай барацьбы, засяроджанасць.

Мiкалай тым часам вырашыў падвесцi рысу пад замочкай i сваёй “споведдзю”.

— Ну, Алеська, перацерлi мы з табою нямала i правiянту, i слоўкаў… Пара мне i чэсць знаць, разлятацца будзем… Давай, — прапанаваў, — аглаблёвую!.. – Але з налiтай яму Алесем да краёў чаркi выпiў не больш, чым выплюхнуў на кагосьцi ўяўнага збоку ад сябе, агрызнуўшыся: “Згiнь, нячыстая!”, i да Алеся сказаў: — Ну, усё!.. I наелiся, i напiлiся, аж кашулькi паднялiся, — пацiснуўшы крэпка на розвiт сябрукову руку, Тыменчык, няўпэўнена перастаўляючы ногi, накiраваўся да не больш прывабнай за напраўленага “масквiча” казённай “Нiвы” i на ёй перасцярожлiва пакацiў да сваёй вёскi…

Зачынiўшы веснiчкi, гараж, Алесь iсцi ў дом не спяшаўся. У захмялелай галаве чародамi насiлiся самыя розныя думкi пра колiшняга школьнага сябрука, спеца-аса ў аўтасправе, пра з’яўленне ў яго, як гром з яснага неба, сына. Зноў i зноў унутраным голасам распачынаў з iм, так бы мовiць, душаўцяшальную гаворку. “Ну якi ж ты, Мiклуха, нешчаслiвы? У шчасця не адно аблiчча… Я, во, прыдбаў “масквiч” – i здаволены… Ты сына маеш! Ну а як здарылася, то з любым можа ўсё стацца, а не толькi з намi, як нехта звастрасловiў, алкашамi…”

“Ай-яй! – Алесь раптам сцепануўся. – Ай ды пустагалоў я! На ад’езд Мiколу начыста ж забыўся сказаць дзякуй за рамонт… “металалому”, — i ўспомнiў, як з гэтым словам на яго, калi заявiўся на падворак з “масквiчом”, напусцiлася жонка. “Цiкава, што яна цяпер стане трэлiць? Пэўна ж шпiёнiла”, — бязгучна ўсмiхнуўся сам сабе i ад нечаканасцi здрыгануўся.

— Ага, нажлукцiўся i кейфуеш?! – гэта, падкраўшыся цiха, ухмыляючыся свайму досцiпу, за спiнаю i прамовiла гучна, але не насмешлiва ягоная адзiная. Жонка мякка, далiкатна абняўшы за плечы, працягвала лагодна: — Нiяк не нацешышся з машыны? Вось дык клопат займеў! Спец-ас яе ўсё-ткi направiў. Я чула… Амаль усё ўлавiла, пра што вы тут, падпiтыя, бэйзалi. Ха-ха! Прызнавайся шчыра, а можа, i ў цябе дзе на старане дзiцёнак бегае?..

— Галава i два вухi! А можа, наадварот, я “крапiўнiка” гадую?

— Што ты мелеш?!

— А ты? Золатка, а калi нешта пятае цераз дзесятае i чула, то трэба, каб было так, што нiчога не чула, — Алесь пастараўся не надаць свайму голасу строгасцi, прагаварыў пяшчотна, вясёлым тонам. I перамянiў пласцiнку: — Ну што? Iдзём у дом?

— А чаго ж я да цябе выйшла? Хадзем! Хадзем, маё шчасцейка… Хадзем! – жонка цiха i, як улоўлiваў Алесь, памысна смяялася…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter