«Патрабуецца кіраўнік...»

Дзе гадуюць добрыя кадры для сельскай гаспадаркі?

Дзе гадуюць кадры для сельскай гаспадаркі?

Сёння маладыя людзі з базавай сельскагаспадарчай адукацыяй ва ўзросце да 31 года ўзначальваюць дваццаць шэсць гаспадарак Міншчыны. На першы погляд, гэта добрая тэндэнцыя, але ж лічба не ўражвае, калі ведаць, што на Міншчыне амаль тры з паловай сотні гаспадарак і там працуе нямала кіраўнікоў прадпенсійнага ўзросту. Нядаўна ў артыкуле аднаго вядомага беларускага акадэміка-аграрніка мяне ўразіў такі вось факт: на сваіх пасадах кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый нашай краіны ў сярэднім працуюць не болей чым 2—3 гады. Па стане на 1 лютага 2012 года вакансіі кіраўнікоў незапоўнены толькі ў сямі гаспадарках Мінскай вобласці, але ў цэлым праблема высокакваліфікаваных кадраў для арганізацый АПК існуе, у тым ліку і праблема іх амалажэння. Дзякуючы рэалізацыі абласной праграмы «Кадры» на Міншчыне апошнім часам у гэтым накірунку зроблена шмат. Але зноў паўстае пытанне: дзе ж узяць кіраўніка з добрым веданнем не толькі асноў сельскай гаспадаркі і сучасных тэхналогій, але і ўменнем правільна іх прымяніць ва ўмовах непрадказальнасці і непрадбачнасці рыначных, прыродных ці іншых кан’юнктурных абставін? Тым больш што традыцыйна сельская гаспадарка і аграрныя навучальныя ўстановы не адносяцца да прэстыжнай сферы.

Дзяніс Захарчук падчас вучобы ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце атрымаў адразу дзве спецыяльнасці — інжынера і эканаміста-менеджэра. Пасля вучобы ён працаваў галоўным інжынерам у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Месціна» Бярэзінскага раёна, а праз паўгода яго, дваццацітрохгадовага хлопца, прызначылі старшынёй гэтай жа гаспадаркі. Сёння яму яшчэ няма і трыццаці, а агульны стаж яго работы на паса-дзе кіраўніка складае сем гадоў. Малады чалавек паспявае ўсюды: гаспадарка, якую ён зараз узначальвае, — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Каганец» — адна з лепшых у Стаўбцоўскім раёне, ён паспяхова вучыцца ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а калі здараецца вольная хвілінка — праводзіць яе ў сваiм сямейным коле, дзе падрастаюць двое дзетак. Два гады таму яшчэ адзін малады спецыяліст — Дзяніс Колесень быў абраны на пасаду кіраўніка ТАА «Рубяжэвічы» і, паводле слоў старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Уладзіміра Місько, з нялёгкімі і няпростымі абавязкамі спраўляецца паспяхова. Дарэчы, абодва Дзянісы Сяргеевічы — Захарчук і Колесень — уключаны ў рэзерв кіруючых кадраў Мінскай вобласці. 

Па ініцыятыве старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры было прынята рашэнне аб стварэнні на базе чатырох перадавых гаспадарак вобласці вучэбна-практычных цэнтраў для больш сістэмнай і грунтоўнай падрыхтоўкі студэнтаў выпускных курсаў аграрна-тэхнічных навучальных устаноў. І гэтымі днямі на базе агракамбіната «Ждановічы» Мінскага раёна пачаў ўжо сваю работу першы на Міншчыне такі цэнтр, створаны разам з Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэтам. Вучэбна-практычны цэнтр — гэта не толькі і не столькі структура па арганізацыі вучэбна-вытворчай практыкі студэнтаў старэйшых курсаў. Іх стварэнне разлічана на лепшых студэнтаў-выпускнікоў аграрных ВНУ, якія ў недалёкай перспектыве змогуць узначаліць сельскагаспадарчыя арганізацыі вобласці, на тых, хто сапраўды хоча звязаць свой лёс і жыццё з вёскай і працай на зямлі. У агракамбінаце «Ждановічы» пад непасрэдным куратарствам генеральнага дырэктара, вопытнага кіраўніка Рыгора Чуйко (дарэчы, якому ў дваццаць чатыры гады ад роду было даверана ўзначаліць адну з гаспадарак Магілёўшчыны) і галоўных спецыялістаў гаспадаркі 23 пяцікурснікі БДАТУ паступова, крок за крокам будуць авалодваць праграмай, распрацаванай разам з камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама. Будучыя кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый на практыцы пазнаёмяцца з сучаснымі тэхналогіямі і метадамі гаспадарання, возьмуць удзел у нарадах і сходах, навучацца ўменню ладзіць адносіны з людьмі.

У хуткім часе такія ж цэнтры будуць створаны і яшчэ ў трох гаспадарках — на 1-й Мінскай птушкафабрыцы, у агракамбінатах «Сноў» Нясвіжскага раёна і «Дзяржынскі» Дзяржынскага раёна. Прычым, акрамя стварэння ўмоў для навучання, будуць вырашаны пытанні і пастаяннага пражывання студэнтаў-стажораў на тэрыторыі гэтых гаспадарак, іх быту і адпачынку.

Вядома, што замацаваць кадры на вёсцы адміністрацыйнымі метадамі немагчыма. Мы ўжо гэта калісьці праходзілі: і цэнтралізаванае размеркаванне, і жорсткае патрабаванне абавязкова адпрацаваць у гаспадарцы два ці тры гады пасля заканчэння інстытута… Але, як паказвае практыка, эфектыўны вынік можна атрымаць толькі тады, калі для маладых спецыялістаў будуць створаны не проста неабходныя, а добрыя ўмовы для іх працы і быту, культурнага адпачынку. У 2011 го-дзе на Міншчыну прыбыло 388 маладых спецыялістаў з вышэйшай і 377 — з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, прычым амаль палова з іх вярнулася на пастаяннае месца жыхарства. Маладым спецыялістам былі выдзелены 94 дамы з усімі выгодамі, 71 кватэра, а тым, хто яшчэ не стварыў сваю сям’ю, — 213 пакояў у інтэрнатах. Рашэннем аблвыканкама ў першыя два гады працы пасля заканчэння ВНУ маладым спецыялістам устаноўлена даплата ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду, калі малады спецыяліст застаецца працаваць у гаспадарцы, — у памеры трох тарыфных ставак. У мінулым годзе з абласнога бюджэту на гэтыя мэты было выдаткавана звыш 2 млрд. рублёў. У многіх высокаразвітых гаспадарках вобласці існуе цэлы шэраг матэрыяльных і маральных стымулаў для маладых спецыялістаў — за асабісты значны ўклад, за ініцыятыву і г.д.

У вучэбна-практычным цэнтры пяцікурснікі будуць праходзіць стажыроўку два тыдні, а потым, па дамоўленасці з кіраўніцтвам аграрнага ўніверсітэта, яна будзе падоўжана да шасці месяцаў. Дарэчы, да гэтага праекта плануецца далучыць у хуткім часе і Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, дамоўленасць з яе кіраўніцтвам ёсць. Пасля атрымання дыпломаў тыя са студэнтаў, што зарэкамендавалі сябе як ініцыятыўныя і граматныя спецыялісты, маюць шанц атрымаць добрыя прапановы ад кадравых службаў райвыканкамаў. Гэты пачын, да якога ўжо зроблены першы рэальны крок, дапаможа ў вырашэнні кадравай праблемы, і колькасць вакансій кіраўнікоў сельскагаспадарчых аргані-зацый на Міншчыне паменшыцца.

На здымку: у першы дзень работы вучэбна-практычнага цэнтра на базе агракамбіната «Ждановічы» студэнтаў-стажораў з Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта з гаспадаркай знаёміў генеральны дырэктар Рыгор Чуйко.

Фота: Анатоль IВАНОЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter