Вершы на розных мовах, у тым ліку і на беларускай, гучалі ў латышскім горадзе

Пасядзелкі ў Дагдзе

Пасядзелкі — гэта, па сутнасці, тыя ж вячоркі ў пару доўгіх вечароў. Вось і мы, беларусы ў Дагдзе, ладзілі пасядзелкі, на гэты раз паэтычныя, пад назвай “Veltījums dzimtenei” („Cлавім  Радзіму”). Кіраўніца беларускай суполкі “Вербіца” Таццяна Гогалінская адзначыла: імпрэза прысвечана Дню абвяшчэння Незалежнасці Латвіі. Прагучаў Дзяржаўны гімн. Вяла рэй Алена Пабяржына, а віншаванне Генконсула Беларусі у Даўгаўпілсе Уладзіміра Клімава зачытала Людміла Буза. Консул павіншаваў са святам, агульным для ўсіх жыхароў Латвіі. 


Юныя ўдзельніцы паэтычных пасядзелак у Дагдзе

І вось ужо ля мікрафона Аляксандр Якімаў — паэт, рэдактар-складальнік анталогій “Русская поэзия Латгалии” ды “Русская поэзия Латвии”, рэдактар паэтычных старонак у газетах Лудзы, Рэзэкнэ, Даўгаўпілса. Яго творы друкуюцца ў зборніках і альманахах, ён збіраў альманах “Рэзэкненскі паэтычны веснік”. Да таго ж Аляксандр — член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, дэпутат Х, ХI, XII Cеймаў. Паэт расказаў, што на леташнім Міжнародным фестывалі праваслаўнай песні ды паэзіі “Вера, Надежда, Любовь”, які ладзілі Сыктыўкарская і Варкуцінская епархіі пры падтрымцы Міністэрства нацыянальнай палітыкі Рэспублікі Комі, у намінацыі “паэт” да фіналу дайшлі 9 аўтараў. Аляксандр Якімаў заняў першае месца, як і двойчы раней. Мітрапаліт Рыжскі ды ўсяе Латвіі Аляксандр уручыў паэту медаль Латвійскай праваслаўнай царквы святога мучаніка Іаана Рыжскага і Латвійскага, I ступені. А нам Аляксандр чытаў свае вершы, якія ўвойдуць у кнігу духоўнай паэзіі, суправаджаў іх каментарамі. У прыватнасці, расказаў і пра царкву святой Еўфрасініі Полацкай у горадзе Карсава.

Потым Дагдскі фальклорны гурт “Oluteni”, якім кіруе Інта Вілюма, вярнуў нас да размовы пра незалежнасць Латвіі, якая для многіх беларусаў стала другой радзімай. Мы палюбілі яе Латгалію, наш Дагдскі край. З беларусамі ў сяброўстве старшыня Дагдскай думы Сандра Вішкурэ, якая шмат робіць для добраўпарадкавання горада, яго культурнага развіцця. І знаходзіць час, каб пабываць на нашых імпрэзах, сказаць добрае слова. Яна была прыемна здзіўлена, пачуўшы віншаванне ў свой адрас са святам па беларускім радыё. 

Свой верш “Дагдскі край” я пісала як своеасаблівую “рэкламу” для тых, хто яшчэ яго не бачыў. Твор зацікавіў настаўніцу Эзерніекскай школы Венеранду Луцінскую. Потым Айна Зарыня, выкладчыца латышскай  мовы, разам з вучнямі 8 класа пераклала яго на латышскую мову. І цяпер, што мне вельмі прыемна, верш лічаць візітнай карткай Дагдскага краю. І на пасядзелках ён гучаў на латышскай мове, чытала Т. Дарафеева. Тэма Радзімы прадоўжылася таксама вершамі Франца Кемпса, Антонія Сланімскага, Андрыса Веянса. Далей Паліна і Даша Смалянінавы сагрэлі нашы сэрцы песняй пад гітару. Потым ізноў гучалі вершы пра Латгалію Андрыса Веянса “Бэз”, “Эжэзерс” — у перакладзе на беларускую мову. Свой верш “Латгаліі” чытала і Т. Дарафеева.

Вядома ж, беларуская мова для нас — самая дарагая, ёсць нават у народзе показка: “Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка”. На пасядзелках вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа чытала Алена Пабяржына. А нашы песні спяваў гурт “Аколіцы”: хоць кіраўніцы Т. Старавойтавай і не было ў зале, спевакі справіліся. Галіна Трафімава чытала вершы Янкі Купалы — пра годнасць беларусаў, іх спрадвечнае жаданне “людзьмі звацца”. Чытала і я свае вершы, на розныя тэмы: пра Дзвіну-Даўгаву, якая велічна нясе да мора прывітанне ад Латгаліі, пра жыццё, у якім радасці больш, чым тугі, і пра лёс адзінокай сасны на вырубцы, пра бярозку ў двары, пра лебядзіную вернасць. Закончыла вершам пра Радзіму-Беларусь, найпрыгажэйшую ў свеце. Песні пад гітару выконвала яшчэ Надзея Смалянінава — мама Дашы і Паліны. А Таццяна Гогалінская расказала пра ўдзел беларусаў Дагдскага краю ў конкурсе даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”, які праводзіў Саюз беларусаў Латвіі. Потым кожны ўдзельнік конкурсу сказаў колькі слоў пра сваю працу. А на заканчэнне Сандра Вішкурэ павіншавала ўсіх са святам, пажадала поспехаў. Актывістам суполкі ўручыла граматы, падзякі ад Аддзела адукацыі, культуры і спорту Дагдскага краю, а ўдзельнікам конкурсу і памятныя падарункі.

Хочацца яшчэ адзначыць: кіраўніца беларускай суполкі “Вербіца” Таццяна Гогалінская зрабіла ўсё магчымае, каб нашы пасядзелкі прайшлі цікава для ўсіх. У малой зале Народнага дома было па-дамашняму ўтульна. З густам выбудаваны “ход падзей”: духоўная паэзія, старадаўнія латгальскія песні, якія нават сабралі ўсіх у карагод, потым — верш Ф. Кемпса, напісаны ў 1906  годзе. Дарэчы, у інтэрнэце знаходзім: гэта Франц Кемпс прапанаваў у 1900-я гады тэрмін “латгалец” — у дачыненні да тых людзей,  якія моцна адрозніваюцца ад іншых латышоў па культурных, моўных ды рэлігійных прыкметах. Кемпс  лічыў, што калісьці агульны этнас падзяліўся, у кожнай часткі быў свой шлях, гісторыя, мова. Дарэчы, яшчэ пад час перапісу насельніцтва 1897 года Латгалія была ў складзе Віцебскай губерні — таму і цяпер моцныя ў яе жыхароў сувязі з беларусамі. А сам патрыёт Ф. Кемпс у 1949-м быў сасланы пад Томск, у вёску Міхайлаўку, дзе прадаўжаў культурна-асветніцкую дзейнасць. Патрыятычны настрой уздымалі  нам і вершы беларускіх Песняроў. 

Пасядзелкі прадоўжыліся і ў Беларускім цэнтры таварыства “Вербіца”: мы запалілі свечкі каля абраза Еўфрасінні Полацкай, зноў чыталі вершы, гутарылі, слухалі спевы гуртоў “Вярба” і “Аколіца”. Такія пасядзелкі саграюць душу. 

Зофія Іоніна, сябра таварыства “Вербіца”, Дагдскі край, Латвія

Голас Радзімы № 4 (3460), чацвер, 4 лютага, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter