Пастырскае пасланне на Нараджэнне Пана 2009 года

Вiншаванне Арцыбiскупа Тадэвуша КАНДРУСЕВIЧА, Мiтрапалiта Мiнска–Магiлёўскага

«Абвяшчаю вам вялiкую радасць:

нарадзiўся сёння Збаўца,

якiм ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10–11)


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры!


1. Гэтымi ўрачыстымi словамi анёла ад усяго сэрца вiтаю вас i вiншую з радаснай i збаўчай урачыстасцю Нараджэння Пана. Падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, на самой справе стала пераломным момантам у гiсторыi чалавецтва, якое чакала свайго збаўлення. Нараджэнне Езуса Хрыста — гэта пачатак ажыццяўлення гэтага збаўлення, якое завяршылася крыжовай смерцю Збаўцы i Яго хвалебным уваскрасеннем. Гiсторыя Збаўцы, пра якую напiсана ўжо вельмi многа i пра якую будуць пiсаць да канца часоў, — гэта гiсторыя праўды i гiсторыя жыцця ў праўдзе Хрыстовай, якою Ён адарыў усё чалавецтва.


Кожны год мы адзначаем гэтае свята. Кожны год спяваем радасныя калядкi, у якiх выражана праўда пра цудоўнае Божае ўцелаўленне. Кожны год шлём свае святочныя пажаданнi блiзкiм i дарагiм нам асобам. Кожны год Уцелаўленне Пана заклiкае нас якасна змянiцца. Не дастаткова святкаваць толькi ўспамiн нараджэння Езуса Хрыста, але трэба жыць праўдаю таямнiцы Уцелаўлення, трэба, каб Бог сваёю ласкай нарадзiўся ў нашых сэрцах i тым самым нас абагавiў. Кожны год уносiць таксама новыя элементы ў святкаванне Божага Нараджэння. Гэта перш за ўсё элементы, звязаныя з канкрэтнай сiтуацыяй, у якой жыве чалавек, звязаныя з выклiкамi часу, на якiя трэба адказваць.


2. Адным з такiх выклiкаў з’яўляецца неабходнасць адказу на цывiлiзацыю акультызму, мiфаў, мiражоў i iлюзiй, якая ўсё больш распаўсюджваецца ў сучасным свеце. Праблема ў тым, што нашу эпоху можна назваць эпохай лёгкавернасцi. Рэклама, якой становiцца ўсё больш, абяцае лёгкае шчасце. Многiя адварочваюцца ад хрысцiянства i пачынаюць верыць у магiю, займацца акультызмам i г.д. Не вельмi дапамагае i адукацыя, бо, як паказвае жыццё, гэтым шляхам iдзе таксама нямала высокаадукаваных асобаў.


У такiм псеўдаiнтэлектуальным клiмаце, якi характарызуецца недахопам крытыцызму i наiўнасцю, шырока распаўсюджваюцца розныя мiфы, якiя, выцiскаючы хрысцiянскую праўду з публiчнага i нават прыватнага жыцця, прапануюць дапамогу людзям у пошуку арыентацыi ў свеце i iмкнуцца надаць сэнс iх iснаванню. Тады ўзнiкае вера ва ўсемагутнасць навукi i тэхнiкi, у неабмежаваную свабоду чалавека, беспамылковасць дэмакратыi, магчымасць збудаваць рай на зямлi i г.д. Дадаецца да гэтага яшчэ i вера ў магчымасць вырашыць абсалютна ўсе праблемы або вера ў магiю i чары. Добрым прыкладам гэтага могуць быць спробы лячэння з дапамогай тэлепатыi або абяцанне ўваскрасiць дзяцей, загiнуўшых падчас тэрарыстычнага акту ў Беслане.


3. Касцёл, аднак, цвёрда стаiць на хрысцiянскiх прынцыпах i баронiць iх. Ён таксама заклiкае да аховы духоўных каштоўнасцяў, як каштоўнасцяў базавых, каб на iх будаваць жыццё. Трэба ўсвядомiць, што не грамадская цi публiчная думка i нават не парламенцкая большасць вырашаюць, чым ёсць праўда. Бо яна, на самой справе, нiчога не мае адносна колькасцi людзей, перакананых у ёй. Нездарма яшчэ Пiлат пытаўся ў Хрыста: што ёсць праўда? (пар. Ян 18, 38) Хрыстус жа кажа, што менавiта Ён i ёсць праўда, дарога i жыццё (пар. Ян 14, 6).


4. Сёння iснуе тэндэнцыя прымаць усё тое, што новае, як лепшае. Несумненна, развiццё навукi, новыя тэхналогii i новы стыль жыцця нясуць у сабе многа пазiтыўнага i спрыяюць развiццю чалавека i яго жыцця. Аднак праблема ў тым, што iх выкарыстанне не заўсёды адпавядае маральным нормам. Больш за тое, многа людзей слепа вераць у збаўчую сiлу сучаснасцi. Так, напрыклад, сёння рэкламуецца, што шчаслiвым будзе той, хто спажывае прадукты, зробленыя па сучасных тэхналогiях, той, хто карыстаецца самай дарагой касметыкай або купляе аўтамабiль апошняй маркi.


Змяняюцца таксама погляды на каштоўнасцi жыцця i чалавечую маральнасць, у вынiку чаго распаўсюджваецца маральны рэлятывiзм. Паспяховымi i сучаснымi лiчацца тыя, хто дазваляе карыстанне кантрацэптыўнымi сродкамi, дасужэнскае сексуальнае жыццё, разводы, гомасексуальныя i свабодныя саюзы, аборты, эўтаназiю, эксперыменты, якiя вядуць да забойства чалавечых эмбрыёнаў i г.д. Сучаснымi, а таму i лепшымi, лiчацца разводы, а не сужэнская вернасць; свабодныя саюзы, а не сакрамэнтальнае сужэнства; выхаванне дзяцей адным з бацькоў, а не ў поўнай сям’i.


Цi можна сумясцiць сучаснасць з евангельскiм радыкалiзмам? Можна! Усё залежыць ад чалавека, бо можна жыць сучасным прагрэсiўным жыццём, захоўваючы Божы закон.


Практыка штодзённага жыцця паказвае: прызнанне таго, што прагрэсiўнае, сiнонiмам сапраўднага дабра, без захоўвання маральных нормаў, з’яўляецца вялiкай памылкай i iлюзiяй. Такiя людзi жывуць з мэтай, каб як мага больш мець, а сваю асабовую вартасць ацэньваюць якасцю закупленых тавараў, банкаўскiм рахункам, курортам, на якiм адпачываюць, i г.д. Такiм чынам, становячыся нявольнiкамi кансумiзму i падпарадкоўваючы сваё быццё матэрыялiстычнай ментальнасцi, яны ствараюць сабе фальшывага бога. Такая iдалатрыя, пазбаўляючы людзей сапраўднай свабоды i зводзячы iх да набыўцоў i спажывальнiкаў, пераварочвае ўвесь здаровы, створаны Богам парадак з ног на галаву.


Сёння мы з’яўляемся сведкамi таксама экалагiчнага крызiсу, выклiканага амаральным асвойваннем прыродных багаццяў. Iх несправядлiвае выкарыстанне, у сваю чаргу, вядзе да абагачэння адных за кошт iншых.


Гледзячы на сучасны свет, можна сказаць, што амаральнасць у iм сапраўды стала публiчнай справай, а рэлiгiйнасцi iмкнуцца надаць статус прыватнай або нават зусiм выключыць яе з жыцця.


5. У такой складанай сiтуацыi трэба ўмець убачыць двухсэнсавасць прагрэсу. Сапраўды, новае стварае новыя магчымасцi для дасягнення дабра, аднак у той жа час i правакуе зло. Папа Бэнэдыкт XVI сцвярджае, што ўсе мы сталi сведкамi таго, як прагрэс у несправядлiвых руках становiцца жудасным прагрэсам на шляху зла. Калi тэхнiчнаму прагрэсу не адпавядае прагрэс у этычным выхаваннi чалавека, у яго духоўным узрастаннi, то гэта не прагрэс, але пагроза для чалавека i свету (пар. SS 22).


Найлепшым доказам таго, што сам па сабе прагрэс без духоўнага складнiка не вядзе людзей да поўнага шчасця, з’яўляецца сучасны эканамiчны крызiс. Больш за тое, узнiкае няроўнасць сярод людзей i рост беднасцi, якая пагражае дэмакратыi i мае негатыўны ўплыў у эканамiчнай сферы, — навучае папа Бэнэдыкт XVI (пар. СV 32).


Адна вера ў прагрэс i iмкненне да багацця без духоўнага элементу не збавяць чалавека i не ўчыняць яго шчаслiвым. Калi няма веры ў Бога, то прагрэс, падпарадкаваны толькi чалавеку, не будзе служыць яму, а наадварот — стане пагрозай. Сапраўдны прагрэс патрабуе Бога i распазнання ў чалавеку Божага вобраза. Толькi тады ён не будзе зведзены да тэхнiчных аспектаў жыцця чалавека, але стане спосабам рэалiзацыi паходзячага ад Бога паклiкання (пар. CV 16).


6. Сёння мы разважаем над цудам Божага Уцелаўлення, якi адбыўся ў Бэтлееме. Нi Марыя, нi Юзаф не шукалi шчасця ў тэндэнцыях сучаснага iм свету, у якiм таксама iснавала iмкненне да прагрэсу i багацця. Пра iх мы ведаем, што яны былi беднымi i на жыццё зараблялi працаю сваiх рук. Нават для нараджэння свайго Сына яны не маглi знайсцi годнага месца, i Ён нарадзiўся ў простай стайнi.


Аднак, i гэта трэба падкрэслiць, менавiта ў Бэтлееме, у беднай сям’i, свет убачыў уцелаўлёнага Бога — доўгачаканага Збаўцу, найвялiкшую каштоўнасць. Вось дзе праявiлася сапраўдная радасць i шчасце. Сапраўды, Божая моц i слава праяўляюцца ў прастаце i слабасцi (пар. 2 Кар 12, 9).


З вышынi неба Бог у Бэтлееме сышоў на зямлю i ўвайшоў у гiсторыю чалавецтва, стаў прысутным сярод людзей, тым, якi дзейнiчае i церпiць у гiсторыi, каб узнесцi чалавека ўверх.


А народжаны ў Бэтлееме Сын Божы — гэта не мiф, не iлюзiя, а рэальнасць, дзякуючы якой Бог у чалавечым вобразе ўвайшоў у гiсторыю чалавецтва, каб яго збавiць i даць магчымасць чалавеку зразумець самога сябе, а таксама сэнс свайго жыцця. Нездарма папа Ян Павел II кажа, што толькi ў Хрысце чалавек можа пазнаць самога сябе (пар. МоЗ с. 26). Менавiта таму сённяшняя ўрачыстасць заклiкае нас мець надзею не толькi ў прагрэсе сучаснага свету, iмкненнi да абсалютнай i неадказнай свабоды, цi ў рознага роду чарах, заклiнаннях, засiллi магii i акультызму, а ў Хрысце. Рэлiгiя павiнна разглядацца як сiла, якая можа ўваскрасiць да новага жыцця, вырашыць праблемы духоўна–маральнага характару i нават дапамагчы ў адраджэннi эканомiкi праз захаванне ў ёй этычных прынцыпаў.


Нязменная праўда ўцелаўлення Бога, якая стала пачаткам хрысцiянства, дапамагае нам вярнуцца да ўстаноўленага Творцам маральнага парадку i выбраць той шлях, якi гарантуе радасць, сапраўднае развiццё на гэтым свеце i шчаслiвую вечнасць. Чалавек павiнен духоўна змяняцца, каб свет змяняўся да лепшага. А каб змянiцца, патрэбна зыходзячае ад Бога святло i Яго моц, якiя прыйшлi ў гэты свет у святую ноч Божага Нараджэння. Прымаючы Хрыста, мы застанемся вернымi сваёй гiсторыi, якая вырасла з хрысцiянства, i ў той жа час мы будзем сучаснымi.


7. Вiншуючы вас i складаючы вам, дарагiя вернiкi i ўсе людзi добрай волi, найлепшыя святочныя пажаданнi, заклiкаю вас заўсёды заставацца вернымi свайму хрысцiянскаму паклiканню.


Сваiмi пажаданнямi абдымаю iншых хрысцiянаў — тых, якiя сёння таксама святкуюць Божае Нараджэнне, а таксама праваслаўных, якiя перажываюць Адвэнт i духоўна рыхтуюцца да радаснага свята. Сучасны свет, якi заблукаў у мiфах сучаснасцi, патрабуе нашага супольнага сведчання, каб паказаць яму адзiны i нязменны шлях — Езуса Хрыста. Ён з’яўляецца адзiным Збаўцам — учора, сёння i заўсёды (пар. Габр 13, 8).


Радуе тое, што пазiцыi Каталiцкага Касцёла i Праваслаўнай Царквы па найбольш актуальных праблемах сучаснасцi вельмi блiзкiя. Гэты год, якi iдзе да завяршэння, зблiзiў iх яшчэ больш, таму ў многiх выпадках можна гаварыць нават пра тое, што мы ва ўнiсон абараняем хрысцiянскiя каштоўнасцi i навучаем, што будучыню трэба будаваць не толькi на прагрэсе, але таксама на этычных прынцыпах.


Таму сёння мы звяртаемся да нованароджанага Дзiцятка Езус, каб адарыў нас сваёю ласкай, каб мы прынялi Яго як нязменны пункт аднясення ў вырашэннi ўсiх праблем сучаснага свету.


Радасцi, шчасця, благаслаўлення Божага Дзiцяцi ўсiм вам.


Са святам, з Божым Нараджэннем!


Давяраючы ўсiх вас апецы Марыi, якая дала свету Збаўцу, ад усяго сэрца дзялюся з вамi аплаткам i благаслаўляю ў iмя Айца, ў i Сына, i Духа Святога. Амэн.


Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ,

Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Мiнск, 8 снежня 2009 г.


Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter