Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша КАНДРУСЕВІЧА на Божае Нараджэнне

Ад усяго сэрца вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння. На працягу ўжо больш за 2000 год хрысціяне з радасцю і надзеяй скіроўваюць свой позірк да падзеі, якая стала пераломнай у гісторыі чалавецтва.

Адзначаючы свята Нараджэння Пана, мы разважаем над словамі Евангелля, што сёння нарадзіўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11). Яны нам добра вядомы, і мы іх паўтараем кожны год ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Аднак ці задумваемся мы над іх сэнсам?

Бог, не перастаючы быць Богам, стаў чалавекам, стаў адным з нас, стаў ва ўсім, акрамя граху, падобным да нас (пар. Філ 2, 7). Як Бог — Ён вечны, бясконцы, паўсюдна прысутны і ўсемагутны. Як чалавек — абмежаваны часам, прасторай і моцай. Як Бог — Ён з’яўляецца Валадаром смерці. Як чалавек — ёй падуладны. Аднак у святую ноч уцелаўлення Бога час адкрыўся на вечнасць, і святасць Хрыста асвяціла яго.

Сёння мы не толькі ўспамінаем гістарычную падзею Нараджэння Збаўцы. Сэнс гэтага свята пераходзіць у мінулае. Таму сёння мы праслаўляем Хрыста, які, нарадзіўшыся ў Бэтлееме больш за дваццаць стагоддзяў таму, сваёю ласкай нараджаецца ў сучасным свеце.

Узрушаныя веліччу і таямніцай бэтлеемскай ночы, мы становімся перад яслямі, каб разам з Марыяй і Юзафам схіляцца над Збаўцам свету. Яны разважаюць над сэнсам знакаў, якія спадарожнічаюць таямніцы Уцелаўлення. Мы разам з імі разважаем над вобразам загорнутага ў пялёнкі Немаўляці, якое ляжыць у яслях, у якім сам Бог набліжаецца да нас, каб адарыць сваім шчасцем і спакоем.

Штодзённае жыццё пацвярджае, што нашыя сэрцы ўстрывожаны, яны шукаюць спакою і не ведаюць, дзе яго знайсці. Псальміст усклікае: шукаю аблічча Твайго, о Пане (пар. Пс 27 (26), 8). І вось, дзякуючы таямніцы Уцелаўлення, Бог прымае чалавечы вобраз і прамаўляе да нас чалавечай мовай.

Таму святая ноч Божага Нараджэння завяршыла гістарычны перыяд чакання прыйсця на зямлю Бога з чалавечым абліччам і сэрцам, завяршыла духоўную цемру, у якой жыў чалавек падчас Старога Запавету. Яна напоўніла сваім ззяннем не толькі бэтлеемскія яслі, але і ўсё стварэнне, бо, дзякуючы прыйсцю ў свет Божага Сына, чалавек прасвятліўся святлом праўды (пар. Ян 1, 9), — як вучыць св. апостал Ян.

Аднак той жа апостал Ян нагадвае, што Бог прыйшоў да сваіх і свае Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11). Гэта азначае, што, нягледзячы на духоўнае святло, якое выпраменьвае Езус Хрыстус, чалавек выбірае грахоўную цемру і любіць яе больш за святло ласкі.

Да цемры сучаснага свету найперш належыць небывалае дагэтуль усемагуцце матэрыяльных каштоўнасцяў і нават іх абагаўленне. Грошы заўсёды адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці людзей. Аднак у апошні час бурнага развіцця працэсаў глабалізацыі яны перавысілі амаль што ўсе міжчалавечыя адносіны. А тым часам «корань усялякага зла — гэта любоў да грошай» (пар. 1 Цім 6, 10), як вучыць св. апостал Павел.

Цёмнай ноччу сучаснага свету ў ззянні святла рэкламы і неонаў з’яўляецца крызіс сям’і: законы, якія, з аднаго боку, дазваляюць забіваць як народжанае, так і ненароджанае жыццё, а з іншага — дазваляюць штучнае апладненне; імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці; імкненне лібералізацыі Божага Закону, які па сваёй сутнасці нязменны; выкарыстанне дасягненняў генетыкі ў амаральных мэтах, як, напрыклад, імкненне да кланавання чалавечага арганізму ці выкарыстоўванне эмбрыёнаў у касметычнай прадукцыі; нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё і імкненне да так званага бяспечнага сексу, што ўжо прывяло да пандэміі СНІДу; алкагалізм, наркаманія, карупцыя, насілле і многае іншае.

Імклівае развіццё сучаснага свету з яго выклікамі моцна ўплывае на стан грамадства. У ім, як грыбы пасля дажджу, растуць высокія будынкі, але адначасова паніжаецца маральнасць. Будуюцца ўсё шырэйшыя аўтастрады і адначасова звужаюцца гарызонты  духоўнага  жыцця.  Купляецца  ўсё больш і адначасова ўсяго мала. Усё большыя памяшканні і адначасова ўсё меншыя сем’і. Усё больш адукаваных людзей і адначасова ўсё менш добрай волі. Усё больш экспертаў і адначасова ўсё больш праблем. Усё больш лекаў і адначасова ўсё больш хваробаў. Больш працяглым  становіцца  фізічнае   жыццё і адначасова абмяжоўваецца духоўнае. Вядзецца пошук жыцця ў космасе і адначасова праводзіцца генацыд пачатага і ненароджанага жыцця. Усё больш абагаўляецца тэлебачанне, Інтэрнэт, багацце, прыемнасці, а нават сам грэх — і адначасова занядбоўваецца Бог.

Такія цёмныя з маральнага пункту гледжання бакі сучаснага жыцця, якія абагаўляе свет і якім пакланяецца, падтрымліваючы гарызантальнае і аднабаковае бачанне чалавека, пагражаюць перш за ўсё годнасці чалавечай асобы. Чалавек, шукаючы сэнс свайго існавання, свабоды і любові, крыніцай якіх з’яўляецца Бог, звяртаецца не да Яго, але да свету. У ім пачынае панаваць свецкі, а не Божы дух. Вечныя Божыя праўды, адзіныя, якія могуць перамяніць нашае жыццё, сёння перастаюць быць ідэаламі. Яны, аднак, настойліва выцясняюцца з нашага жыцця прапагандай маральнай безадказнасці, эгаізму, імкнення да багацця і спажывальніцтва, страты пачуцця граху і г. д. Усё гэта нагадвае пра дэфіцыт маральных каштоўнасцяў у сучасным свеце. Аднак эканамічныя дасягненні без падтрымкі іх духоўнымі каштоўнасцямі з’яўляюцца нічым іншым, як калосам на гліняных нагах, аб чым вельмі добра нагадвае эканамічны крызіс, які паразіў увесь свет. Таму трэба заўсёды памятаць, што замена сапраўдных каштоўнасцяў фальшывымі вядзе да крызісу як у жыцці канкрэтнага чалавека, так і цэлых грамадстваў і свету.

У такіх абставінах духоўнай цемры нам свеціць святло Хрыста, якое заззяла больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме. Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой Божую праўду і невычарпальны зарад духоўнага аднаўлення, каб развеяць цемру чалавечага сэрца.

Абвяшчаю вам вялікую радасць: нарадзіўся сёння Збаўца (пар. Лк 2, 10—11). Падчас гэтай святой ночы гучыць у нашых касцёлах гэты голас анёла, які таксама з’яўляецца запрашэннем прыняць Збаўцу. Нам нельга заставацца пасіўнымі і толькі чакаць. Нам трэба прыняць Хрыста ў свае сэрцы, у нашыя дамы, вёскі, гарады і ў наш народ.

Урачыстасць Божага Нараджэння павінна ажывіць у нашых сэрцах агонь веры, каб мы маглі жыць у яго бляску і цяпле, маглі асвятляць ім і саграваць іншых. Як многа дабра мы можам учыніць з Хрыстом, нягледзячы на розныя супярэчнасці, з якімі сустракаемся штодзённа. Толькі Хрыстус надае сэнс усяму таму, што мы робім.

Сучасны, поўны рэкламы, свет прапануе нам свае парады, як дасягнуць улады ці жыццёвага поспеху і як забяспечыць сваю будучыню. Нават калі некаторыя з іх і годныя ўвагі, аднак усе яны адносяцца толькі да невялікага фрагменту нашага жыцця, і пры тым другаснага значэння. Для Бога ж не з’яўляюцца важнымі нашыя становішчы і дасягненні. Яму важна, якімі мы на самой справе з’яўляемся, ці любім мы Бога і бліжняга так, як навучае Езус Хрыстус, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё дзеля збаўлення свету (пар. Мц 20, 28).

Сутнасць святкавання Нараджэння Хрыста ў тым, што яно набліжае нам Збаўцу і Яго нязменную праўду. Бог ізноў таямнічым чынам нараджаецца ў глыбіні нашых душ, каб мы мелі жыццё (пар. Ян 10, 10). Гісторыя бэтлеемскай ночы ўваходзіць у нашае жыццё, дапамагае ўбачыць яго з іншага боку і такім чынам, што тое, што яшчэ зусім нядаўна здавалася важным, цяпер паўстае малазначным, якое хутка мінае, саступаючы месца велічы Божай праўды.

Таму, зачараваны цудам бэтлеемскай ночы, абудзіся, чалавек! Абудзіся з граху, і табе заззяе святло Хрыста!

Дарагія браты і сёстры!

Яшчэ раз віншую вас з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння! Віншую католікаў і іншых хрысціян, якія адзначаюць сёння гэтае свята! Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія ўжо зусім хутка будуць праслаўляць уцелаўленне Сына Божага!

Віншую ўсіх людзей добрай волі! Сын Божы стаўся чалавекам з любові да ўсіх людзей і ўсіх збавіў. Усім вам жадаю шчаслівых святаў Божага Нараджэння. Святаў добрых, спакойных і поўных духоўнай радасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter