Ужо з дзевяці раніцы каля другога корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ў Мінску ажыўлена. Маладыя людзі, часта ў суправаджэнні бацькоў, штурмуюць дзверы прэстыжнай ВНУ. Прычына таму вельмі важкая — учора пачаўся прыём дакументаў у ВНУ краіны. Вядома, наперадзе яшчэ тыдзень, але многія ўпэўненыя: няма прычын адкладваць важную справу.

Вось і выпускніца мінскай гімназіі № 3 Дар`я Мялько з лёсавызначальным рашэннем зацягваць не стала. І навошта? Тое, што пойдзе менавіта ў БДУІР, вырашыла даўно. Ды і за ўпэўненасцю ў сваіх сілах стаяць досыць высокія навучальныя вынікі. З сумай больш за 340 балаў дзяўчына цалкам можа разлічваць не проста на паступленне ў ВНУ, а на тое, каб стаць студэнткай менавіта па абранай спецыяльнасці, а гэта «электронны маркетынг» інжынерна-эканамічнага факультэта. «У гэтай спецыяльнасці прыцягнула тое, што па заканчэнні я буду спецыялістам не толькі ў галіне маркетынгу, — усміхаецца дзяўчына, — але і праграмавання. Сфера шырокая, а значыць, і з працаўладкаваннем праблем не будзе».
Выпадак Дашы хутчэй тыповы, чым выключны, кажуць у прыёмнай камісіі БДУІР. У першыя дні заявы нясуць самыя матываваныя хлопцы і дзяўчаты, ну і, вядома ж, тыя, хто не сумняваецца ў сваім выбары і сілах. Дарэчы, ужо на 12.00 серады заявы ў БДУІР падалі больш за 60 чалавек.
Механізм падачы дакументаў, распавяла аператар прыёмнай камісіі ВНУ Ганна Лось, вельмі просты. На першым паверсе абітурыенты запаўняюць анкеты, дзе ранжыруюць спецыяльнасці, на якія хацелі б паступіць. Нагадаю, тут не першы год працуе электронная сістэма залічэння. Затым паднімаюцца на другі паверх, дзе ўжо ў электронным варыянце адбываецца зверка ўсіх дакументаў. Зрэшты, калі яшчэ раней ты размясціў усю неабходную інфармацыю на сайце ВНУ ў асабістым кабінеце абітурыента, папер можна i зусiм не кранацца: уся інфармацыя ўжо будзе зведзена ў агульную электронную базу даных. Абітурыенту дастаткова надрукаваць анкету і прынесці яе ў прыёмную камісію з іншымі дакументамі.
Парадак прыёму ў ВНУ з года ў год, кажа рэктар БДУІР Міхаіл Батура, удасканальваецца. Напрыклад, навіной гэтага стала магчымасць для абітурыентаў паказваць усе спецыяльнасці таго кірунку, на які паступаеш, у парадку прыярытэту. «Я нават дам прагноз, што абітурыенты, якія набралі ў суме 200 балаў, стапрацэнтна стануць студэнтамі нашай ВНУ, — запэўнівае рэктар, — і будуць вучыцца на бюджэце».

У гэтым годзе ў БДУІР з`явіцца новая спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі». Па словах Міхаіла Батуры, прычынай яе ўзнікнення стаў вялікі рыначны попыт на такіх спецыялістаў і хуткі рост рынку гульнявой індустрыі. Праўда, з-за адсутнасці заявак на будучых спецыялістаў ад дзярж-прадпрыемстваў навучацца тут пакуль будуць на платнай аснове. Але рэктар перакананы: дзярж-прадпрыемствы ўжо ў бліжэйшыя гады сваё меркаванне на гэты конт памяняюць.
«Праграма выхаду на поспех» — рабочая назва яшчэ аднаго новага праекта, які запрацуе ў БДУІР. «У яго межах, — кажа Міхаіл Батура, — мы хочам даць магчымасць першакурснікам кожнага платнага факультэта займацца бяс-платна на дадатковых занятках па матэматыцы і фізіцы. Ёсць пытанні, не паспяваеш за праграмай — можна звярнуцца туды. У нас вялікі план набору на платнае навучанне. Толькі на дзённую форму мы павінны набраць тысячу студэнтаў».
Нагадаю, што гэтым летам у краiне студэнтамі ВНУ могуць стаць 66,7 тысячы чалавек, у тым ліку бюджэтных аддзяленняў — 27,9 тысячы.
ДАВЕДКА «Р»
Тэрмін прыёму дакументаў у параўнанні з 2014 годам павялічаны на 2 дні — з 8 па 15 ліпеня (уступныя іспыты ва ўстановах вышэйшай адукацыі пройдуць з 16 па 21 ліпеня).
Вера АРТЭАГА
veraart14@mail.ru
ПАСЛЯ БАЛЮ ЛІЧЫМ БАЛЫ
Зараз абітурыенты прымаюць рашэнне, якое стане лёсавызначальным. Адны выпускнікі школ ужо выбралі будучую прафесію, а іншыя ўсё яшчэ не ведаюць, дзе б яны хацелі вучыцца. Мы спыталі ў нашых юных чытачоў, якія мары і планы на бліжэйшую будучыню ёсць у іх?
Алёна КУРЫЛА, выпускніца Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С. А. Прытыцкага:
— Раней я ўяўляла сябе юрыстам ці эканамістам. Але потым зразумела, што вывучэнне моў, ЦТ па якіх таксама трэба здаваць пры паступленні на гэтыя спецыяльнасці, — гэта зусім не маё. Я люблю матэматыку. Выбрала хімічны факультэт БДУ. Спадзяюся, мне хопіць балаў, каб паступіць на спецыяльнасць «фармацэўтычная дзейнасць». Да сур`ёзнай вучобы я гатовая, але ёсць невялікі страх перад пераездам у іншы горад. Мінск вельмі вялікі, таму мама за мяне хвалюецца. Думаю, мяне падтрымае старэйшы брат, ён ужо даўно ў Мінску жыве. Ды і многія аднакласнікі таксама выбралі мінскія ВНУ.
Алеся ЛЯЦКАЯ, абітурыент з Ваўкавыска:
— Я маральна гатовая да вучобы ва ўніверсітэце, бо пасля школы ўжо адвучылася на фельчара-лабаранта. Атрымаўшы дыплом Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, зараз хачу падаць дакументы ў ГрДУ імя Я. Купалы. Будзе добра паступіць на педагагічны факультэт па спецыяльнасці «настаўнік-лагапед». Цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове, біялогіі і гісторыі Беларусі я здала дастаткова добра, таму, думаю, усё атрымаецца. У гэтым жа го-дзе ў ВНУ паступае і мой малодшы брат Вадзім. Ён для сябе выбраў Акадэмію МУС, таму скора пераязджае жыць і вучыцца ў Мінск.
Дар`я АЛЕЙНІК, выпускніца мінскай гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны:
— Калі сябры і знаёмыя даведваюцца, што я збіраюся вучыцца на псіхолага, то заяўляюць, што гэта марная трата часу. Але я так не лічу. Выбрала гэтую спецыяльнасць, таму што хачу ўсяляк дапамагаць людзям. У дзяцінстве марыла працаваць у медыцынскай сферы. Мне здаецца, што псіхолагі таксама ўрачы, але яны лечаць душы. У бліжэйшых планах яшчэ прафесійныя заняткі вакалам, і, вядома ж, якая дзяўчына не марыць убачыць увесь свет!
Дар`я ГВАЗДОВІЧ, выпускніца сярэдняй школы № 7 Мінска:
— Мару паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Я ўпэўненая, што ў будучым ад працы заўсёды трэба атрымліваць радасць. А для мяне гэта — дарыць людзям добры настрой і бачыць іх усмешкі. Атрымаю дыплом па спецыяльнасці «культуролаг», а пасля знайду такую працу, каб арганізоўваць святы і розныя мерапрыемствы. Планую дамагчыся ў гэтым вялікіх поспехаў, а можа, нават калі-небудзь і стварыць сваё агенцтва.
Ягор ПРАХАРЭВІЧ, выпускнік сярэдняй школы № 1 Мінска:
— Я планую вучыцца на эканаміста. Але на гэтым не спынюся і пасля атрымання дыплома адразу паступлю ў ВНУ яшчэ раз, каб мець другую вышэйшую адукацыю. Калі набуду патрэбныя веды, думаю адкрыць сваю ўласную справу. Напэўна, гэта і ёсць самыя вялікія планы на наступныя гадоў дзесяць. Сур`ёзных перамен у жыцці я не баюся — гэта рух наперад і адкрыццё новых магчымасцей. Мару ў будучыні шмат падарожнічаць, а для гэтага трэба добра зарабляць. Таму ўсё ў нашых руках!
Юлія ПАПКО
ypopko@bk.ru