Заключительный этап вступительной кампании: ВУЗы начали принимать документы у абитуриентов

Паступальны рух

Сёння вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны пачалі прыём дакументаў ад абітурыентаў. З самай раніцы юнакі і дзяўчаты выстраіліся каля кабінетаў прыёмных камісій ВНУ — параўноўвалі вынікі ЦТ, дзяліліся планамі на будучыню і, зразумела, вельмі перажывалі. Карэспандэнт «Р» прайшлася па калідорах БНТУ і пагутарыла з тымі, хто падае заявы ў ліку першых.

Сёння ў БНТУ працуюць 17 прыёмных камісій.

— У нас сёння ажыятаж! Першы дзень падачы дакументаў, а абітурыенты прыйшлі да кабінетаў з 8 раніцы. Па традыцыі асаблівай папулярнасцю карыстаюцца спецыяльнасці будаўнічага факультэта, — дзеліцца назіраннямі Анатолій Конанаў, кіраўнік прэс-цэнтра БНТУ.

У сценах ВНУ мнагалюдна: былыя школьнікі збянтэжана блукаюць па калідорах у пошуках патрэбнай аўдыторыі. Заблудзіцца ім не даюць валанцёры-студэнты — хутка дапамагаюць зарыентавацца і падбадзёрваюць навічкоў:

— Самі нядаўна праз гэта праходзілі! Хваляваліся таксама, — успамінае трэцякурснік Максім.

Сёння ў БНТУ працуюць 17 прыёмных камісій. Зазіраем у адну з аўдыторый. Акуратна запаўняе бланк Дзмітрый Кажура. Побач — мама, прыйшла падтрымаць сына ў такі адказны дзень.

— Я абраў спецыяльнасць «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». У будучыні хацелася б адкрыць прыватную фірму ў гэтай галіне. Планую займацца будаўніцтвам не толькі ў нас, але і за мяжой. Уступная кампанія — гэта, вядома, шмат перажыванняў... Можна было б здаць ЦТ лепей, але ў цэлым вынікі добрыя. Разлічваю паступіць на бюджэт, — дзеліцца планамі Дзмітрый.

Спартыўна-тэхнічны факультэт — самы малады ў ВНУ і адзіны такога роду ў краінах СНД. Тут рыхтуюць спецыялістаў інжынернага профілю для сферы спартыўнай індустрыі — выпускнікі запатрабаваныя для працы на дзеючых спарткомплексах. Напрамкам зацікавіўся 17-гадовы мінчанін Канстанцін Голуб:

— Я прафесійна займаюся футболам, гуляю ў ФК «Іслач». Паступаць на спецыяльнасць «Спартыўная інжынерыя» вырашыў у 11-м класе. Хацеў, каб мая вучоба была звязана са спортам, але ў той жа час адкрывала і іншыя перспектывы. Гэты варыянт быў самым цікавым.

Канстанцін Голуб вырашыў паступаць на спецыяльнасць «Спартыўная інжынерыя».

Яшчэ адзін папулярны сярод абітурыентаў факультэт — інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. Разам з бацькамі прыехаў падаваць дакументы Максім Кіслы з Валожына:

— Я паступаю на спецыяльнасць «Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы», яна мне падалася цікавай і запатрабаванай сёння. Пакуль што няма сур’ёзных планаў наконт будучай працы, хачу для пачатку адвучыцца.

Максім — хлопец сур’ёзны, упэўнены. Ніякіх лішніх эмоцый, амаль не сумняваецца, што паступіць на бюджэт. На вачах мамы мімаволі выступілі слёзы — ганарыцца сынам, школу ён скончыў з залатым медалём:

— Кранальны момант сёння. Я мацней перажываю, чым ён! У наступным годзе другі сын паступае, можа, ужо спакайней мне будзе... Пакуль што ўсё ў навіну, не ведаем, як усё ўладкавана. Таму і прыехалі ўсёй сям’ёй, каб дапамагчы, падтрымаць.

БНТУ парадуе студэнтаў гэтага года навінкамі: упершыню па шасці дысцыплінах ВНУ прапануе навучанне на англійскай мове. Акрамя таго, адкрываецца набор у Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы, дзе будуць рыхтаваць работнікаў для Кiтайска-Беларускага iндустрыяльнага парка «Вялікі камень». Дарэчы, праграмы навучання спецыялістаў для маштабнага праекта Беларусі і КНР распрацавалі і ў БДУ. Упершыню адкрывае набор на бюджэт створаны ў гэтым годзе сумесны інстытут БДУ і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта. Абітурыенты змогуць паступіць на тры спецыяльнасці: «Механіка і матэматычнае мадэліраванне», «Фізіка і навукова-вытворчая дзейнасць», «Сусветная эканоміка». Лекцыі студэнтам будуць чытаць на рускай і англійскай мовах. Прадугледжаны курсы кітайскай.

У ВНУ плануюць прыняць 54,7 тысячы першакурснікаў. Чакаецца, што студэнтамі бюджэтнай формы навучання стануць 26,6 тысячы чалавек — гэта на 0,7 працэнта перавышае план прыёму мiнулага года. На платнае аддзяленне ВНУ маюць намер прыняць 28,2 тысячы чалавек, што на 1,5 працэнта перавышае леташні план. Добрая навіна для тых, хто плануе паступаць у ВНУ на медыцынскія спецыяльнасці: колькасць бюджэтных месцаў значна павялічыцца.

— Мы павялічылі набор на бюджэт прыкладна на дзвесце месцаў. У асноўным за кошт такіх спецыяльнасцей, як медыка-прафілактычная, медыка-дыягнастычная справа, стаматалогія, педыятрыя. Акрамя таго, у ВНУ вырасце колькасць бюджэтных месцаў на спецыяльнасці фізкультуры і спорту, спартыўна-педагагічнай дзейнасці. Колькасць платных месцаў вырасце за кошт ІТ-спецыяльнасцей, — падзялілася падрабязнасцямі Рэма Герлоўская, кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінаду­кацыі.

Прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання будзе доўжыцца па 17 ліпеня, на платную — па 4 жніўня. Тэрміны для сілавых і творчых ВНУ крыху іншыя — з 12 па 31 ліпеня і з 12 ліпеня па 2 жніўня. Выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці, могуць падаваць дакументы з 12 па 14 ліпеня. Абітурыенты, якія прэтэндуюць на завочныя месцы ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю, змогуць падаць дакументы з 15 лістапада па 5 снежня. Унутраныя ўступныя іспыты пройдуць з 18 па 26 ліпеня, з 6 па 15 снежня — у сельскагаспадарчых ВНУ. Тэрміны залічэння за кошт сродкаў бюджэту — па 28 ліпеня (за выключэннем ваенных устаноў вышэйшай адукацыі), на платнай аснове — па 6 жніўня (за выключэннем некаторых ваенных і творчых ВНУ).

КАМПЕТЭНТНА

Ігар КАРПЕНКА, міністр адукацыі:


— На бюджэтныя месцы ў ВНУ плануецца набраць крыху больш за 26 тысяч чалавек. Конкурсная сітуацыя ў любым выпадку будзе — тое, што гарантавана Канстытуцыяй і заканадаўствам аб адукацыі.

У краіне выбудоўваецца новая сістэма дзяржзаказу кадраў, якая арыентавана ў першую чаргу на патрэбы эканомікі і яе перспектывы. Скараціўся набор на эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці, што адбываецца не першы год. Павялічаны прыём на тэхнічныя і тэхналагічныя, медыцынскія і IT-спецыяльнасці.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter