Паступаем усе разам

Да ўступнай кампанii ў ВНУ яшчэ некалькi месяцаў. Але ўжо сёння будучыя абiтурыенты працуюць на поспех: рыхтуюцца да тэстаў, збiраюць любую магчымую iнфармацыю пра навучальную ўстанову сваёй мары. Як iм не памылiцца з выбарам? Дзе дапамогуць выпускнiку вызначыць менавiта тую спецыяльнасць, якая стане справай жыцця, прынясе задавальненне? Цi могуць бацькi паўплываць на рашэнне дзiцяцi i цi трэба гэта рабiць? Мы папрасiлi намеснiка Мiнскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’i i дзяцей Жанну МIЦКЕВIЧ паразважаць над гэтымi пытаннямi.

— Жанна Iванаўна, што вы параiце тым, хто сумняваецца ў выбары прафесii?
— Калi чалавек не мае акрэсленай мэты, то ў першую чаргу трэба праверыць сябе. Варта звярнуцца да псiхолага, ён пры дапамозе тэстаў вызначыць, у якiх сферах ёсць здольнасцi. Трэба ўважлiва пачытаць даведнiк для тых, хто паступае ў ВНУ. I, выбраўшы сваю навучальную ўстанову, схадзiць туды на Дзень адчыненых дзвярэй. Як рыхтуюць, кiм ты выйдзеш з гэтай ВНУ — важныя пытаннi, на якiя трэба шукаць адказы ў кампетэнтных людзей. Не менш важна ведаць, якую сацыяльную нiшу ты можаш заняць, кiм уладкавацца. Словам, любая iнфармацыя будзе карыснай. I яшчэ адзiн з важных момантаў: трэба рэальна ацэньваць свае здольнасцi. Многiя дзецi ўпэўнены, што добра падрыхтаваны, але ў працэсе вучобы высвятляецца, што яны “не цягнуць”: не хапае сiл, цярплiвасцi i г.д. I яны кiдаюць iнстытуты.
Да выбару прафесii трэба падыходзiць вельмi ўважлiва, каб адчуваць сябе на сваiм месцы, мець магчымасць развiвацца iнтэлектуальна i адчуваць ад гэтага асалоду.
— А бацькi павiнны ўплываць на выбар дзiцем прафесii, цi гэта павiнна быць рашэнне маладога чалавека?
— Многiя бацькi не маюць вышэйшай адукацыi, але яны хочуць, каб дзецi паступалi, вучылiся i дасягнулi таго, што не ўдалося iм. У гэтым выпадку ўзнiкае пытанне: цi ёсць матывацыя да паступлення ў самiх дзяцей? Тыя, хто займае добрую пасаду i разумее, што веды далi магчымасць як след уладкавацца ў жыццi, стараюцца, каб iх дзецi паступалi ў навучальныя ўстановы, якiя яны самi закончылi. З аднаго боку, гэта добра, бо ёсць дынастычны падыход да прафесii. Дзецi выраслi ў той прафесiянальнай атмасферы, у якой жылi бацькi. У iх глыбокая матывацыя, якая iдзе з дзяцiнства. Але можа быць i такая, даволi тыповая карцiна: бацькi лiчаць, што гэта спецыяльнасць вельмi прэстыжная, i прымушаюць дзiця паступаць у канкрэтную ВНУ. А яму падабаецца iншае. I калi не ўлiчыць гэтыя жаданнi, памкненнi, то можа здарыцца, што дзiця паступiць, а потым пойдзе з iнстытута.
— Як вы лiчыце, чаму моладзь iмкнецца атрымаць вышэйшую адукацыю?
— Псiхалагiчныя моманты, якiя кiруюць маладымi людзьмi, у першую чаргу абумоўлены сацыяльна-эканамiчнай сiтуацыяй у нашай краiне, зменамi ў ёй. Справа ў тым, што сёння жыццё ўсё больш вызначаюць iнавацыi, новыя iнфармацыйныя падыходы. Можна сказаць, што мы сустракаем новае на кожным кроку. Маладыя людзi разумеюць, што для таго, каб атрымаць месца пад сонцам i грунтоўна адчуваць сябе, трэба быць прафесiяналам. Прафесiяналiзм становiцца асновай жыцця, i шлях да яго многiя бачаць праз вучобу ў ВНУ. Сёння моладзь вельмi асэнсавана падыходзiць да выбару далейшага працоўнага шляху. Некаторыя нават займаюцца не ў адной навучальнай установе, а ў некалькiх. Вялiкую ўвагу ўдзяляюць авалоданню замежнымi мовамi, камп’ютэрам, бо разумеюць, што без гэтага сёння — нiкуды. Таму i папулярныя зараз спецыяльнасцi, звязаныя менавiта з камп’ютэрамi i мовай.
Псiхалогiя сённяшнiх маладых людзей заснавана на тым, што трэба шмат ведаць i добра ведаць. Яны свядома выбiраюць прафесiю, i ўжо ў час паступлення iх цiкавiць будучая праца. Яны ведаюць, што зараз ёсць тое, чаго не было раней: рэзюме. Чалавек, у якога прыстойныя адзнакi ў дыпломе, мае больш шанцаў атрымаць добрую пасаду, работу. А гэта мае вельмi вялiкае значэнне, таму што жыццё стала больш прагматычным.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter