Сети через реку и незарегистрированное оружие: для инспекторов по охране природы наступила горячая пора

Пастка для браканьера

Прыродаахоўнікі аглядаюць наваколле,
адначасова ўважліва прыслухоўваючыся: гукі
стрэлаў разносяцца далёка.
Сезон для аматараў дзiчыны разгараецца: ужо можна здабываць птушку i капытных, а лiтаральна днямi адкрылася паляванне на бабра i выдру, шэрую курапатку i рабчыка. Стрэльбы расчахлiлi i браканьеры, якiя спадзяюцца згубiцца сярод законапаслухмяных паляўнiчых i пад шумок здабыць буйную жывёлу без усялякiх пуцёвак i дазволаў. Таму гарачая пара зараз наступiла i для прыродаахоўнiкаў. У гэтым карэспандэнт «Р» упэўнiлася падчас сумеснага рэйда.

Свiтанак над возерам

Восень — пара ўраджайная ва ўсiх сэнсах: спеюць журавiны, растуць грыбы, за лета нагулялi бакi i рыба, i птушка, i ласi з аленямi. Супрацоўнiкi Дзяржаўнай iнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету пiльна сочаць, каб усiмi гэтымi дарамi людзi карысталiся разумна, з аглядкай на нашчадкаў, а не па прынцыпе выпаленай зямлi. Мы адпраўляемся ў рэйд яшчэ зацемна: паляванне на птушку дазволена ў светлы час сутак, пачынаць яго можна не раней чым за гадзiну да свiтання, а заканчваць — не пазней чым за гадзiну пасля заходу сонца. 

— Браканьеры звычайна актывiзуюцца ў пачатку паляўнiчага сезона, — дзелiцца вопытам Аляксей Сырцоў, намеснiк начальнiка Мiнскай абласной iнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету. — Тады буйныя жывёлы яшчэ прыходзяць да вадаёмаў, дзе кормяцца птушкi. Праз некаторы час яны разумеюць, што ад качак лепш трымацца далей.

Пра сонца яшчэ толькi напамiнае шырокая чырвоная стужка над гарызонтам, а мы ўжо знаходзiмся на во-зеры Лагаза каля аднайменнай вёскi Лагойскага раёна. Берагi гэтага невялiкага вадаёма зараслi чаротам, ён карыстаецца папулярнасцю ў качак, лебедзяў i рыбакоў. Апошнiя ўжо занялi некалькi зручных месцаў, дастаюць вуды, надзiмаюць лодкi. Падыходзiм вiтацца, i гэта не толькi акт ветлiвасцi: вопытны iнспектар ужо па паводзiнах рыбака бачыць, цi не прыхавана ў багажнiку забароненая сетка. Апрача таго, размовы — важная крынiца iнфармацыi. Але сёння рыбакi стрэлаў паблiзу не чулi. Адзiн з iх звяртае ўвагу iнспектараў на тое, што з пяцi птушанят лебедзяў, якiя падраслi, бачыць апошнiм часам толькi адное. Цi не трапiлi астатнiя на вячэру браканьерам? Насцярожваемся: паляванне на лебедзя забаронена ў прынцыпе! 

Аднаму з аматараў рыбнай лоўлi даводзiцца вынесцi папярэджанне: яго аўто прыпаркавана надта блiзка да вады, а павiнна стаяць не менш чым за 30 метраў ад берага.

Аб’язджаючы возера па перыметры, у чароце каля процiлеглага берага бачым досыць шматлiкую сям’ю лебедзяў. Вiдаць, знiклыя птушкi проста змянiлi месца дыслакацыi. 

Стрэлы ў цiшынi

Каля ракi Гайны i цэлай сеткi мелiярацыйных каналаў заўсёды шмат качак, а значыць, i тых, хто намерваецца iх здабыць. Выходзiм з джыпа i прыслухоўваемся: у ранiшняй цiшынi гукi стрэлаў разносяцца далёка. Ёсць! Хутка забiраемся ў машыну i рухаемся ў той бок. Насустрач па палявой дарозе едзе аўто, якое знiжае хуткасць, як толькi вадзiцель заўважае наш пазадарожнiк. Аляксей Васiльевiч дае знак спынiцца i наблiжаецца ў суправаджэннi Аляксея Дубаневiча, старшага iнспектара аператыўнага аддзела. У машыне двое мужчын, якiя прад’яўляюць дакументы: дзяржаўнае пасведчанне на права палявання, дазвол на зброю, паляўнiчую пуцёўку, картку ўлiку парушэнняў, а таксама квiтанцыю аб аплаце пошлiны на права палявання. Дарэчы, сезоннае, да сярэдзiны снежня, паляванне на птушку каштуе 70 рублёў. Аляксей Сырцоў просiць таксама паказаць патроны, якiя шмат могуць сказаць аб намерах паляўнiчых. Напрыклад, страляць па качцы карцеччу немэтазгодна: невялiкую птушку яна проста разарве. Наяўнасць такiх патронаў на птушыным паляваннi — сур’ёзнае парушэнне i сведчанне намеру здабыць буйную жывёлу. Але ў гэтых паляўнiчых усё ў парадку. У багажнiку здабыча — дзве качкi.

Паляванне ўдалося: у багажніку дзве качкі.

— Вечарам зладзiм баню, зробiм шашлык з дзiчыны, — дзеляцца яны планамi, праводзячы позiркамi невялiкую чародку качак, што якраз пралятае над намi. 

Збiтая раса, след аўтамабiльных шын прыводзяць нас да адзiнокага аўто, прыпаркаванага на ўскрайку лесу. Iнспектары праз вокны заглядаюць у салон: бывае так, што браканьеры рассыпаюць патроны, кiдаюць чахол ад стрэльбы. Тут нiчога падобнага няма, а хутка з лесу выходзiць пара грыбнiкоў. Жадаем iм плённага цiхага палявання i рушым далей.

Рагаты плывец

На жаль, сустрэлiся нам i тыя, хто арудуе на навакольных угоддзях як у сябе дома. Два браты з вёскi Лучкi Пухавiцкага раёна, выпраўляючыся на балота па журавiны, устанавiлi на невялiкай маляўнiчай рэчцы Кавалёўка чатыры сеткi i 13 сетчатых экранаў — так званых тэлевiзараў. Намервалiся зняць iх з уловам на зваротным шляху, але самi сталi «здабычай» аператыўнiкаў Дзяржiнспекцыi.

У сетках аказалася ўсяго дзесяць рыбiн. За лоўлю забароненымi прыладамi ў адносiнах да  браканьераў распачалi адмiнiстрацыйны працэс. У бацькоўскiм доме братоў прыродаахоўнiкi знайшлi яшчэ 11 сетак i два пад’ёмнiкi, або павукi. Зразумеўшы, што справы iх дрэнныя, мужчыны самi выдалi дзве незарэгiстраваныя стрэльбы i поўны патранташ, што наводзiць на думкi аб незаконным паляваннi, як i ўстаноўленая ў двары вяндлярня. 

Зараз, калi браканьеры пазбаўлены зброi, рачным i лясным насельнiкам там нiчога не пагражае. А iх каля Кавалёўкi нямала: амаль на тым жа месцы, дзе зламыснiкi расставiлi сеткi, напярэдаднi iнспектарам удалося зняць, як купаецца лось. Спадзяёмся, лясны прыгажун працягне атрымлiваць асалоду ад водных працэдур.

Інспектары па рацэ вязуць братоў-браканьераў у вёску Лучкі для агляду іх участка і пабудоў
Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету

З пачатку верасня супрацоўнiкi Дзяржiнспекцыi выявiлi 46 парушэнняў у сферы палявання i рыбалоўства. Канфiскавана шэсць незарэгiстраваных стрэльбаў, 146 сетак агульнай даўжынёй 5,5 кіламетра i 32 сетчатыя прылады: павукi, тэлевiзары, браднiкi. 



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter