Гамяльчанін распрацаваў унiкальную зубную нанашчотку для падарожнікаў

Паспрабуем на зуб

Як пачысціць зубы ў падарожжы, калi ты вандруеш у цягніку ці ў самалёце? З такой праблемай людзі сутыкаюцца часта. Адны губляюць пасту сярод мноства рэчаў у багажнай сумцы. Другія шчотку дома пакідаюць. Карацей, адна бяда з гэтай гiгiенай. Ідэя стварыць суперзручную прыладу для чысткі зубоў у 31-гадовага гамяльчанiна Дзяніса Сляпцова нарадзілася яшчэ год таму. А актыўна прасоўваць сваю вынаходку ў масы ён пачаў адносна нядаўна. Карэспандэнта «Р» хлопец пазнаёміў з мадэллю «разумнай» шчоткі і паказаў прынцып яе дзеяння. 

У планах гамяльчаніна — здзівіць свет уласнымі лайфхакамі.

Дзяніс Сляпцоў скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву па спецыяльнасці «трэнер па грэка-рымскай барацьбе». Аднак працаваць яму давялося ў розных сферах. Нарэшце жыццёвы вопыт падказаў хлопцу прыкольную цікавостку: час настолькі бясцэнны, што трэба як мага менш марнаваць яго на дробязі. Пасля такой высновы ў галаве Дзяніса выспела цэлая скарбонка лайфхакаў, якімі ён плануе здзівіць свет. Дзяліцца ўсімі ён не спяшаецца. 

Універсальная шчотка для падарожнікаў — адна з такіх ініцыятыў. Дзянісу давялося ў жыцці шмат ездзіць, падарожнічаць, перамяшчацца з месца на месца. І заўсёды стаяла праблема з чысткай зубоў. Асабліва ў цягніках. 

— Я падумаў, чаму б не стварыць штосьці ўніверсальнае, каб у камплект уваходзіла і паста, і шчотка адначасова. А галоўнае, каб гэтая штуковіна была аднаразовай і займала няшмат месца, — абгрунтоўвае перавагі свайго вырабу Дзяніс. — Усё гэта дазволіць чалавеку не губляць час на перабор рэчаў і корпанне ва ўжо складзеных сумках. Найчасцей яны і так амаль не закрываюцца, а тут яшчэ шукай спачатку пасту асобна, а потым і шчотку. Гэта зусім нязручна.

У першую чаргу вынаходка прызначаецца для людзей, якія вымушаны адпраўляцца ў далёкія паездкі. Шчотка распрацоўваецца як рэч аднаразовая, таму і размяшчаць яе патрэбна па прызначэнні: у цягніках, параходах, самалётах... У перспектыве патэнцыяльнымі пакупнікамі стануць і кліенты стаматалагічных клінік, аптэк. Прынцыповая рыса вынаходкі: яна не павінна стаяць на прылаўках крамаў, яе трэба выкарыстоўваць. 

Такую рэч сапраўды зручна мець пад рукою: заўсёды свежае дыханне, ды і пломбы пасля яе на месцы. Вынаходнік да плюсоў супершчоткі дадаў эканомію вады і пасты, а таксама бяспечную ўтылізацыю.

Па прататыпе відаць, што нанашчотка будзе больш кампактнай за звычайную.

Нанашчотка будзе кампактнай, крыху меншай па памеры за звычайную — каля 18,5 сантыметра. Аснову яе плануюць вырабляць з пластмасы. Каб прымусіць ідэю працаваць на ўсе 100 працэнтаў і зрабіць прыладу па максімуме мабільнай і ўніверсальнай, Дзяніс хоча ў «заднік» шчоткі ўставіць зубную нітку.

— Усё элементарна проста. У шарападобным рэзервуары будзе захоўвацца аднаразовая порцыя пасты. Калі націснуць на шарык — паста па канале трапіць адразу на шчэць, — гамяльчанін тлумачыць мне прынцып дзеяння сваёй задумкі. — Уся сістэма будзе ствараць эфект плаваючай галоўкі, тым самым не пашкоджваючы ні паднябення, ні дзяснаў.

Насамрэч вырабіць такую ўніверсальную шчотку даволі затратна. Аднак у хуткім часе ўсё акупіцца, а кошт адной штукі не перавысіць кошт звычайнай шчоткі. 

На дадзены момант у Дзяніса Сляпцова падрыхтавана мадэль незвычайнай прылады і план яе канструявання. Каб знайсці спонсараў, гамяльчанін звяртаўся ў розныя арганізацыі, аднак падтрымкі не атрымаў. Калі яму параілі «не марыць адкусіць найвялікшы кавалак пірага», Дзяніс выправіўся прасоўваць уласны праект у Маскву. Справа пайшла нашмат хутчэй... На сёння хлопец знайшоў людзей, згодных падтрымаць яго ініцыятыву. Зараз у распрацоўцы відэаролік, які раскажа людзям пра зубную цікавостку.

Канешне, казаць пра тэрмін выхаду першага экзэмпляра шчоткі пакуль складана. Вядома адно: першыя ўзоры з’явяцца ў Маскве. Другі па плане — наш мясцовы рынак. 

Таксама няпроста разважаць пра перспектывы нанашчоткі. Аднак попыт на вынаходку ёсць ужо зараз: калі Дзяніс цікавіўся ў пасажыраў, ці хацелася б ім мець у кішэні такую шчотку, нiхто не адмовiўся.

veronulas@sb.by

Фота з асабістага архіва героя
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter