Дзве хрысціянскія веры цесна перапляліся ў сям’і лагойскага фермера Уладзіміра Адамовіча

«Пасля таго як пабудава ў храм, мне быццам хто шлях высцiлае»

НАШЧАДАК сялянскага роду Уладзімір АДАМОВІЧ закончыў Мінскае ваеннае сувораўскае і Свярдлоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае танкава-артылерыйскае вучылішчы. Служыў у Групе савецкіх войскаў у былой ГДР. Пасля распаду СССР працягваў ваенную службу ў Беларусі. Марыў вучыцца ў акадэміі Генштаба ў Маскве, але развал Саюза не дазволіў здзейсніць задуманае. У роспачы кадравы афіцэр пакінуў службу і заняўся прадпрымальніцтвам. Прайшоў праз шмат выпрабаванняў, перш чым заняў сваю нішу ў бізнесе па вытворчасці медпрэпаратаў.


А потым вырашыў абвергнуць сцвярджэнне, што ў сельскай гаспадарцы немагчыма стаць багатым, і пяць гадоў таму стаў фермерам. Яго гаспадарка “Цнянскія экапрадукты” лідар у сталічнай вобласці па ўраджаях бульбы. Больш як дзесяць мільёнаў долараў інвесціраваў ён у тэхналогію яе вырошчвання. Частка гэтых сродкаў пайшла на мадэрнізацыю суседніх гаспадарак “Косіна” і “Ахека”, далучаных да сялянска-фермерскай гаспадаркі Адамовіча.

АМАЛЬ стагоддзе таму прадзед Адамовіча Уладзімір, каб набыць зямлю, некалькі гадоў служыў эканомам маёнтка ў пана непадалёк ад Вільні. Зарабіў грошай і вярнуўся ў родныя Сеўрукі, што паблізу Баранавічаў. Выкупіў зямельны надзел, ажаніўся з мясцовай сялянкай Вікторыяй Пракаповіч. Спраўляўся руплівы гаспадар і з абавязкамі солтыса, за што і атрымаў мянушку Свёнтак. Марыў пабудаваць у Сеўруках касцёл. Весці гаспадарку дапамагалі тры сыны Адамовічаў, якія атрымалі ад бацькоў у спадчыну зямлі па роўнай долі. Да Другой сусветнай вайны гаспадарылі яны на сваіх надзелах. Сын Станіслаў, якога чамусьці родныя потым сталі зваць Уладзімірам, працаваў чыгуначнікам і сваю гаспадарку вёў. У час акупацыі Польшчы меў бронь на службу ў войску, але разам з іншымі землякамі апынуўся ў Войску Польскім, загінуў каля польскага горада Калобжэг. Пяцёра дзяцей засталіся на руках у аўдавелай Вікторыі Адамовіч. Бацьку ў сям’і замяніў старэйшы сын Леанід. Даглядаў у сваёй гаспадарцы два кані, некалькі кароў і шмат іншай жыўнасці. Калі ў вёсцы арганізаваўся калгас, каб дапамагчы маці выхоўваць меншых дзяцей, пасля чацвёртага класа пайшоў працаваць. Днямі ўвіхаўся на калгасным полі, а вечарамі спасцігаў навуку ў школе рабочай моладзі. Да арміі закончыў вадзіцельскія курсы і атрымаў пасведчанне. У час службы яму даверылі быць шафёрам у начальніка Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча, які прапанаваў былому армейцу пасля заканчэння тэрміновай службы застацца вадзіцелем у навучальнай установе. Там Леанід сустрэў сваю зямлячку Марыю Артухевіч, якая працавала лабарантам у фізічным кабінеце. Ажаніліся і атрымалі побач з Траецкім прадмесцем сталіцы невялікую службовую кватэру. Нарадзіўся першынец, якога ў гонар дзеда і прадзеда назвалі Уладзімірам. З сынам прыязджалі ў вёску Сеўрукі, дзе іх заўжды чакалі родныя. Валодзя часцей заставаўся ў бабулі Вікторыі, у якой было пяцёра ўнукаў. Наведваў бабулю Вольгу і дзеда Эдуарда — у іх удвая больш збіралася ўнукаў. Цёплым летнім ранкам разам з дзядулем ватага ўнукаў адпраўлялася па грыбных мясцінах. Аднойчы вярталіся з лесу, і раптам пачалася навальніца. Раскаты перуна і асляпляльная маланка моцна спужалі Валодзю, і ён стаў у думках прасіць Усявышняга спыніць навальніцу. Хмары разышліся, і на небе заззялі сонечныя промні. Гэты выпадак уразіў хлопчыка. З большым натхненнем стаў запамінаць пацеры, якім вучыла бабуля Вікторыя.

СЯРОД яго вясковых сяброў была і сціплая дачка настаўнікаў Жана. На калгасным полі разам палолі буракі, варочалі і зграбалі сена на лузе, кашамі насілі з лесу грыбы і ягады. 

З сябрамі гулялі і каля калгаснай канторы, куды на легкавіку пад’язджаў важны старшыня, які так уразіў маленькага гараджаніна, што з’явілася думка стаць кіраўніком у вёсцы. Па рашэнні бацькоў пасля васьмігодкі паступіў у Мінскае ваеннае сувораўскае вучылішча. Там ён не адзін раз бываў, ведаў многіх сувораўцаў і выкладчыкаў. Атрымаў у вучылішчы сярэднюю адукацыю і працягнуў вучобу ў Свярдлоўскім вышэйшым ваенна-палітычным танкава-артылерыйскім вучылішчы. На апошніх летніх канікулах прыехаў у Сеўрукі, дзе пабраўся шлюбам з той самай дачкой настаўнікаў Жанай Бурак, з якой сябраваў з малых гадоў. Яна ўжо была студэнткай Віцебскага медыцынскага інстытута. 

— Пасля вяселля замест мядовага месяца мы раз’ехаліся заканчваць вучобу, — узгадвае Уладзімір Адамовіч. — Жане заставалася яшчэ два гады да атрымання дыплома фармацэўта, а я на наступнае лета пасля заканчэння ваенна-палітычнага вучылішча ў званні лейтэнанта адправіўся служыць у нямецкі горад Вюнсдорф. 

Праз пяць гадоў вырас да капітана, збіраўся паступаць у ваенную акадэмію. Пачаўся вывад савецкіх войскаў з Германіі, і нас перадыслацыравалі ў Мінск. Заробак рэзка ўпаў. Па загадзе адправіўся ў гарачую кропку на Каўказ, а праз паўгода адтуль накіравалі на цаліну збіраць ураджай. Увесь гэты час сям’і не бачыў. Падаў рапарт на звальненне з ваеннай службы. Пазычыў у бацькоў грошай і купіў патрыманую аўтамашыну, на якой працаваў таксістам у Мінску. За трое сутак зарабляў больш, чым афіцэрам за месяц. 

Развозячы па сталіцы пасажыраў, імкнуўся вывучаць іх псіхалогію. Падрасталі дзеці Аляксей і Таццяна. З малых гадоў прывучалі іх да працы. Яшчэ школьнікам на канікулах сын працаваў грузчыкам на фармацэўтычным заводзе, з якога пачаўся сямейны бізнес. Дачка прайшла таксама працоўную загартоўку. Дзеці закончылі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, маюць свае сем’і, і трое ўнукаў ужо ў нас. Ім працягваць радавод. Падрастуць, вазьму іх з сабою, каб ведалі, дзе пахаваны прадзед, што загінуў у гады Другой сусветнай вайны на польскім узбярэжжы Балтыйскага мора. Васямнаццаць байцоў ляжаць там у брацкай магіле. На пліце выбіта і прозвішча Уладзіміра Адамовіча.

Крыўдна, што няўдзячныя заходнія суседзі сталі руйнаваць помнікі загінуўшым савецкім воінам, якія вызвалялі Польшчу. Калі даведаўся, што дэманціраваны помнік легендарнаму савецкаму ваеначальніку двойчы Герою Савецкага Саюза Івану Данілавічу Чарняхоўску, які, дарэчы, прымаў 3 ліпеня 1944 года партызанскі парад у вызваленым Мінску, адразу загарэўся намерам заняцца пераносам астанкаў слыннага ваеначальніка ў Беларусь. У Вялікую Айчынную вайну на высокім лагойскім пагорку паблізу размяшчаўся штаб генерала арміі Івана Чарняхоўскага. Нас апярэдзілі з перазахаваннем расіяне.

А калі даведаўся пра намер жыхароў Сеўрукоў пабудаваць у вёсцы касцёл, набыў цэглу, выдзеліў будаўнічую брыгаду, і ўзвялі на былой сядзібе майго прадзеда Свёнтака мураваны храм у гонар хрысціянскай святой Марыі  Магдаліны. На ўрачыстай першай службе прысутнічаў мой польскі прыяцель-бізнесмен, які таксама ўнёс сваё ахвяраванне на гэтую высакародную справу. За матэрыяльную падтрымку вернікаў падоўжыў мне адтэрміноўку пазыкі, якую прадаставіў, калі мы толькі пачыналі свой сямейны бізнес. Увогуле, пасля завяршэння будаўніцтва храма мне быццам хто шлях высцілае.

ПАСЛЯ продажу балгарскім прадпрымальнікам лагойскага фармацэўтычнага завода, які даваў чацвёртую частку паступленняў у раённы бюджэт, мы хутка запусцім новую вытворчасць медыцынскіх прэпаратаў. Ганаруся, што дзякуючы наладжванню вытворчасці лекаў удалося пазбавіцца лішніх звенняў паміж вытворчасцю медпрэпаратаў і сеткай аптэк, цэны на беларускія лекі рэзка знізіліся. Актыўна заняліся мы і сельскай гаспадаркай.

— Што прымусіла пайсці на гэта?

— Даўняя  мара гаспадарыць на зямлі. Вырас у сялянскім асяроддзі. На першых  трыццаці  сотках   самастойна  вырошчваў бульбу. Насенне набываў у вядомага фермера Уладзіміра Радзевіча. Многаму навучыўся ў яго. Наведваў сельскагаспадарчыя выставы ў Германіі. Пашырыў зямельныя ўгоддзі да 300 гектараў, на якіх вырошчваў беларускія і нямецкія гатункі. Дома варыў па тры розныя бульбіны і запрашаў сяброў і знаёмых на дэгустацыю. Высветліў, што густы ў жанчын і мужчын розныя. Клубні гатунку “брыз” найлепш ацанілі мужчыны. Жанчыны іх паставілі на другое месца. Гэтаму гатунку аддаў перавагу пры пасадцы. Па такім метадзе і спланаваў, колькі якому гатунку адвесці зямлі. На дэгустацыю завітаў тады старшыня Лагойскага райвыканкама Іван Магер і здзівіўся, што, маючы паспяховы фармацэўтычны бізнес, намерыўся заняцца бульбаводствам. У першы год атрымаў звыш 450 цэнтнераў клубняў з гектара. У спрыяльныя гады ўраджайнасць дасягала 700 цэнтнераў з гектара. 

— Каму даверылі догляд гэтай культуры?

— Тры механізатары займаліся агратэхнікай. Мой вадзіцель усё лета ў полі працаваў. У выхадныя я іх падмяняў. Сядаў за руль трактара і абганяў радкі. Зараз укамплектаваны людзьмі і тэхнікай. Па ўказе Прэзідэнта бясплатна атрымаў акцыі стратных лагойскіх гаспадарак «Косіна» і «Ахека». У іх даўгоў амаль на 96, а актываў на 90 мільярдаў. Ужо вярнулі 60 мільярдаў рублёў, і астатнія хутка выплацім. Пабудавалі сучасны комплекс па дапрацоўцы і захоўванні бульбы і гародніны. 

— Важна не толькі вырасціць добры ўраджай, але і ўдала яго рэалізаваць. 

— Не адразу выйшлі на стабільныя рынкі збыту. Было так, што і ашуквалі нас. Вырашылі пазбавіцца паслуг перакупшчыкаў і напрамую працаваць з расійскімі аптавікамі. 

У магазіны беларускай сталіцы арганізавалі пастаўку мытай бульбы, занялі гэтую нішу ў гандлі. Мяне здзіўляе, што і іншыя гаспадаркі набылі такія машыны, але чамусьці не выкарыстоўваюць іх. Амаль увесь ураджай клубняў раней адпраўлялі расійскім спажыўцам, а цяпер толькі палавіну. Астатняе адпраўляем у Малдову і Сербію. 

— Што яшчэ вырошчваеце?

— Рапс, збожжавыя і гародніну. Наладзілі перапрацоўку насення рапсу. У гандлёвую сетку круглы год пастаўляем у спецыяльных упакоўках моркву, буракі, цыбулю, капусту, кроп, пятрушку. Распрацавалі брэнд для прадукцыі, і хутка ён з’явіцца на спажывецкім рынку. Нестандартныя клубні нарэзваем лустамі, саломкай для рэстаранаў. Адходы сушым і пускаем на камбікорм. Плануем наладзіць вытворчасць прэміксаў.

— Ці вялікая ваша гаспадарка?

— Звыш пяці тысяч гектараў ворыўных зямель, а ўсяго 7335 гектараў сельгасугоддзяў. На сямі жывёлагадоўчых фермах утрымліваецца 3600 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1250 дойных кароў, прадукцыйнасць якіх даведзена да шасці тысяч кілаграмаў малака. Рэнтабельнасць вытворчасці малака дасягае амаль 50 працэнтаў. Заробкі працаўнікоў ферм перавышаюць 11 мільёнаў рублёў у месяц. 

— А механізатараў хапае? 

— Ніякіх праблем. У былой косінскай гаспадарцы працавала звыш 250 чалавек, а зараз на сотню меней, і спраўляюцца. Заробкі выраслі. Пастаянна ствараем новыя працоўныя месцы. Людзі заняты на перапрацоўцы прадукцыі палёў у сховішчах, на рапсавым і камбікормавым заводах.

— Уладзімір Леанідавіч, чалавеку ў жыцці даецца больш шансаў на шчасце ці выпрабаванняў?

— Усё залежыць ад асобы. Калі задуманым зможаш пераканаць іншых, то абавязкова ўсё атрымаецца. Нас вучылі, што быццё вызначае свядмасць. У жыцці пераканаўся, што свядомасць першаступовая. Думкі становяцца матэрыяльнымі.

Імкнуся дапамагаць людзям. Пачуў, што баранавіцкаму хлопчыку тэрмінова неабходны сродкі на правядзенне аперацыі і падрыхтаваныя на закуп насення грошы ахвяравалі. Падтрымалі нядаўна і цяжка хворую дзяўчынку. У калектыве да людзей стаўлюся так, як падказвае сэрца. Нядаўна прыехаў на поле і ўбачыў акуратную сяўбу кукурузы. Аніякіх агрэхаў. Кранула стараннасць трактарыста. Дастаў з гаманка салідную купюру і папрасіў механізатараў перадаць яму. З цяплом у сэрцы пакідаў поле. Мо таму і поспех  садзейнічае, што адчуваю чужы боль. І людзі гэта заўважаюць. Дзве сям’і з горада вярнуліся ў бацькоўскія дамы. Дапамаглі адрамантаваць іх і працай забяспечылі. 

— Ваша сям’я для вас — крэпасць?

— Не заўважыў, як выраслі дзеці, і зараз унукаў Аляксандра, Дзіму і ўнучку Дашу мала бачу. Пралятае ў клопатах вясна. І быццам меў адпачынак, але ўвесь у справах. Сям’я дачкі Таццяны жыве разам з намі, у рысах яе характару бачу сваё адлюстраванне, як і ў маленькім унучку, што цешыць душу і радуе. Многім у жыцці я абавязаны жонцы. А ў цешчы стаў любімым зяцем, а іх у яе чатыры. Так што магу ганарыцца. Сеўрукі па-ранейшаму ў маім сэрцы. На Радуніцу звычайна едзем туды і наведваем магілкі родных.

— Вы каталік, а жонка праваслаўная, як святкуеце Вялікдзень?

— Месяц таму адзначылі каталіцкі, а заўтра ў нашым доме зноў свята. Сына хрысцілі ў царкве, і ён з палескай каталічкай вянчаўся ў касцёле. Дачку Таццяну хрысцілі ў касцёле, а замуж выйшла за праваслаўнага. Так у нашай сям’і перапляліся дзве хрысціянскія веры. З жонкаю заходзім на службу ў касцёл і ў царкву. 

— Уладзімір Леанідавіч, многага ў жыцці дасягнулі, а пра што яшчэ марыце?

— Бачу сябе толькі лідарам. Старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёну Шапіру абяцаў, што праз тры гады далучаныя гаспадаркі стануць эталоннымі па асноўных эканамічных паказчыках. Па выручцы на працуючага і па эфектыўнасці вытворчасці ў вобласці няма нам роўных. Па валавой выручцы яшчэ не першыя. Дасягнём і гэтага.

Уладзiмiр СУБАТ

Лагойскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter