Пасля болю.

Першы шок прайшоў. Прыйшоў час думаць і рабіць высновы. Усім без выключэння.

У наскрозь пранізанай веснавым святлом “выхадной” электрычцы — твары незнаёмых людзей. Яны ўжо не такія, як былі ў мінулы аўторак, — скамянелыя і разгубленыя.
Яны — у большасці сваёй — сур’ёзныя і засяроджаныя. Задумлівыя. Першы шок прайшоў. Прыйшоў час думаць. Аналізаваць.
Рабіць высновы. Задумацца ёсць аб чым. Усім нам. Кожнаму без выключэння.

Ведаеце, якімі першымі былі словы маёй мамы, калі ў выпуску навін яна пачула, што падазраваемыя ва ўчыненні выбуху ў метро затрыманы? Ні “так ім і трэба”, ні “нарэшце”, ні нават “дзякуй Богу”. Яна, апусціўшы вочы, ціха выдыхнула: “Божа мой, якая ганьба!” Я нават не адразу даўмелася, аб чым яна. А калі зразумела, адчула, бадай, тое самае. Маме, якая амаль сорак гадоў аддала школе, якая ў кожным вучні старалася знайсці і абудзіць нешта добрае, стала прыкра, сорамна і страшна. Бо прызнаўчыя паказанні, што людзей у метро забіў і скалечыў ён, пачаў даваць не член ісламісцкай групоўкі, не дыверсант з-за мяжы, не іншапланецянін. Свой. Беларус. Грамадзянін Беларусі. Дваццаціпяцігадовы малады хлопец. Ён нарадзіўся тут, рос, вучыўся ў школе, працаваў...
Як, калі, па якой прычыне, з якога насення — усёахопнай нянавісці ці проста душэўнай пустэчы — праклюнуўся парастак вар’яцкай, жахлівай, але такой пралічанай да дробязей, такой дасканала выкананай ідэі, якая выбухнула на “Кастрычніцкай” морам чалавечага болю і чалавечага гора? Як гэта ідэя магла нарадзіцца ў нашым, такім спакойным, такім да ўсіх цярпімым, такім талерантным грамадстве? Пытанні, на якія знайсці адказ нам усім не менш важна, чым спецыялістам правесці дэталёвае расследаванне. Нам, усім разам, трэба набрацца мужнасці і прызнаць: тое, што адбылося, гэта наша агульнае гора, і яно нас зблізіла і паказала, што мы маем права людзьмі звацца, але адначасова гэта і наша агульная ганьба. Бо гэта адбылося з намі, бо да гэтага злачынцы рыхтаваліся сярод нас. І справа гонару для нас — знайсці карані гэтай ганьбы і яе прычыны. Інакш дзе гарантыя, што падобнае, нягледзячы на ўсемагчымыя меры бяспекі, стайныя паўторыцца зноў — у іншым месцы, з іншымі сродкамі выканання, але з усё тымі ж страшнымі вынікамі.

Не здзіўлюся, калі следства пакажа, што матываў асаблівых у “бамбіста нашага часу” не было. І што з псіхікай у яго ўсё нармальна. (Дарэчы, аналітыкі-псіхолагі сцвярджаюць, што нематываваныя злачынствы адбываюцца менавіта ў стабільных грамадствах, дзе няма расавых, рэлігійных, яскрава выражаных сацыяльных праблем). Проста адчуў беспакаранасць. Проста захацеў “пагуляць”, адчуць сваю ўплывовасць. Проста, як Раскольнікаў: “хацеў Напалеонам зрабіцца, таму і забіў”. А тым, хто сумняваецца, што такі малады хлопец мог учыніць тыя ж выбухі ў Віцебску ў 2005-м (калі яму зараз дваццаць пяць, не цяжка падлічыць, што тады яму было дзевятнаццаць), узгадаю яшчэ адзін прыклад з Расіі канца ХІХ стагоддзя, хрэстаматыйна вядомы. Колькі гадоў было брату У.І.Леніна Аляксандру Ульянаву, калі яго судзілі за пакушэнне на цара? (Таксама, дарэчы, бомбу рыхтаваў.) Дваццаць адзін. Але ў іх, маладых пачынальнікаў сусветнага тэрору, была ідэя, былі высокія мэты, якіх спрабавалі дабіцца такім вось крывавым спосабам. Якая ідэя была ў нашага? Сумняваюся, паўтаруся, што яна была наогул. Затое ў яго быў тэлевізар і камп’ютар.

Прычым тут яны, спытаеце? А цяпер, прачытаўшы гэтыя радкі, уключыце выпуск навін. На любым канале. З чаго пачынаюцца? Правільна, з нечага незвычайнага, а яшчэ лепш — з жахлівага, з ваенных дзеянняў, з масавага забойства. Калі ў першых словах дыктара гэтага няма, што мы робім? Правільна, бяром пульт і пачынаем пераключаць каналы, пакуль не знойдзем крывавую карцінку (а паколькі ўсе каналы ставяць перад сабой задачу зрабіць яе “навіной нумар адзін”, гэта зусім нескладана).
Атрымліваецца вельмі простая формула, універсальная для любога сучаснага грамадства: калі ты радавы, нічым не прыкметны чалавечак, а хочаш, каб пра цябе загаварылі, каб пра цябе даведаліся, стань Герастратам нашага часу — зруйнуй вядомы помнік, абрабуй музей, забі як мага больш людзей. Іменна так — не ствары, не выратуй, не аддай за некага сваё жыццё, а ўсё з дакладнасцю да наадварот. Тады пра цябе скажуць у першым сюжэце навін, тады ўсе, нават талерантныя спакойныя беларусы, не пераключаць канал і з жахам, з агідай (але ж не раўнадушна — і гэта для цябе галоўнае!) даглядзяць сюжэт, у якім ты ўжо не шэрая мышка, а галоўны герой. Чым не стымул для маладога розуму, які яшчэ не змог расставіць для сябе жыццёвыя прыярытэты, а тыя, хто побач, проста не палічылі патрэбным дапамагчы яму гэта зрабіць, узяцца канструяваць выбуховае ўстройства?
І так — усюды, і ў сапраўдным жыцці, і ў прыдуманым. Хто сённяшні герой фільмаў-баевікоў, міліцэйскіх серыялаў? “Круты хлопец”, які змагаецца з нягоднікамі і ўвасабляе сабой дабро, якое гэтых нягоднікаў і зло, імі ўвасобленае, у рэшце рэшт абавязкова перамагае? Згодна. А цяпер давайце паглядзім на падобныя фільмы іншымі вачыма і хаця б прыблізна падлічым, колькі “круты хлопец” за дзве гадзіны на экране забіў і скалечыў людзей. Абстрагуючыся ад таго, хто яны — нягоднікі ці дабрадзеі. Проста людзі, з Богам дадзеным жыццём, якое ніхто не мае права адняць...
Ёсць пра што задумацца, праўда? Асабліва калі ўспомніць, з якой непадробнай цікавасцю і бляскам у вачах глядзіць гэтыя фільмы ваш васьмігадовы ўнук ці сын-падлетак.

Успомніце яшчэ адну жыццёвую штодзённую сітуацыю. Мы размаўляем па тэлефоне са знаёмым (варыянт — проста сустракаем яго на вуліцы). На пытанне, чым займаецца зараз дома наш вучань ці студэнт, як правіла, адказваем: а, глядзіць тэлевізар ці сядзіць за камп’ютарам. І калі пра тэлевізар мы штосьці можам дадаць канкрэтнае: глядзіць мульцікі, ці баявік, ці нейкі канцэрт, то камп’ютар, як правіла, застаецца без каментарыяў. Бо не тое што не цікавімся, што там, у тым камп’ютары, — элементарна не разумеем і не ведаем. І ведаць, і спрабаваць зразумець асабліва і не хочам, і не імкнёмся. Камп’ютар для нас — сімвал дастатку ў сям’і і адукаванасці дзіцяці, якое, безумоўна, павінна быць лепшым за нас і ведаць больш за нас. Навошта тлуміць сабе галаву і лезці да яго са сваёй цікавасцю і пытаннямі? Сядзіць сабе дома, па двары не блытаецца, на вачах у мамы-таты-бабулі. Залатое дзіця!
Камп’ютар — канешне, рэч вельмі патрэбная. І — вельмі разнастайная. Па ім можна вывучыць замежную мову, паглядзець выявы сусветна вядомых карцін, прачытаць шэдэўры класічнай літаратуры. А можна ўступіць у клуб сада-мазахістаў, распаўсюдзіць на ўвесь свет паклёп на таго, хто проста нечым не дагадзіў, знайсці тысячу і адзін спосаб вырабу бомбы з усімі падрабязнасцямі... І ўсё гэта можна рабіць моўчкі, седзячы з разумным выразам твару перад маніторам...
Дык вы сапраўды ведаеце, чым займаецца ваш школьнік або студэнт?

А цяпер давайце ўспомнім іншае, больш прыемнае і зразумелае. Калі вы апошні раз вячэралі ўсёй сям’ёй і спакойна гаварылі, што ў кожнага на вучобе-рабоце, прычым не толькі выгаворваліся, але і слухалі? Калі вы апошні раз казалі сваім блізкім, што любіце іх, што яны вам патрэбныя? Калі апошні раз у вас быў сапраўдны выхадны: з піражкамі на абед, з агульным паходам у парк ці ў кіно, з якой-небудзь просценькай гульнёй — у лато ці ў “манаполію”, ці ў піянербол, калі дарослыя дурэюць, як дзеці, калі ўсім весела і хораша проста так, без прычыны? Ці ведаеце вы, як завуць настаўніка англійскай мовы ў вашай дачкі-школьніцы і якія заўтра пары ў вашага сына-студэнта?
Прычым тут гэтыя пытанні да выбуху ў метро? А вы не шукайце сувязі, проста шчыра адкажыце. А адказаўшы на іх, цяпер вось на гэта, толькі шчыра: а вы ўпэўнены на сто працэнтаў, што ваша дзіця не ўчыніць заўтра якую-небудзь брыдоту, ад якой скаланецца ўся краіна?

Нехта можа абвінаваціць мяне ў залішняй катэгарычнасці або спрэчнасці напісанага. Я ніякім чынам не хачу выступіць маралістам, тым больш прапагандыстам дурных і бессэнсоўных ідэй кшталту: давайце ўвядзём жорсткую цэнзуру на тэлебачанні або перакрыем свабодны доступ у інтэрнэт.
Проста... Ведаеце, пайшоў ужо дзевяты дзень, а мозг і днём, і ноччу свідруе адна і тая ж думка. Дакладней, “карцінка з натуры”, прынесеная ў першы ж дзень пасля трагедыі нашымі хлопцамі-рэпарцёрамі з бальніцы хуткай дапамогі. Там ляжыць маладая жанчына — трыццаціпяцігадовая Алена. Мая цёзка і равесніца. У яе адарвана левая нага, асколкамі пасечаны кішэчнік і прабіта лёгкае. А ў калідоры сядзіць яе маці і моліць Бога аб адным: “Толькі б выжыла мая дачушка”...
На месцы той, у палаце, магла вельмі нават проста быць я, а ў калідоры маліцца — мая мама. Ці ваша. Ці вы самі — за жыццё свайго дзіцяці...
Уявілі? Страшна? Значыць, давайце думаць. Кожны — за ўсіх, усе — за кожнага. Для нечага ж даў нам Бог жыццё, розум і сумленне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter