Пасхальны Трыдуум

Айцец Кірыл БАРДОНАЎ

Айцец Кірыл БАРДОНАЎ

Учора вечаровай Імшой Вячэры Пана распачаўся Пасхальны Трыдуум. Так у заходняй хрысціянскай традыцыі называецца літургічнае святкаванне трох здарэнняў з жыцця Хрыста: спажыванне Пасхі, смерць на Крыжы і пахаванне, а таксама ўваскрасенне. Пасхальны Трыдуум з’яўляецца вяршыняй святкавання Вялікадня.

У Вялікі чацвер адзначаецца ўстанаўленне Хрыстом сакрамантаў Эўхарыстыі і святарства. Мы дзякуем Богу ў гэты дзень за дар Эўхарыстыі (Камуніі), у якой прысутнічае Хрыстос. Мы таксама памятаем і молімся ў такі дзень за святароў, якіх Бог паставіў на нашым духоўным шляху, выпрошваючы для іх святасць. Увечары ў касцёлах адбываецца Імша, якую называюць Імшой Вячэры Пана. Вялікі чацвер у беларускім народзе прынята называць Чыстым чацвяргом, бо лічыцца, што знешняя падрыхтоўка да Вялікадня выяўляецца ў вонкавай чысціні і парадку.

У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае падзеі, якія адбыліся ад моманту зняволення Хрыста і смяротнага прысуду да ўкрыжавання і пахавання ў магіле. Праз малітву, пакаянныя практыкі і пост вернікі далучаюцца да ўдзелу ў Муцы Пана. У Вялікую пятніцу мае месца літургія Мукі Пана. На працягу шматлікіх гадоў у хрысціянстве нарадзіліся розныя формы народнай пабожнасці, якія дапамагаюць глыбей перажыць Муку Хрыста. Да іх належаць працэсіі Вялікай пятніцы, падчас якіх у некаторых мясцовасцях пасля заканчэння літургіі Мукі Пана Эўхарыстыя пераносіцца ў спецыяльнае месца.

Вялікая субота з’яўляецца днём малітвы, днём вялікай цішыні, калі вернікі рыхтуюцца да Пасхальнай Вігіліі. У гэты дзень асвячаюцца  стравы на велікодны стол. А позна ўвечары, або ў ноч на Велікодную нядзелю пачынаецца цэлебрацыя Пасхальнай Вігіліі. Пасхальную Вігілію яшчэ называюць галоўнай святой Імшой у літургічным годзе. Менавіта тады ўпершыню пасля працяглага перапынку ў літургіі гучыць радасны спеў “Аллелюя” (“хваліце Бога”). У рамках Пасхальнай Вігіліі вернікі з запаленымі свечкамі аднаўляюць хросныя абяцанні і, прыняўшы хрост, да супольнасці вернікаў далучаюцца новыя члены.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter