Пастырскае пасланне арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Вялiкдзень 2018

Пасха — шлях у будучыню

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры, людзi добрай волi!

1, Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Гэтым пасхальным воклiчам вiтаю ўсiх вас у самае галоўнае свята хрысцiянства — Пасху Хрыстову. Сёння мы засяроджваемся на вечна жывой i актуальнай праўдзе нашай веры аб уваскрасеннi Хрыста. Нездарма святы апостал Павел вучыць, што, «калi Хрыстус не ўваскрос, то марнае i прапаведаванне нашае, i вера ваша марная» (1 Кар 15, 14). Таму ўваскрасенне Хрыста — гэта падмурак нашай веры.

Мы з настальгiяй успамiнаем тыя месцы, дзе нарадзiлiся, правялi дзiцячыя гады i ўзрасталi, i адначасова ўсведамляем, што мiнулага нельга вярнуць, нельга павярнуць гадзiннiк нашага жыцця назад.

2. Гэтую праўду вельмi добра зразумела Марыя Магдалена ў велiкодную ранiцу. Яна не хацела нiчога iншага, як толькi вярнуцца ў былыя добрыя часы, як мы часта кажам, каб адчуваць сябе так, як быццам нiколi не было трагедыi жахлiвай пятнiцы з укрыжаваннем Езуса на Галгоце.

Цi можам мы цяпер перанесцiся ў тыя часы, калi Езус навучаў на берагах Галiлейскага возера, чынiў цуды, суцяшаў бедных? Цi можам павярнуць гадзiннiк назад? Мы можам суперажываць Марыi Магдалене, але не можам затрымаць часу i павярнуць яго назад.

Навука i сучасныя тэхналогii, калi не абяцаюць павярнуць час назад, то iмкнуцца, прынамсi, яго запаволiць. Салоны амаладжэння i касметалагiчныя кабiнеты становяцца ўсё больш папулярнымi. Аднак iх абяцаннi не вырашаюць галоўнага, а менавiта не гарантуюць вечнага жыцця i шчасця.

Калi такiя i падобныя сучасныя тэндэнцыi стараюцца затрымаць час, то Пасха вядзе нас наперад.

3. Пасха — па–габрэйску «Пэсах», што азначае «пераход». Габрэi святкавалi Пэсах на ўспамiн цудоўнай ночы, калi яны пакiнулi Егiпет — месца свайго рабства. Перад iмi адкрыўся шлях у будучыню, у зямлю абяцаную.

Таксама i Пасха, якую мы святкуем ва ўспамiн уваскрасення Хрыста, з’яўляецца святам не мiнулага, але будучынi. Вялiкдзень абвяшчае нам праўду аб тым, што будучыня мае сэнс, бо ёй валодае не хтосьцi iншы, а ўваскрослы Хрыстус. Уваскрослы Хрыстус нашу часовасць ператварае ў вечнасць.

Гэта i ёсць тая мэта, да якой вядзе нас Вялiкдзень, ператвараючы цемру нашага жыцця ў ззяючыя нябесным святлом днi. Дзякуючы Пасхальнай таямнiцы смерцi i уваскрасення Хрыста, у чым праявiлася Яго бязмежная мiласэрнасць, мы нарадзiлiся да новага жыцця i атрымалi надзею вечнага.

4. Адна гiсторыя распавядае пра тое, як падчас пошукаў патанулай падводнай лодкi вадалаз нарэшце ўбачыў яе i пачаў хадзiць у сваiм падкаваным жалезам абутку па яе корпусе.

Знаходзячыся ў жалезнай магiле патанулай лодкi, маракi пачулi яго крокi i азбукай Морзэ спыталiся, цi ёсць надзея. Вадалаз адказаў: так, надзея iх выратаваць ёсць — i маракi сапраўды былi выратаваны.

Гэта вобраз сучаснага свету, аб якiм мы павiнны памятаць, калi адзначаем свята Уваскрасення Езуса. Чалавецтва знаходзiцца ў жудаснай пастцы, як быццам у цёмнай магiле патанулай падводнай лодкi. У такой крытычнай сiтуацыi яно чакае словаў надзеi.

Сучасны свет нiяк не можа выйсцi з эканамiчнага i фiнансавага крызiсаў. Яго скаланаюць палiтычныя i сацыяльныя крызiсы. З кожным днём нарастае мiграцыйны крызiс.

Многiя краiны свету адмаўляюцца ад устаноўленага Богам iнстытута сям’i як адзiнага i непарыўнага саюзу мужчыны i жанчыны, з мэтай нараджэння патомства i яго выхавання, i прапагандуюць гомасексуальныя саюзы з усiмi правамi нармальнай сям’i.

Божы дар жыцця становiцца таварам, iм можна гандляваць i манiпулiраваць, яго можна беспакарана забiваць ва ўлоннi мацi. Тэрарыстычныя акты трымаюць у страху цэлыя народы, бо невядома, калi i дзе можа здарыцца бяда. Шмат людзей, асаблiва маладых, шукае шчасця ў вiртуальным жыццi, забываючыся аб тым, што яно прамiнае, як туман, нярэдка пакiдаючы пасля сябе роспач.

5. Гэтыя i многiя iншыя анамалii сучаснага свету сведчаць аб тым, што ён знаходзiцца ў тупiку, з якога не ведае, як выйсцi. Чым больш ён адмаўляецца ад духоўных каштоўнасцей, тым блiжэй знаходзiцца да прорвы, у якую можа ўпасцi. Таму лагiчна, што ён усё часцей задае пытанне: «Цi ёсць яшчэ надзея?»

Надзея ёсць, i яна ва ўваскрослым Езусе, бо Пасхальная таямнiца змяняе свет, i мы маем магчымасць быць удзельнiкамi гэтай станоўчай змены.

Першыя хрысцiяне неслi на магiлы сваiх блiзкiх лаўровыя вянкi, якiя старажытныя грэкi ўскладалi на галовы пераможцаў Алiмпiйскiх гульняў. На пытанне, чаму яны так робяць, хрысцiяне адказвалi, што ў Езусе Хрысце атрымалi перамогу над смерцю i жадаюць ёю жыць. Падобна i мы павiнны паступаць.

6. Што для гэтага патрэбна?

Паводле святога апостала Паўла, неабходна ў сакрамэнце хросту памерцi для граху, каб жыць у Хрысце (пар. Рым 6, 4).

Будучы ўключанымi ў Хрыста, мы заклiканы да таго, каб адкiнуць старога чалавека, якi канцэнтруецца выключна на самiм сабе.

Таксама неабходна пастаянна адкрываць у сабе прысутнасць уваскрослага Пана, якi ёсць з намi ў Святым Пiсаннi, сакрамэнтах i дзейнасцi Касцёла, i быць Яго сведкамi ў штодзённым жыццi. Перажываючы з радасцю i моцнай верай Пасхальную таямнiцу, мы становiмся натхненнем для iншых на iх жыццёвым шляху, вяртаем iм надзею i яе ўмацоўваем.

7. Глыбокапаважаныя браты i сёстры!

Вiншую ўсiх вас са святам Пасхi Хрыстовай.

Вiншую тых хрысцiян, якiя разам з намi святкуюць гэтае свята святаў.

Вiншую братоў i сясцёр праваслаўных, якiя будуць адзначаць свята перамогi Хрыста над злым духам, грахом i смерцю праз тыдзень.

Вiншую ўсiх суайчыннiкаў.

Ласкi ўваскрослага Езуса, Яго святла i благаслаўлення, моцнай веры i любовi Бога i блiжняга ўсiм нам i нашай Бацькаўшчыне Беларусi, каб яна з дня на дзень уваскрасала да новага жыцця.

Няхай уваскрослы Збаўца будзе нашай надзеяй i вядзе ў шчаслiвую будучыню — да новай абяцанай зямлi, якой з’яўляецца Божае Валадарства.

Гэтыя велiкодныя пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем у iмя Айца + i Сына, + i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп
Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ,
Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter