Пасха — ажыўляючы глыток свежага паветра “Хрыстус Уваскрос, Сапраўды Уваскрос!”

Сёння ва ўсiх хрысцiянскiх святынях — каталiцкiх, праваслаўных i пратэстанцкiх — гучыць радаснае “Аллелюя”. Пасхальная радасць пранiкае ў нас да глыбiнi сэрцаў, бо таямнiца Уваскрасення з’яўляецца самай вялiкай праўдай нашай веры i вакол яе канцэнтруецца як жыццё Касцёла, так i нашае асабiстае.

Пасха абвяшчае нам вельмi важнае пасланне, што ў Хрысце Укрыжаваным i Уваскрослым любячы нас Бог прыносiць нам збаўленне i дае новую надзею. Уваскрослы Езус не вызваляе нас ад зла павярхоўна i часова, але радыкальна. Мы ўсе, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную хрысцiлiся, каб, як ён уваскрос з памерлых, так i нам увайсцi ў новае жыццё (пар. Рым 6, 3-4), кажа святы апостал Павел.

Хаця ў Вялiкую пятнiцу здавалася, што Езус быў пераможаны i не засталося нiякай надзеi, аднак праўда Уваскрасення сведчыць аб перамозе жыцця над смерцю, любовi над нянавiсцю, мiласэрнасцi над помстай. Такiм чынам пасхальная таямнiца смерцi i ўваскрасення Хрыста кардынальна змяняе сiтуацыю чалавека i свету. Таму ўваскрослы Езус — гэта не мiнулае, але сучаснасць, дзякуючы якой змяняюцца свет i чалавек.

Нам, людзям ужо XXI стагоддзя, Бог указвае жыццёвы шлях i запрашае, каб мы iм iшлi, бо толькi тады дойдзем да адпаведнага распазнання праўды Уваскрасення i паверым у яе. На гэтым шляху нам дапамагае сам Збаўца. Неабходна толькi Яго слухаць, як паслухаў Пётр i выплыў на глыбiню, каб злавiць шмат рыбы, хаця перад гэтым лавiў усю ноч i нiчога не злавiў (пар. Лк 5, 4-6).

Святло велiкоднай ранiцы асвятлiла цемру смерцi, радасць замянiла смутак, усмешка — цярпенне. Занепакоенасць будучыняй саступiла месца ўпэўненасцi i веры ў дзеянне Божай любовi.

Таму нашу надзею мы павiнны мець не ў людзях цi арганiзацыях, але ў Богу. Падчас розных крызiсаў грамадскiя настроi часта змяняюцца, аб чым вельмi добра сведчыць гiсторыя Вялiкага тыдня. У Пальмовую нядзелю людзi вiталi Езуса словамi “Гасанна Сыну Давiда”, а ў Вялiкую пятнiцу патрабавалi Яго ўкрыжавання. Нiякая арганiзацыя i нават найбольш дасканалая грамадская сiстэма не ўратуе людзей ад крызiсу, бо яго прычына ў граху. Таму наша радасць павiнна абапiрацца не на чалавечы аптымiзм, але на праўду ўваскрасення Хрыста.

Мы павiнны прасiць Езуса даць нам удзел у Яго ўваскрасеннi i яго моцай нас так перамянiць, каб мы маглi адчуваць Яго, як жывога i дзейнiчаючага сярод нас, як кажа Папа Францiшак.

У касцёлах, цэрквах, кiрхах i малiтоўных дамах сёння гучыць радаснае “Аллелюя!”. Узвесялiмся i мы! Праславiм ўваскрослага Пана радаснымi спевамi ў нашых святынях, актамi любовi — у сем’ях i ў нашай Айчыне. Абдымем нашымi малiтвамi як веруючых, так i няверуючых, бо любоў Божая вылiлася на ўсiх людзей. Хрыстус Уваскрос, каб усе мелi доступ да нябеснага Айца. У духу веры падзелiмся велiкоднай радасцю з усiмi.

Складаючы адзiн аднаму святочныя зычэннi i дзелячыся традыцыйным велiкодным яйкам, сiмвалам жыцця, успомнiм таксама пра людзей, выключаных з сацыяльнага жыцця, пра зняволеных, адзiнокiх, хворых, пажылых, тых, хто працуе ў святочныя днi, каб дазволiць iншым адпачываць. Абдымем iх брацкай любоўю i падзелiмся з iмi велiкодным духоўным супакоем, якi прынёс нам уваскрослы Хрыстус. Няхай велiкодная радасць зыходзiць з нашых сэрцаў на ўсiх!

Дарагiя браты i сёстры, усе людзi добрай волi!

Сардэчна вiншую вас з радасным i збаўчым святам Уваскрасення Хрыста. Сёлета Пасха святкуецца ўсiмi хрысцiянамi разам. У гэтым мы павiнны бачыць знак Божага Провiду, якi заклiкае аб’яднаць нашы высiлкi для сумеснай абароны хрысцiянскiх каштоўнасцей i больш моцнага абвяшчэння Добрай Навiны аб Езусе ўваскрослым.

Таму сёлетняя Пасха — гэта наша супольнае свята, з якiм вiншую ўсiх хрысцiян i людзей добрай волi i жадаю моцы Уваскрослага, Яго ласкi i супакою. Няхай у складанай рэчаiснасцi сучаснага свету яна сапраўды стане ажыўляючым глытком свежага паветра, якi вядзе да новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце.

Гэтыя свае пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем у iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ,
Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi
Мiнск, 2014 год

Полный текст Послания размещен на сайте газеты www.sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter