У Рагачове прайшоў Дзень беларускага пісьменства

Пашана роднаму слову

На адзін дзень насельніцтва Рагачова ўзрасло амаль удвая. Прычым стала яно шматнацыянальным. Заўсёды з задавальненнем едуць на Дзень беларускага пісьменства расіяне, украінцы, казахі, а таксама госці з далёкага замежжа. Што цягне іх у няблізкі шлях?  Слова, кніга, прэса — наш духоўны скарб, які дзякуючы Максіму Багдановічу, Уладзіміру Караткевічу, Івану Шамякіну і іх паслядоўнікам — сучасным пісьменнікам сёння гучыць далёка за межамі Беларусі. У нядзелю ж гэтыя гукі даносіліся найперш з Рагачова.


Сёлета на Дні пісьменства была закладзена новая традыцыя. З гэтага часу ўсе госці едуць на свята не з пустымі рукамі, а з любімай кнігай. Памятаеце пра лепшы падарунак? Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік паднёс «Летапіс Гомельскай вобласці», міністр інфармацыі Лілія Ананіч — кнігу «Рагачоўшчына літаратурная». Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў быў сярод тых, хто заклікае чытаць беларускую класіку на роднай мове, ад яго «Вянок» Максіма Багдановіча, ад дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага — «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, ад народнага артыста Беларусі, рэжысёра Барыса Луцэнкі — «Зацюканы апостал» Андрэя Макаёнка, ад народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча — «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Намеснік Прэм`ер-міністра краіны Наталля Качанава зачытала прывітальны адрас Прэзідэнта і падарыла Рагачову кнігу пра Полацк, тым самым нібы запрашаючы наведаць свае родныя мясціны ў пачатку наступнай восені. 

Менавіта гэты старажытны горад абраны сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2017-м. Гэта вельмі сімвалічна, бо ў наступным годзе споўніцца роўна пяць стагоддзяў, як Францыск Скарына выдаў «Псалтыр», першую друкаваную беларускую кнігу. На жаль, усе яго літаратурныя арыгіналы ў Беларусі згублены. Але менавіта ў Рагачове адрадзілася надзея, што ў наступным годзе сёе-тое з іх усё ж з`явіцца ў нашай краіне. Расійскі бок даў слова, што неўзабаве на працяглую экспазіцыю будзе перададзена некалькі арыгіналаў беларускага першадрукара. З нецярпеннем чакаем.

Рагачоў жа напярэдадні свята прыкметна пахарашэў. Прывабнымі вуліцамі і дамамі захапляліся нават мясцовыя жыхары. Заўважыла прыемныя змены і міністр інфармацыі Лілія Ананіч: «Гэта тое свята, якое пакідае пасля сябе не толькі духоўны след, але і матэрыяльныя каштоўнасці. У кожным мястэчку, дзе праходзіў Дзень беларускага пісьменства, заставаліся знакавыя аб`екты: помнікі дойлідства, сацыяльная інфраструктура. Але галоўнае, каб кожны, хто пабыў тут, задумаўся, як важна пераемнасць пакаленняў, калі вопыт і мудрасць, назапашаныя продкамі, перадаюцца нашчадкам».

Дому кнігі, які адкрыўся ў Рагачове, могуць зайздросціць многiя беларусы. Складана ўявіць, але да нядаўняга часу, каб папоўніць свае паліцы літаратурай, жыхарам горада даводзілася ездзіць у суседнія Бабруйск або Жлобін. Цяпер там з’явілася свая кнігарня «Першацвет», якая размясцілася пад адным дахам з цэнтральнай бібліятэкай. У нядзелю, здаецца, ледзь не кожны мясцовы жыхар, ад малога да вялікага, лічыў сваім абавязкам зазірнуць у Дом кнігі. Пакуль, праўда, у большасці сваёй толькі паглядзець. Але хочацца верыць, што туды не зарасце народная сцежка.


Яшчэ адным любімым месцам рагачоўцаў стаў новы сімвал горада — трохметровы жалезны рог, нібы напамін пра доўгую гісторыю гэтага мястэчка. Людзі літаральна наступалі адзін аднаму на пяткі, жадаючы там сфатаграфавацца. Рог застанецца ў Рагачове назаўсёды, а вось друкарня XVI стагоддзя заехала сюды толькі на два дні. Менавіта ў павільён, дзе размясцілася дзецішча Уладзіміра Ліхадзедава, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», аўтара праекта «У пошуках страчанага», выстройваліся самыя доўгія чэргі, сюды спецыяльна ехалі з іншых гарадоў. Часам, каб прабрацца да рарытэтных друкаваных станкоў, даводзілася стаяць па дзве-тры гадзіны. І людзі чакалі! Бо гэта была ўнікальная магчымасць зрабіць адбітак Бібліі Скарыны тым жа метадам чэрпання, як гэта было ў XVI стагоддзі.

Станок, прадстаўлены Ліха­дзедавым, быў адноўлены па старадаўніх гравюрах і чарцяжах XVI стагоддзя. Такіх у Еўропе не больш за дзясятак, у Беларусі — наогул адзіны. Гісторык, дарэчы, у Вілейцы збіраецца адкрыць музей беларускага кнігадрукавання. І як некалі Скарына, не ідзе з працягнутай рукой да дзяржавы, а шукае падзвіжнікаў, неабыякавых людзей. 

Павільёны з сучаснай літаратурай і прэсай таксама прыцягвалі ўвагу мясцовых жыхароў і гасцей. Але галоўнай інтрыгай свята было тое, якія ж кнігі мы павінны абавязкова прачытаць у бліжэйшы час. У гэтым годзе ў Нацыянальнай літаратурнай прэміі з`явілася сёмая намінацыя — «Лепшы дэбют», яе пераможцам стаў Сяргей Клімковіч за чатырохтомнік «Таямніца кватэры № 8». Лепшы твор для дзяцей і юнацтва ў Сяргея Давідовіча. Вядомы пісьменнік і мастак ад імя ўсіх лаўрэатаў шчыра дзякаваў сваім чытачам і дзяржаве, якая заўважае творчых людзей і іх намаганні: «Вельмі сумна было б пісаць і маляваць у стол. Але мы адчуваем, што мы патрэбныя, робім добрую справу, і гэта акрыляе, хочацца далей жыць і тварыць». Узгадаем і прозвішчы астатніх пераможцаў. Алесь Марціновіч першы ў намінацыі «Лепшы твор прозы», Мар`ян Дукса прызнаны сярод паэтаў, Ягор Конеў — лепшы драматург, Мікалай Барысенка вызначаўся сярод публіцыстаў, а Таццяна Мацюхіна — сярод літаратурных крытыкаў і літаратуразнаўцаў. 

Рагачоў гуляў да паўночы, а потым урачыста перадаў сімвалічны ключ Полацку. Чакай, старажытны горад, сяброў!

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter