“Пасеяўшы на сходу, не дажыдай плоду”

Апошняя квадра Месяца ў традыцыйных уяўленнях беларусаў. Неспрыяльнымі для правядзення сельскагаспадарчых і дамашніх работ, а таксама для перспектыў будучага жыцця лічылася чацвёртая квадра Месяца, якую ў народзе называлі “старык”, “збыта”, “на сходні”, “ветах”. У некаторых мясцінах пачатак (першыя дні) апошняй квадры Месяца называюць “рушанне”.

Яшчэ раз нагадаем, што нашы далёкія продкі ведалі аб існаванні вялікага касмічнага закона, які цалкам падпарадкоўваўся цыклічнасці фаз Месяца. Калі надыходзіў маладзік, а гэта значыць пачынаўся перыяд яго актыўнага росту, у прыродзе ўсё быццам ажывала і  набывала дынаміку імклівага напаўнення зямлі сокамі. Менавіта ў гэты час людзі стараліся садзіць тыя сельскагаспадарчыя культуры, якія давалі плады над паверхняй зямлі, напрыклад садовыя дрэвы, агуркі, таматы, боб, фасолю, капусту.
Зусім іншая з’ява назіралася ў прыродзе, калі Месяц паварочваў “на збыта”. Быццам нечая вялікая рука, якая шчодра напаўняла сокамі зямлі ўсё прыроднае асяроддзе, стамлялася і на нейкі час апускалася ўніз для кароткага адпачынку. Следам за ёй уніз, да каранёў, кіраваліся энергетычныя патокі жывых раслін.
· У гэты час трэба было саджаць тыя культуры, якія фарміравалі свае плады ніжэй гарызонту зямлі: бульбу, буракі, цыбулю, часнок.
· Якраз да гэтай пары вясковы люд прымяркоўваў нарыхтоўку лесу для пабудовы хаты, таму што векавыя дрэвы ўтрымлівалі найменшую колькасць вільгаці. Такое дрэва хутка высахне і надоўга захавае свае будаўнічыя якасці.
· Сёння вопытныя медыкі суадносяць з цыкламі Месяца графік аперацый. На “збыта” аперацыя пройдзе з меншайі стратай крыві і без ускладненняў, а швы будуць лепш загойвацца.
· Калі вам патрэбна ўтульная, мяккая пярына, то рабіць яе неабходна з пер’я, якое было нарыхтавана адразу ж пасля поўні. У дадзеным выпадку пер’е ляжа добра і гладка; калі ж пер’е апрацоўваць у іншы час, пярына “будзе быццам бы заўсёды вільготная” і нагадваць ватны матрац.
· Сімволіка збыта або знішчэння абумоўлівала характар працы ў садзе і агародзе:  у гэты час займаліся праполкай град, пасынкаваннем таматаў, выкарчоўвалі кусты, “падстрыгалі” дрэвы -- выконвалі тыя віды працы, якія былі скіраваны на знішчэнне чагосьці. Таму лічылі, што толькі на збыта барацьба са шкоднікамі садоў і агародаў будзе паспяховай.
· Калі дзіця нараджалася на трэцяй квадры, то яго неабходна было хрысціць толькі на маладзіку. Своеасаблівым актам духоўнага “перанараджэння” чалавека родныя імкнуліся паўплываць на зыходную сітуацыю і тым самым выпрасіць  Бога шчаслівейшую долю.
Народная мудрасць безапеляцыйна сцвярджае: у тых сітуацыях (хвароба, справа, адносіны і г.д.), якія неабходна спыніць, не даць расці, распаўсюджвацца і г.д., спрыяў  стары Месяц. Калі прааналізаваць час правядзення рытуальных дзеянняў у народнай медыцыне, то практычна ўсе іх трэба праводзіць на збыта:
· каб звесці бародаўкі, трэба на ветаху ўзяць белую нітку, завязаць над кожнай бародаўкай вузельчык, а затым яе закапаць. Калі нітка згніе ў зямлі, тады і бародаўкі знікнуць.
На збыта, асабліва ў самыя апошнія дні чацвёртай квадры Месяца, пазбягалі ладзіць вяселлі, улазіны, пачынаць доўгатэрміновыя справы, адпраўляцца ў падарожжа, кіруючыся мудрымі словамі: “Калі пойдзе месяц на збыт, дык павыплывае ўсякае няшчасце на світ”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter