Парыжскія прароцтвы Ежы Гедройца

Імем гэтага дзеяча культуры названа вуліца ў Мінску — тут ён нарадзіўся. А ўзнагароду яго імя нядаўна атрымала і рэдакцыя нашай газеты
Імем гэтага дзеяча культуры названа вуліца ў Мінску — тут ён нарадзіўся. А ўзнагароду яго імя нядаўна атрымала і рэдакцыя нашай газеты.

Ежы Гедройц прадбачыў незалежнасць БеларусіЕжы Гедройц больш за 50 гадоў рэдагаваў у Парыжы часопіс “Kultura”: з 1947-га і да самай смерці на пачатку восені 2000 года. “Штомесячнік, які рабіўся на высокім прафесійным узроўні, шырока асвятляў і культурнае жыццё як Беларусі, так і Украіны, Расіі, — расказаў на цырымоніі ўручэння прэмій для журналістаў імя Ежы Гедройца ў Польскім інстытуце ў Мінску прафесар Адам Мальдзіс. — Прычым выходзілі нумары і на рускай мове, а ў Беларусі меўся шырокі аўтарскі актыў. Дарэчы, цяпер па завяшчанні нашага земляка выдаецца цікавы штоквартальнік “Zeszyty Historyczne” (“Гістарычныя сшыткі”), які дасылаецца з Парыжа і ў рэдакцыю газеты “Голас Радзімы”. А людзі культуры і ў Польшчы, і ў Беларусі называюць Гедройца двума словамі, пішучы іх з вялікай літары: Рэдактар і Прарок. Пагадзіцеся, больш за паўстагоддзе рэдагаваць такое выданне — сапраўды тытанічная праца. А прароцтвы яго былі звязаны з тым, што наш суайчыннік прадбачыў “незалежнасць Украіны, Літвы і Беларусі” — менавіта ў такім парадку называючы краіны”.

Што тычыцца часопіса “Kultura”, то менавіта ўраджэнцы Беларусі падтрымалі ідэю яго выдання. “У прыватнасці, самымі актыўнымі супрацоўнікамі рэдакцыі былі Юзаф і Марыя Чапскія, унукі графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, 180-годдзе якога сёлета адзначаецца і ў Беларусі, — удакладніў А.Мальдзіс, спасылаючыся на матэрыялы міжнародных канферэнцый, выкладзеныя ў кніжках “Ежы Гедройц і Беларусь” і “На ушанаванне памяці Ежы Гедройца”. — Нягледзячы на сталы ўзрост, яны цалкам прысвячалі сябе культурнай рабоце, мелі вялікую перапіску, часта і за свой кошт: бо часопіс выдаваўся на добраахвотныя ахвяраванні. Тым часам Марыя Чапская пісала кнігу “Еўропа ў сям’і”, з якой мы даведваемся, што ў станькаўскіх графаў былі ў сваяцтве прадстаўнікі ці не ўсіх еўрапейскіх краін. А Юзаф, аказваецца, не толькі рабіў малюнкі для выдання, дзякуючы яго высілкам там друкаваліся, скажам, творы Салжаніцына”.

Атрымліваў у свой час з выдання “Kultura” лісты і Адам Мальдзіс, а ў 1999 годзе быў запрошаны ў Парыж на аўтарытэтную навуковую канферэнцыю, фактычным гаспадаром якой быў Ежы Гедройц. Ад імя Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў госць павязаў земляка тканым беларускім поясам, чым яго вельмі расчуліў. Адам Восіпавіч цяпер прыкладвае нямала намаганняў для ўшанавання памяці Ежы Гедройца ў Беларусі. У прыватнасці, нядаўна яго імем названа адна з новых мінскіх вуліц, што ў раёне праспекта Дзяржынскага. Магчыма, з часам з’явіцца ў Мінску ў гонар Рэдактара і мемарыяльная дошка. Ужо ўстаноўлена, што наш зямляк нарадзіўся на былой Губернатарскай вуліцы (цяпер скрыжаванне вуліцы Энгельса з праспектам Незалежнасці) у доме, які не ацалеў. А перад самай эміграцыяй Гедройцы жылі на спуску цяперашняй вуліцы Берсана, паблізу Чырвонага касцёла. Хрысцілі ж Ежы ў Кафедральным касцёле, нядаўна пра гэта знойдзены метрычны запіс.

Яшчэ адзін знак ушанавання памяці — штогадовыя прэміі імя Ежы Гедройца для супрацоўнікаў беларускіх СМІ, якія рыхтуюць матэрыялы на тэму беларуска-польскіх стасункаў у галіне культуры, навукі і мастацтва. Сёлета прэміі і ўзнагароды па выніках конкурсу, у якім удзельнічала больш за трыццаць журналістаў, уручаліся ў Польскім інстытуце ў дзевяты раз. Сярод ушанаваных — аўтар кнігі “Беларуская Беласточчына” са Слоніма Сяргей Чыгрын, тэлежурналіст Алег Лукашэвіч (за фільм-аповесць пра Адама Міцкевіча), даследчык супольнай беларуска-польскай гісторыі Уладзімір Давыдоўскі, супрацоўніца газеты “Звязда” Ларыса Цімошык. Штотыднёвік “Голас Радзімы”, дзе штогод друкуецца шэраг артыкулаў пра беларуска-польскае культурнае супрацоўніцтва, адзначаны спецыяльнай узнагародай “за зацікаўленасць культурным жыццём Польшчы”.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter