Сібіракі выбіраюць Парычы

Парычы: землякі сустракаюцца на бярэзінскім беразе і ў сеціве

СВЕТЛАГОРСКІЯ Парычы рыхтуюцца да 450-гадовага юбі- лею. Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца як цэнтр дзяржаўнага маёнтка ў Бабруйскім старостве ў 1639 годзе. Уваходзіла яно ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводства. Пазней стала цэнтрам войтаўства, а ў другой палове ХVIII стагоддзя — цэнтрам ключа Бабруйскага староства.


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Парычы апынуліся ў Расійскай імперыі. Два стагоддзі таму імператар Павел I падараваў Парыцкі скарбовы двор адміралу Пятру Пушчыну, ад якога ўладанне перайшло яго нашчадкам. Пры маёнтку адкрылася жаночая духоўная вучэльня.

У пачатку ХIХ стагоддзя замест старой драўлянай царквы збудавана новая, асвечаная ў імя Святога Духа. Праз чатыры дзесяцігоддзі паўстаў праваслаўны храм імя Святой Роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. Дзейнічалі цукровы завод, вінакурня, паштова-тэлеграфная кантора, пазыкова-ашчаднае таварыства, аптэка, два заезджыя двары, лячэбніца.

Далейшае развіццё атрымала мястэчка на пачатку мінулага стагоддзя. Працавалі бровар, гарбарны і два канатныя заводы, два вадзяныя млыны. Прымала сухагрузы прыстань на Бярэзіне. З 1924 па 1960 год Парычы — раённы цэнтр. У 1938-м пасля скасавання мястэчак атрымалі афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны партызаны ва ўзаемадзеянні з чырвонаармейцамі нанеслі каля Парыч паражэнне нямецка-фашысцкім войскам. Акупанты па-вар’яцку помсцілі. Восенню 1941 года знішчылі 872 мірных жыхароў. На месцы трагедыі створаны мемарыял. Усталяваны помнікі на брацкай магіле 880 савецкіх воінаў, якія загінулі ў час вызваленчай аперацыі, на магіле Героя Савецкага Саюза Міканора Лявухіна. Асобным абеліскам адзначана памяць пра дзве сотні землякоў, якія не вярнуліся з вайны. Мемарыяльнай дошкай ушанаваны зямляк Герой Савецкага Саюза Андрэй Пінчук — загінуў пры вызваленні Будапешта.

У пасляваенныя гады адкрыліся прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, лясной і харчовай прамысловасці, лясніцтва і спецаддзяленне сельгастэхнікі.

Парычы — малая радзіма заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, былога дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея Алены Аладавай.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр ЦАЛКА і пенсіянерка Надзея ВЫСОЦКАЯ.

АЖЫЎЛЕНАЯ аўтамагістраль пралягае побач са схаванымі за шатамі кучаравых хвой і квітнеючымі садамі Парычамі. Амаль кожную гадзіну на ўскрайку гарпасёлка прыпыняюцца ста- лічныя маршруткі па дарозе на Гомельшчыну. На адной з іх я адправіўся ў вандроўку па былым райцэнтры. Побач з прыдарожным кафэ, дзе падмацоўваюцца тран- зітныя пасажыры, убачыў будынак былога аўтавакзала з забітымі дошкамі вокнамі. Кажуць, памяшканне выкупіў прыватнік.

Паміж будынкамі ў невялікім гандлёвым павільёне, на вывесцы якога значыцца ўладальнік — сельгаспрадпрыемства “Золак-Агра”, гандлявалі свежым мясам.

Малалетні ваенны вязень Галіна КЛЯЙНОВА.

Адсюль у цэнтр гарпасёлка вядзе шырокая вуліца з тратуарамі паабапал праезджай часткі. За некалькімі шматкватэрнымі дамамі з двух бакоў вокны ў вокны выстраіліся аднапавярховыя ў большасці драўляныя будынкі. Каля абітага пафарбаванай вагонкай дома старанна прыбірала вуліцу немаладых гадоў жанчына, якая ветліва павіталася. Прыпыніўся ля яе. Гаспадыня назвалася Параскай Скварцовай. Паўтара дзесяцігоддзя таму пасля смерці мужа засталася адна. Да вайны з бацькамі жыла ў суседняй вёсцы Высокі Полк. Перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю. У мірны час выйшла замуж у Парычы. Маладая сям’я займела свой дом. Капітальна адрамантавалі яго. Чацвёра дзяцей выраслі і раз’ехаліся па свеце. Летам прыязджаюць сем’ямі, адпачываюць у родных мясцінах.

Палісаднік Скварцовых, як і іншых парыцкіх гаспадароў, упрыгожваюць вясновыя кветкі. Кволай зелянінай красуе бэз, закіпае белай пенай квецені духмяная чаромха.

НА адным з прыземістых дамоў заўважыў таблічку з надпісам: “Тут жыве малалетні ваенны вязень”. У вакне цягнулася да сонца кволая расада памідораў. На стук у дзверы з сенцаў выйшла немаладых гадоў жанчына. Пазнаёміліся з Галінай Кляйновай. Яна таксама адна. З горыччу паведаміла, што гэтай вясною пахавала старэйшую сястру Марыю, якая не дажыла чатыры гады да стагоддзя. Шмат выпрабаванняў перанеслі яны ў вайну.

Садавод-аматар Мікалай ГЛУШЭЦ.

Галіна Васільеўна ледзьве памятае бацьку. Маленькай была, як у першыя гады калектывізацыі яго з-за таго, што меў сваю зямлю, прызналі кулаком і арыштавалі. Дамоў так і не вярнуўся. Маці засталася адна з чатырма малалетнімі дзецьмі. З хутара Верхалессе яе прымусілі перасяліцца ў вёску Казлоўка. Каня забралі ў калгас. На руках пераносілі спажыткі. Старэйшая дачка Каця прастудзілася і памерла, а за ёю з-за вострай хваробы не стала і сямігадовага Пеці.

Пачалася вайна. Адступаючы, чырвонаармейцы разам з аператыўна арганізаваным партызанскім атрадам адбілі варожы наступ на Парычы. Сілы былі няроўныя. Фашысты ўварваліся на хутар Верхалессе, што побач з мястэчкам. Аблілі бензінам і спалілі хаты. Людзі кінуліся хто куды.

Педагог Тамара ХОЛАД.

Маці разам з трынаццацігадовай Галінай і старэйшай дачкою Марыяй знайшла прытулак у адзінокай жанчыны ў суседняй вёсцы Казлоўка. У Парычах стаяў фашысцкі гарнізон. Акупанты хапалі моладзь для адпраўкі ў Нямеччыну. У іх рукі трапілі трынаццацігадовая Галіна і старэйшая на два гады Марыя. Грузавой аўтамашынай іх адвезлі ў Бабруйск. Адтуль таварным эшалонам — у Польшчу, а затым — у аўстрыйскі горад Лінц, дзе паўгалоднымі пратрымалі два месяцы.

Дрыготкія пальцы рук выдаюць унутранае хваляванне Галіны Васільеўны пры ўспамінах перажытага. Каб не старэйшая сястра, пэўна, не выжыла б. У той інтэрнацыянальны лагер фашысты звезлі моладзь з розных краін. Калі аўстрыйскі бауэр забіраў на працу Марыю, даведаўся, што Галіна — яе малодшая сястра. Пашкадаваў і забраў. Дзяўчынка два тыдні не магла стаць на ногі. А як акрыяла, стала двор падмятаць, потым кароў даіць. Ад гаспадара даведаліся сёстры, што чатыры яго сыны ваююць на фронце. Савецкія войскі гналі фашыстаў на захад, вызваляючы еўрапейскія краіны. Пасля перамогі амаль паўгода сёстры дабіраліся дамоў. Запомнілася, як з Бабруйска плылі параходам да парыцкай прыстані. Хату ў вёсцы Казлоўка, дзе яны раней жылі, фашысты спалілі. Маці прыгледзела апусцелы бункер, дзе ваенным часам месціліся сувязісты. Там і жылі.

Ветэран працы Параска СКВАРЦОВА.

У вёску вярталіся франтавікі. Адзін з іх закахаўся ў Галіну. Пажаніліся, дом пабудавалі. Сын нарадзіўся. Галіна Васільеўна да выхаду на пенсію працавала поварам у бальніцы. На дзясятым дзясятку адна засталася. Парадак у доме падтрымліваць, агарод даглядаць дапамагае сацработнік. Словы ўдзячнасці выказвала Галіна Васільеўна і школьнікам, якія часта бываюць у яе.

ПАРЫЦКАЯ сярэдняя школа носіць імя Героя Савецкага Саюза Андрэя Пінчука, які тут вучыўся ў даваенныя гады. Трохпавярховы будынак школы, у якой некалі было паўтары тысячы выхаванцаў, упрыгожвае цэнтральную вуліцу. На мемарыяльнай дошцы, прымацаванай на фасадзе параднага ўваходу, адзначана, што “пабудавана школа пры актыўным удзеле ветэранаў 75-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая вызваляла Парычы”.

Вучні 11-га класа Мікіта КАМОЗІН, Іван ПЯШЭВІЧ і майстар вытворчага навучання Віктар ПЕТУХ.

Тры сотні вучняў цяпер тут. Да школы далучаны і вучэбна-вытворчы камбінат, якім кіруе выпускнік школы Анатоль Дашкоўскі. Выпускнікі разам з атэстатам сталасці атрымліваюць пасведчанні трактарыстаў-машыні- стаў, вадзіцеляў легкавых аўтамабіляў. Два дзесяцігоддзі абучае моладзь кіраванню трактарамі майстар Віктар Петух. Раней ён працаваў механізатарам у гаспадарцы. Закончыў Магілёўскі саўгас-тэхнікум і заняўся практычным абучэннем школьнікаў.

Размясціўся вучэбны камбінат у былым школьным будынку, па якім мы прайшліся з Анатолем Дашкоўскім. Цудоўныя ўмовы для тэарэтычных заняткаў. Кабінет, дзе дзяўчаты засвойваюць прафесію швачкі, па-сучаснаму абсталяваны. Майстар Валянціна Яфімава чвэрць стагоддзя тут працуе і лічыць, што ў кожным раёне павінны дзейнічаць такія камбінаты. Вясковая моладзь да заканчэння школы атрымлівае спецыяльнасць, і ёсць магчымасць папаўняць вытворчыя калектывы. На вясновай сяўбе ў СУП “Золак-Агра” працуе Міхаіл Маліноўскі і ў гаспадарцы “Міхайлаўскае-Агра” – Васіль Шораб. Сёлета паўтары сотні навучэнцаў сельскіх школ Светлагорскага раёна вучацца ў камбінаце. Практычнае кіраванне трактарамі праходзяць на “Беларусах”, якім ужо тры дзясяткі гадоў. І аўтамабіль “Масквіч-412” яшчэ з мінулага стагоддзя.

Майстар вытворчага навучання Валянціна ЯФІМАВА і вучаніцы 11-га класа Марыя АЛЬШЭЎСКАЯ і Ганна ЧЭЛАПКІНА.

Узгадаў Анатоль Дашкоўскі пра сустрэчу са старшакласнікамі ў Светлагорску, падчас якой высветлілася, што толькі трое з пятнаццаці юнакоў трымалі ў руках малаток і цвікі.

У Парычах, дзе сёння крыху больш за дзве тысячы жыхароў, няма праблемы працаўладкавання. Дзей- нічаюць два сельгаспрадпрыемствы, ПМК-72, участак дрэваапрацоўкі ААТ “Светлагорскі аграсэрвіс”, камунальныя, бытавыя службы. У ААТ “Парыцкая вінарня”, якая займаецца разлівам віскі, рыхтуецца да адкрыцця фірменны магазін — будуць новыя працоўныя месцы. Развіваецца ў навакольных вёсках фермерства.

Шматкватэрнымі дамамі забудаваны мікрараён меліяратараў. Плануецца сёлета ўзвядзенне 18-кватэрнага дома, дзе жыллё атрымаюць сацыяльныя і шматдзетныя сем’і.

ДБАЮЦЬ у гарпасёлку пра гістарычную спадчыну. Выхадзец з Парыч Віктар Мураль разам з педагогамі Цэнтра творчасці моладзі Мікалаем Царыкевічам, Анатолем Тураўцом і Ігарам Гушчай распрацавалі і стварылі сайт гарпасёлка, які аб’яднаў землякоў, раскіданых па свеце. Іх ініцыятыву падтрымалі ў сельвыканкаме.

Прадавец Аксана СОКУР.

Са старшынёю Аляксандрам Цалка праехалі па ціхіх вулачках былога райцэнтра. Ля паўнаводнай Бярэзіны ў Парку памяці на мармуровых плітах выбіты прозвішчы тых, хто аддаў жыццё за вызваленне Парыч. Спіс герояў дапаўняецца. Летась з’явіліся яшчэ два прозвішчы мужных байцоў. Больш за дзве сотні жыхароў пасёлка не вярнуліся з вайны. Аляксандр Фёдаравіч лічыць, што яны заслужылі, каб іх помнілі. Скульптар Арцём Мядзведзеў, карані якога з Парыч, распрацаваў праект рэканструкцыі Парка памяці, які раскінуўся на рачным беразе. Тут усталяваны помнік мужу і жонцы слыннага роду Пушчыных, якія многае зрабілі для паселішча.

Тры паркі, закладзеныя ў розныя часы, акультураныя і дагледжаныя. Праз Бярэзіну дзейнічае паромная пераправа, можна дабрацца ў суседні Жлобінскі раён. Плануецца аднавіць рачную прыстань.

Гарпасёлак прываблівае сваёй цікавай гісторыяй, прыгажосцю, зручнасцю для жыцця. З далёкага Казахстана прыехаў па поклічу сэрца на Бацькаўшчыну продкаў выпускнік Цэлінаградскага педінстытута Анатоль Дынько, які кіруе сярэдняй школай. Радзіма Тамары Холад, якая да выхаду на пенсію настаўнічала, — гомельская вёска Іванполле. З Цюменскай вобласці скіраваліся сюды нафтаздабытчыкі Надзея і Іван Высоцкія. Дзеці і ўнукі іх кожнае лета імчаць у ціхія Парычы, якія называюць жамчужынай на Бярэзіне. Вельмі запатрабаваным сустракае свой 450-гадовы юбілей былы раённы цэнтр.

Светлагорскі раён

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter