Паруканне ў сільвінітавых нетрах

Дэлегацыя беларускiх пiсьменнiкаў пабывала ў Слуцкiм раёне

У нізкіх промнях лістападаўскай раніцы наш умяшчальны і даволі камфартабельны МАЗ вынырнуў з апошняга павароту прыдарожнай вёскі з сімвалічнай назвай Гарадзішча, і неўзабаве ў водблісках радужных фарбаў адкрыліся шматпавярховікі Слуцка. Назіраючы за такой ігрой колераў, з цяжкасцю верыцца, што мы ў абдымках аднаго са старажытных гарадоў Беларусі.

Сюды, у паўднёвы рэгіён Міншчыны, выбраўся пісьменніцкі дэсант, патрэбу «высадкі» якога падказаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка: трэба часцей бываць на месцах, ведаць сённяшнія настроі і працу людзей. Зрэшты, такое пажаданне прагучала і на нядаўняй сустрэчы з ім групы літаратараў — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Павітаць нашу дэлегацыю на ўскрай горада выехала кіраўніцтва Слуцкага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Даманеўскім. І хутка, без лішніх цырымоній, слоў-перамоў мы пакрочылі ўжо ў прасторны вестыбюль Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, якое знайшло сваю прапіску менавіта ў Слуцку.

Першы набор у кадэцкія шэрагі адбыўся летась. Разам са стварэннем падобных устаноў, а яны адкрыты ў кожнай вобласці, ставілася задача даць іх навучэнцам дастойныя веды па праграме агульнай сярэдняй адукацыі, але пры гэтым больш увагі надаваць прафарыентацыйнай рабоце, ваенна-патрыятычнаму выхаванню падлеткаў, маючы на мэце, што выпускнікі вучылі­шча выбяруць сабе для працягу вучобы ваенныя факультэты ВНУ, Ваенную акадэмію, навучальныя ўстановы МУС або МНС, увогуле сілавых структур.

Дырэктар вучылішча Сяргей Мяцельскі лічыць, што з пастаўленай задачай педкалектыў спраўляецца. У гэтым пераканаліся і госці. Для кожнага з 204 кадэтаў, у тым ліку 38 дзяўчынак, тут створаны выдатныя ўмовы спасціжэння ведаў, падрыхтоўкі сябе для наступнага жыццёвага этапу. Найпершая перавага пры залічэнні ў вучылішча надаецца сіротам, дзецям, што засталіся без апекі бацькоў.

Сустрэча з васьмікласнікамі, пранікнёныя пажаданні хлапчукам у камуфляжах кіраўніка пісьменніцкага саюза Мікалая Чаргінца, старэйшага майстра слова, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Алеся Савіцкага нават крыху расчулілі ўсіх прысутных. Галоўнае ж пажаданне: каб ніколі, ніколі гэтаму маладому пакаленню не выпала перажыць 1941 год.

Добрыя ўражанні пакінула і азнаямленне з сацыяльнымі аб’ектамі аграгарадка Казловічы. На базе мясцовай сярэдняй школы тут працуе Цэнтр аўтамабільнай культуры і тэхнічнай творчасці моладзі «Аўтасвет». Дзейнічае праграма рэстаўрацыі старой тэхнікі. Інакш кажучы, дзеці адначасова з вучобай далучаюцца да працэсу прафесійнай арыентацыі, ваенна-патрыятычнага выхавання. Пасля завяршэння вучобы ў школе атрымліваюць першую рабочую спецыяльнасць — трактарыста-машыніста.

А да таго жаданага часу ўдзельнічаюць у выставах, паходах, летась былі нават на парадзе Перамогі ў Мінску. З тэхнікай з мінулага пазнаёмілі яны і пісьменнікаў. І колькі ў тым было непадробнай радасці і цікавасці! Вось па-залі­хвацку асядлаўшы матацыкл «ІЖ-Планета», пісьменнік Віктар Праўдзін настальгічна вымавіў у свае пышныя вусы: «Гэта ж транспарт майго дзяцінства!»

Шматграннай дзейнасцю вызначаецца і мясцовы Дом культуры, многія гады на яго базе дзейнічаюць творчыя аб’яднанні, калектывы. Музыкі, спевакі, аматары рамёстваў — усяго нават не пералічыш. «На маёй радзіме, у Днепрапятроўскай вобласці, дзе я нядаўна пабываў, такога няма і ў паміне, — з сумам гаварыў мне паэт Уладзімір Ласенка. — А раней жа і там усё было падпарадкавана патрэбам людзей».

Пра падземныя багацці Салігорскага краю чулі, як усе ў нас у Беларусі, так і многія за яе межамі. І гэта сапраўды так, і гэта справядліва. Найпершае ў краіне прадпрыемства — ААТ «Беларуськалій» сёння фарміруе толькі бюджэт Мінскай вобласці недзе на 30 працэнтаў. А ўвесь яго валютны патэнцыял няхай падлічваюць спецыялісты.

Магчымых аўтараў твораў пра гарняцкі рэгіён, пра яго асаблівасці найбольш цікавіла, як жывуць сёння шахцёры, якія эмоцыі, характары, настроі тут пераважаюць, чым адметныя сацыяльная інфраструктура горада і раёна. І каб лепш спазнаць «людзей падзямелля», намеснік генеральнага дырэктара «Беларуськалія» Анатоль Махлай прапанаваў жадаючым з ліку пісьменніцкай браціі самім пабываць у сільвінітавых нетрах, на свае вочы пераканацца, што там і як.

Ці варта казаць, што спуск у зямную тоўшчу пакінуў самыя моцныя ўражанні ў тых, хто адважыўся хоць колькі кіламетраў праехаць па штольнях, колькі метраў прайсці да солевых лаў, пабачыць, як угрызаецца ў пароду ротар здабываючага камбайна. Там, на глыбіні каля 600 метраў, мацнейшым здаваўся і поціск рук майстроў падземнай праходкі і майстроў слова.

А дырэктар 3-га рудаўпраўлення Сяргей Малахаў тым часам знаёміў яшчэ адну групу літаратараў з арганізацыяй работы абагачальнай фабрыкі, дзе адбываецца перапрацоўка паднятай на паверхню мінеральнай сыравіны, атрыманне гранул урадлівасці і дзе таксама праца не з лёгкіх.

Пісьменніцкая грамада даведалася і пра перспектывы развіцця «Беларуськалія», пашырэння яго сыравіннай базы, у прыватнасці пра будаўніцтва шостага рудніка, які павінен уступіць у строй у будучым годзе. А яшчэ пазнаёмілася з некаторымі аб’ектамі шырокай сацыяльнай інфраструктуры акцыянернага таварыства, магчымасцямі санаторыя «Бярозка».

— Час такі, што нам рэдка даводзіцца некуды ехаць, і такія вось сустрэчы проста ўзвышаюць душу, — дзяліўся пазней уражаннямі намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Генадзь Пашкоў. — І тая іскрынка, што запала туды, відаць, потым пяройдзе ў верш, у іншы твор. Інакш і быць не можа. Бо шахцёры — гэта тыя людзі, што працуюць самаахвярна, часта днямі не бачачы сонца. Працуюць натхнёна, здабываючы вялікія багацці, якімі славіцца наша зямля.

На здымку: старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Мiкалай ЧАРГIНЕЦ з творчай моладдзю «Автомира».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter