Партрэт ў стылі рэтра.

Як карэспандэнт “НГ” трапіла ў першы сталічны фотасалон XIX стагоддзя.

Гэта зараз зрабіць уласны фотаздымак не праблема. Націснуць на кнопку на лічбавым фотаапараце, які мае амаль ці не кожная сям’я, можа нават дзіця. Сёння фотаздымкі мала хто друкуе. Захоўваюцца яны часцей у памяці камп’ютара. А ў пачатку ХІХ стагоддзя фатаграфавацца людзі баяліся. Лічылася, што фотамайстры — гэта чараўнікі, якія пераносяць душу чалавека на паперу.

Эмерык і Жазэфіна

Фотаатэлье мінскіх прадмесцяў абстаўляліся ў кватэрным стылі
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Мінску жыў адзін незвычайны чалавек. Звалі яго Эмерык Адамовіч. Ажаніўшыся са шляхцянкай Жазэфінай (вось якія імёны, аказваецца, былі характэрны для мінчукоў больш за стагоддзе таму), адкрыў у сваім драўляным аднапавярховым доме ў Мінску на вуліцы Шырокай, зараз Куйбышава, фотасалон. Было гэта, як сведчаць гістарычныя дакументы, у 1858 годзе. Калі ўлічыць, што адкрыццё фатаграфіі адбылося ў 1839 годзе, то атрымліваецца, што беларусы не нашмат адсталі ад першаадкрывальнікаў самай цікавай таямніцы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, якой была ў той час фатаграфія.
Адкрыць фотасалон — справа нялёгкая. Вядома, яна патрабавала нямала фінансавых укладанняў. Фотаапарат на той час каштаваў столькі ж, колькі і дом. Але рамантычная сямейная пара не пабаялася рызыкнуць. Набылі патрэбнае абсталяванне і фотапрылады, дэталёва прадумалі інтэр’ер пакоя для фатаграфавання і сталі запрашаць наведвальнікаў. Тое, што першая фотамайстэрня была размешчана ў жылым доме, потым надало адметныя рысы іншым фотасалонам Мінска. Абстаўляліся яны, як кватэры таго часу, што зусім не было характэрна для іншых краін. У Еўропе фотасалоны адкрывалі на цэнтральных вуліцах горада. У Эмерыка і Жазэфіны не было для гэтага фінансавай магчымасці. Аднак іх майстэрня хутка набыла папулярнасць сярод мінскай эліты.
Каб перадаць атмасферу сталічнага фотасалона сярэдзіны ХІХ стагоддзя, да 35-годдзя Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Строчыцы Мінскага раёна, стварылі экспазіцыю “Святлапісны кабінет”. Рэканструяваны фотасалон канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя размясцілі ў драўляным аднапавярховым доме, перавезеным на тэрыторыю музея пад адкрытым небам з ракаўскага прадмесця горада Мінска.

Душа на паперы

Для заможных мяшчан, шляхты гэта было адным са спосабаў свецкага баўлення часу
“Святлапісны кабінет” Эмерыка і Жазэфіны працаваў на працягу трыццаці гадоў, — расказвае загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Аляксандр Ісакаў. — Гэта быў самы доўгі тэрмін у параўнанні з астатнімі. Поспех гэтага сямейнага бізнесу быў абумоўлены добрымі сяброўскімі адносінамі са знатнымі асобамі, якія прыходзілі да іх фатаграфавацца. Мінск у той час быў зусім не такі, як зараз. У ім у пачатку ХХ стагоддзя жыло ўсяго 23 тысячы чалавек. Прадстаўнікі шляхты вельмі добра адзін аднаго ведалі. На адным з фотаздымкаў у музейнай экспазіцыі можна ўбачыць этнографа, фалькларыста, археолага і ўладальніка музейнай калекцыі ў Лагойску графа Тышкевіча”.
Увогуле, фотаздымкаў, зробленых у салоне Жазэфіны, засталося вельмі мала. Чаму? Таму што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя зрабіць фотаздымак каштавала даволі дорага. Фатаграфаванне было не толькі дзеля таго, каб атрымаць фотакартку са сваёй выявай. Для заможных мяшчан, шляхты гэта было сапраўдным рытуалам. Фотасалон працаваў толькі два дні на тыдзень. Прычым спачатку патрэбна было дамовіцца аб сваім прыходзе. Ісці пешшу ў тагачаснае фотаатэлье лічылася непрыстойным. Фатаграфавацца ехалі абавязкова ў брычцы, запрэжанай коньмі.

Фотаальбом як сімвал памяці

“Майстры святла” пачатку ХХ стагоддзя прапанавалі кліентам у дадатак да фота каву, гарбату і прыемную размову
Вобраз салона драўлянага мінскага прадмесця канца ХІХ стагоддзя ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту стварылі з дапамогай мэблі, перавезенай музейшчыкамі з мінскіх прадмесцяў, а таксама фотатэхнікі, асобныя экзэмпляры якой набылі ў сталічных калекцыянераў. Ля самага ўваходу стаіць стол, ці бюрка, у якім знаходзіліся дакументы, квітанцыі. Збоку на ім — скарбонка, у ёй у кардоннай папачцы захоўваліся рознафарматныя фотаздымкі кліентаў. Над сталом — аптэчка. “Фатаграфічная хімія для праяўлення і фіксацыі выяў на фота каштавала вельмі дорага, — расказвае Аляксандр Ісакаў. — Свайму памочніку гаспадар салона не заўсёды мог давяраць. Таму выдаваў шклянкі з рэактывамі часткамі”.
Далей у куце ля вялікага люстэрка можна было паправіць прычоску, а таксама выбраць фармат фатаграфіі — кабінетны, групавы, міньён (невялікі па памеры) або нават амерыканскі. У фотамайстэрні Жазэфіны і Эмерыка можна было не толькі сфатаграфавацца, але і набыць навамодную фотатэхніку з Еўропы. Для Адамовічаў гэта быў даволі прыбытковы бізнес. Фотаапараты яны прывозілі з Германіі, Францыі, Англіі.
У куточку, абсталяваным дарагой мэбляй, наведвальнік мог дачакацца сваёй чаргі і пазнаёміцца з новымі спосабамі аздаблення фотаальбомаў. А потым, пасля запрашэння, праходзіў у студыю, дзе на сцяне абавязкова быў вымаляваны фон з відамі мінскіх вуліц, пейзажаў, выбіраў любое крэсла на свой густ.
Фотаздымкі таго часу заварожваюць. Сваёй загадкавасцю, шармам, духам мінулых стагоддзяў. На фотакартках з карычневым адценнем — твары людзей розных прафесій і лёсаў. У кожнага фота сваё святло і свая энергетыка. Напэўна, гэта і ёсць галоўная асаблівасць фота ў стылі рэтра.
Зрабіць фота ў стылі рэтра ў “Святлапісным кабінеце” сёння могуць і наведвальнікі экспазіцыі. У іх распараджэнні — жаночыя і мужчынскія ўборы, капелюшы, пальчаткі, карункавыя парасоны. Дзейнічаць экспазіцыя будзе на працягу двух гадоў. Так што ў вас, паважаныя чытачы, ёсць магчымасць зрабіць свой партрэт у стылі рэтра.

 Цікава ведаць

Фатаграфія — у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “пішу святлом”. Святлапіс быў адкрыты не адразу. Вучоныя розных пакаленняў імкнуліся вынайсці спосаб атрымаць выяву, які не патрабаваў бы доўгай працы мастака. А пачалося ўсё з таго, што было заўважана, як сонечны прамень, пранікаючы праз невялікую адтуліну, пакідае на плоскасці светлавы малюнак знешніх прадметаў. Яны адлюстроўваюцца ў дакладных прапорцыях і колерах, але ў паменшаных у параўнанні з натурай памерах і перавернутым выглядзе. Гэта ўласцівасць цёмнага пакоя, ці камеры-абскуры, была вядома яшчэ старажытнагрэчаскаму мысліцелю Арыстоцелю ў IV стагоддзі да нашай эры. Прынцып работы камеры-абскуры апісаў у сваіх працах Леанарда да Вінчы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter