Партнёры сустракаюцца на “БЕЛАГРА”

Цяперашняя экспазіцыя “Белагра” па многіх паказчыках ужо стала рэкардсменам
На ўзлётна-пасадачных палосах аэрапорта “Мінск-1” яблыку не было дзе ўпасці. Тут адбылася цырымонія афіцыйнага адкрыцця III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а таксама міжнароднай спецыялізаванай выставы “Белагра-2016”.







Цяперашняя экспазіцыя “Белагра” па многіх паказчыках ужо стала рэкардсменам: 517 кампаній з 23 краін свету размясціліся на плошчы 31,2 тысячы квадратных метраў. Тут былі прадстаўлены лепшыя дасягненні машынабудавання, вытворчасці сельгаспрадукцыі, селекцыі, жывёлагадоўлі і раслінаводства. Калектыўныя экспазіцыі падрыхтавалі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, канцэрны “Белнафтахім”, “Беллегпрам”, “Белдзяржхарчпрам”, Белкаапсаюз, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, прыватны сектар і фермерскія гаспадаркі.







У рамках выставы адбылося і адкрыццё III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Госці пазнаёміліся з экспазіцыяй, а таксама высока ацанілі ўзровень рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж краінамі.

Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі:


— На выставе прадстаўлены не толькі дасягненні АПК. Мы імкнуліся прадэманстраваць: Беларусь — высокаразвітая індустрыяльная краіна, якая мае сучаснае машынабудаванне. “Белагра” — гэта не проста дэманстрацыя сучасных узораў, але і пляцоўка для абмеркавання сумесных праектаў і заключэння кантрактаў.

Валянціна МАЦВІЕНКА, старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі:

— Мы ўдзячныя арганізатарам выставы “Белагра”, якія прадаставілі магчымасць пазнаёміцца з дасягненнямі вашай краіны ў сферы сельскагаспадарчага машынабудавання, прамысловасці, новых аграрных тэхналогій. Развіццё АПК для нашых краін — адзін з найважнейшых прыярытэтаў. Нягледзячы на некаторыя эканамічныя праблемы, неспрыяльную кан’юнктуру на сусветных рынках, сельская гаспадарка дэманструе добрыя тэмпы развіцця. Беларускія харчовыя тавары вельмі любяць у Расіі, і аб’ёмы іх паставак растуць. Паспяхова развіваецца сельскагаспадарчае машынабудаванне, і мяне радуе, што на выставе “Белагра” прадстаўлена прадукцыя не толькі беларускіх, але ўжо сумесных прадпрыемстваў: больш за 70 вытворчасцяў працуе па ўсёй Расіі, і нам ёсць чым пахваліцца.

Уладзімір Веліхаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter