Злучаныя Штаты актыўна падштурхоўваюць еўрапейцаў да больш плённага ваенна-палітычнага супрацоўніцтва ў фармаце Паўночнаатлантычнага альянсу

Партнёры

Нядаўна 45-ы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель выставіў яе краіне “вялікі гамбургскі рахунак” — за забеспячэнне Амерыкай у межах НАТА бяспекі Германіі. Згодна з дакументам, які амерыканскі лідар перадаў акружэнню канцлера, немцы павінны выплаціць ЗША за гэтыя “паслугі” амаль 375 мільярдаў долараў. У Берліне навіна спачатку выклікала нямую сцэну, а потым хвалю абурэння тамтэйшага істэблішменту.

Але цяпер, калі Амерыка ў якасці гаранту заходняй ваеннай сістэмы бяспекі, найперш, ахоўвае нацыянальныя інтарэсы замест глабальных, з вуснаў Трампа гэта ўжо не гучыць нечакана. Не сакрэт і тое, што амерыканцы напаўняюць бюджэт НАТА прыкладна на семдзесят працэнтаў.

Бліжэйшымі днямі пад слоганам “Грошай НАТА трэба болей!” пройдзе турнэ ў Еўрасаюз дзяржсакратара ЗША Рэкса Цілерсона. У першую чаргу з-за “пашырэння ролі альянсу ў барацьбе з тэрарызмам”. Мэтай яго візіту ў Брусель стане міністэрская сустрэча з калегамі з Паўночнаатлантычнага альянсу. Затым асобна пройдуць перамовы з кіраўнікамі МЗС краін Балтыі, дзе пакуль толькі Эстонія поўнасцю выконвае патрабаванне, якое датычыць аб’ёму ўнясення сродкаў на функцыянаванне альянсу.  

Галоўны дыпламат ЗША мае намер дамагчыся ад еўраатлантычных партнёраў павышэння абаронных выдаткаў членамі НАТА на ўзроўні да двух працэнтаў ад ВУП. Фінансавай вольніцы Белы дом не дазволіць — менавіта так завастрае пытанне перад Старым Светам цяперашняя амерыканская адміністрацыя. Праўда, некаторыя НАТАўцы ўжо выканалі дадзенае патрабаванне Вашынгтона, аднак на тых, хто не спяшаецца гэтага рабіць, амерыканцы націснуць. За гарантыі і забеспячэнне ўсёабдымнай бяспекі кожнаму давядзецца шчодра заплаціць — у агульную скарбонку. Латвія, Літва і Эстонія хочуць, каб Цілерсон даў ім цвёрдую ўпэўненасць, што тыя “не застануцца сам-насам з Расіяй”.  

Па словах амерыканскага генерала, кіраўніка Аб’яднаных Узброеных Сіл НАТА ў Еўропе Керціса Скапароці, сёння ЗША мае на тэрыторыі ЕС больш за 60 тысяч ваенных.

Згаданыя падзеі Масква ўспрымае негатыўна і разглядае нарошчванне ваеннай прысутнасці Злучаных Штатаў у Еўропе каля сваіх межаў як пагрозу. Тым больш што альянс пакрысе працягвае пашырэнне: нядаўна сенат ЗША ўхваліў уступленне Чарнагорыі ў НАТА. Калі спіраль супрацьстаяння будзе і надалей раскручвацца, можа распачацца чарговая сусветная гонка ўзбраенняў альбо новы этап халоднай вайны.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter