Парады дадзены. А яблыкаў няма...
26.10.2013 16:34:54
Гісторыя развіцця садаводства ў Беларусі — гэта ў першаю чаргу гісторыя ўкаранення навуковых ведаў і прагрэсу
Раздзел «Аграрная кніга XIX — пачатку XX стагоддзя» ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы (БелСГБ) прызваны захаваць кнігі як матэрыяльны помнік, у якім знаходзіць сваё адлюстраванне праца па развіццю сельскагаспадарчай навукі, а таксама ўтрымліваецца шмат карысных парад сённяшнім аграрыям.
Праблемы садаводства — гэта пытанне, якое стаяла вельмі востра і тады. У 1926 годзе «52 процэнты прыпадала на сялянскія сады ў 15—20 дрэў», што магло забяспечыць патрэбы сям’і, а продаж з такіх ураджаяў быў справай малапрыбытковай. Распаўсюджванне садоў для таварнай вытворчасці на той час мела месца толькі ў трох міні-рэгіёнах: «На Магілёўшчыне, Аршаншчыне і Віцебшчыне налічваецца блізка паловы садоў ад усёй плошчы, якую мы маем на Беларусі», а на Мазыршчыне, наогул, не практыкавалася. Безумоўна, такі парадак спраў не мог задавальняць.
У кнізе сабраны найбольш базавыя парады сялянам, каб наладзіць сталы збор ураджаю. Так, «для закладкі саду трэба выбіраць вышэйшы пункт рэльефу, ніколі па нізінах, дрэвы ў такіх месцах праз 15—20 год загінуць. Трэба закладаць сады на гэткіх плошчах, дзе паглыбленая вада не бліжэй 4 метраў».
Дзеля распаўсюджвання на Беларусі рэкамендаваліся як добра вядомыя і сёння, так і крыху забытыя сарты яблык. Зімовыя — гэта і атрымаўшая потым папулярнасць «антонаўка», і малавядомыя сёння «бабушкіна» і «чорнагуз». Асеннімі сартамі з добрым ураджаем лічыліся «штрэйфлініг» і «пуцімка». Праблемы з імі былі такія ж, як і сёння. «Асноўная мэта нашага садаводства — забяспечыць рынак каштоўнымі зімовымі свежымі пладамі аж да новага ўраджаю… Праца ў гэтым накірунку толькі пачынаецца».
І сапраўды, праца толькі пачыналася. Адзін з найбольш лёжкіх сартоў на той час «бабушкіна» хоць і гарантаваў прымальную лёжкасць 4 месяцы, але «дрэвы пачынаюць даваць плады на 15-м годзе пасля высадкі». Што, безумоўна, далёка ад ідэалу.
Яле пойдзем далей. Для вывядзення добрага саду раіцца падрыхтаваць глебу за два гады, «спрыяльна, калі на гэтым месцы будзе расці бульба (на гнаі), гарох і віка». Наогул, бульбяныя палі пры адсутнасці спецыяльных угнаенняў прызнаюцца лепшымі для разбіўкі саду.
Асаблівая ўвага надавалася таму, каб дрэвы раслі не на дзярновых глебах і былі ўзараны, бо наяўнасць дзёрну і канюшыны вакол дрэў губіць насаджэнні: «дзярно затрымлівае развіццё дрэў, апроч таго, прыцягвае да сябе вельмі шкодных мышэй. Вось чаму пасеў канюшыны ў садзе трэба забараняць».
Пры даглядзе за садам настойліва прапануецца выкарыстоўванне інавацыйных на той час «нажоў Дытмара» з закругленым верхам для больш зручнай абрэзкі і «кундаўскіх пілак».
Апроч падрэзкі, сад патрабуе догляду і ўгнаенняў, найбольш эффектыўнымі на той час з’яўляліся выключна арганічныя рэчы: «Конская машына, попел (з хатняй печы), апрацоўка сумяссю рачнога пяску, сухой вапны і шэрсці ад цялят, пасадка вакол дрэў капусты ды агуркоў».
Шмат парад сабрана ў кнізе і па зборы ўраджаю, асноўныя карысны і сёння. Для захавання пладоў яблыкі трэба збіраць з галін, а не з зямлі: «сабраныя з зямлі прыдатныя толькі для ўжывання і блага захоўваюцца, бо большасць ужо пабітая». Але і з галін трэба збіраць з розумам: «пара збору настае, калі пры падыманні плода ўверх хвасток адрываецца ад галінкі» ці калі «ніжэйшая частка насення цёмная, а вышэйшая — ясная». Збіраць плады трэба ў час, самы прыдатны для збору — апоўдні, «бо яны ўжо падсохлі, і васкавы налёт не так сціраецца».
Між іншым, кніга ўтрымлівае багата інфармацыі пра арыгінальныя спосабы захавання ўраджаю, барацьбы са шкоднікамі. Запаветы яе засталіся актуальнымі і сёння: «Наша мэта — пры дапамозе даследчай навуковай працы вывесці гэткія сарты яблык, якія б трывалі да новага ўраджаю і маглі перапрацоўвацца ў фруктовае віно, мармелады і павідла. Толькі з дапамогай навукі мы знойдзем сродкі, веды і ўпэўненасць карыстацца ўраджаямі садоў».
Як бачна, вывучаючы гісторыю друкаванага слова, можна не толькі задаволіць гістарычную цікавасць, але і атрымаць вельмі карысныя парады ад продкаў па вядзенні гаспадаркі.
Дзмітрый БАБАРЫКА, загадчык аддзела абслугоўвання Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі