Парады дадзены. А яблыкаў няма...

Раздзел «Аграрная кніга XIX — пачатку XX стагоддзя» ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы (БелСГБ) прызваны захаваць кнігі як матэрыяльны помнік, у якім знаходзіць сваё адлюстраванне праца па развіццю сельскагаспадарчай навукі, а таксама ўтрымліваецца шмат карысных парад сённяшнім аграрыям.

Гісторыя развіцця садаводства ў Беларусі — гэта ў першаю чаргу гісторыя ўкаранення навуковых ведаў і прагрэсу

Раздзел «Аграрная кніга XIX — пачатку XX стагоддзя» ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы (БелСГБ) прызваны захаваць кнігі як матэрыяльны помнік, у якім знаходзіць сваё адлюстраванне праца па развіццю сельскагаспадарчай навукі, а таксама ўтрымліваецца шмат карысных парад сённяшнім аграрыям.

Аналіз кнігазбораў раздзела сведчыць, што ў сярэдзіне 20-х гадоў назіралася імклівае развіццё аграрнай навукі па ўсіх накірунках. Адным з важных было павелічэнне плошчаў пад сады, бо роля каштоўных рэчаў, якія ўтрымліваліся ў садавіне, усведамлялася вельмі добра. У спецыяльна існаваўшай асветніцкай серыі «Сялянская бібліятэка» гэтаму быў прысвечаны асобны выпуск — «Гадоўля садоў», які і сёння з’яўляецца цікавым дакументам укаранення ў практыку.

Праблемы садаводства — гэта пытанне, якое стаяла вельмі востра і тады. У 1926 годзе «52 процэнты прыпадала на сялянскія сады ў 15—20 дрэў», што магло забяспечыць патрэбы сям’і, а продаж з такіх ураджаяў быў справай малапрыбытковай. Распаўсюджванне садоў для таварнай вытворчасці на той час мела месца толькі ў трох міні-рэгіёнах: «На Магілёўшчыне, Аршаншчыне і Віцебшчыне налічваецца блізка паловы садоў ад усёй плошчы, якую мы маем на Беларусі», а на Мазыршчыне, наогул, не практыкавалася. Безумоўна, такі парадак спраў не мог задавальняць.

У кнізе сабраны найбольш базавыя парады сялянам, каб наладзіць сталы збор ураджаю. Так, «для закладкі саду трэба выбіраць вышэйшы пункт рэльефу, ніколі па нізінах, дрэвы ў такіх месцах праз 15—20 год загінуць. Трэба закладаць сады на гэткіх плошчах, дзе паглыбленая вада не бліжэй 4 метраў».

Дзеля распаўсюджвання на Беларусі рэкамендаваліся як добра вядомыя і сёння, так і крыху забытыя сарты яблык. Зімовыя — гэта і атрымаўшая потым папулярнасць «антонаўка», і малавядомыя сёння «бабушкіна» і «чорнагуз». Асеннімі сартамі з добрым ураджаем лічыліся «штрэйфлініг» і «пуцімка». Праблемы з імі былі такія ж, як і сёння. «Асноўная мэта нашага садаводства — забяспечыць рынак каштоўнымі зімовымі свежымі пладамі аж да новага ўраджаю… Праца ў гэтым накірунку толькі пачынаецца».

І сапраўды, праца толькі пачыналася. Адзін з найбольш лёжкіх сартоў на той час «бабушкіна» хоць і гарантаваў прымальную лёжкасць 4 месяцы, але «дрэвы пачынаюць даваць плады на 15-м годзе пасля высадкі». Што, безумоўна, далёка ад ідэалу.

На жаль, канстатуецца, што праца па вывядзенні гандлёвага асартыменту груш яшчэ і не пачыналася.

Яле пойдзем далей. Для вывядзення добрага саду раіцца падрыхтаваць глебу за два гады, «спрыяльна, калі на гэтым месцы будзе расці бульба (на гнаі), гарох і віка». Наогул, бульбяныя палі пры адсутнасці спецыяльных угнаенняў прызнаюцца лепшымі для разбіўкі саду.

Асаблівая ўвага надавалася таму, каб дрэвы раслі не на дзярновых глебах і былі ўзараны, бо наяўнасць дзёрну і канюшыны вакол дрэў губіць насаджэнні: «дзярно затрымлівае развіццё дрэў, апроч таго, прыцягвае да сябе вельмі шкодных мышэй. Вось чаму пасеў канюшыны ў садзе трэба забараняць».

Як, безумоўна, дакумент свайго часу, парады ўтрымліваюць аспекты, якія з’яўляюцца адлюстраваннем рэалій той пары: «Яблыневыя дрэвы трэба саджаць на адлегласці 15—20 метраў. На выпадак вайны і голаду будзе магчымасьць саджаць у садах бульбу, сеяць пшаніцу». Дзеля гэтага таксама раілася адмовіцца ад шахматнай пасадкі і саджаць дрэвы роўна, каб лепей было араць.

Пры даглядзе за садам настойліва прапануецца выкарыстоўванне інавацыйных на той час «нажоў Дытмара» з закругленым верхам для больш зручнай абрэзкі і «кундаўскіх пілак».

Апроч падрэзкі, сад патрабуе догляду і ўгнаенняў, найбольш эффектыўнымі на той час з’яўляліся выключна арганічныя рэчы: «Конская машына, попел (з хатняй печы), апрацоўка сумяссю рачнога пяску, сухой вапны і шэрсці ад цялят, пасадка вакол дрэў капусты ды агуркоў».

Шмат парад сабрана ў кнізе і па зборы ўраджаю, асноўныя карысны і сёння. Для захавання пладоў яблыкі трэба збіраць з галін, а не з зямлі: «сабраныя з зямлі прыдатныя толькі для ўжывання і блага захоўваюцца, бо большасць ужо пабітая». Але і з галін трэба збіраць з розумам: «пара збору настае, калі пры падыманні плода ўверх хвасток адрываецца ад галінкі» ці калі «ніжэйшая частка насення цёмная, а вышэйшая — ясная». Збіраць плады трэба ў час, самы прыдатны для збору — апоўдні, «бо яны ўжо падсохлі, і васкавы налёт не так сціраецца».

Між іншым, кніга ўтрымлівае багата інфармацыі пра арыгінальныя спосабы захавання ўраджаю, барацьбы са шкоднікамі. Запаветы яе засталіся актуальнымі і сёння: «Наша мэта — пры дапамозе даследчай навуковай працы вывесці гэткія сарты яблык, якія б трывалі да новага ўраджаю і маглі перапрацоўвацца ў фруктовае віно, мармелады і павідла. Толькі з дапамогай навукі мы знойдзем сродкі, веды і ўпэўненасць карыстацца ўраджаямі садоў».

Як бачна, вывучаючы гісторыю друкаванага слова, можна не толькі задаволіць гістарычную цікавасць, але і атрымаць вельмі карысныя парады ад продкаў па вядзенні гаспадаркі.

Дзмітрый БАБАРЫКА, загадчык аддзела абслугоўвання Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter