Пара сталасці і плёну

15 гадоў як у Малдове дзейнічае беларуская суполка
15 гадоў як у Малдове дзейнічае беларуская суполка.

На ўрачыстым пасяджэнні ў Кішынёве з нагоды юбілею беларускай суполкі было сказана шмат добрых слоўСвята праводзілася ў Кішынёве, у Доме нацыянальнасцяў. Там, дарэчы, ужо шмат гадоў арганізуюць свае мерапрыемствы прадстаўнікі розных нацыянальных меншасцяў. На гэты раз маладыя хлопцы і дзяўчаты віталі гасцей у беларускіх нацыянальных строях, гучалі народныя песні, можна было паглядзець слайды і фатаграфіі з жыцця суполкі, утворанай 15 гадоў таму.

Павіншаваць юбіляраў завіталі прадстаўнікі іншых нацыянальных суполак: рускай, украінскай, літоўскай, эстонскай, азербайджанскай. Пра справы, якімі напоўнена жыццё беларусаў Малдовы, расказаў старшыня суполкі Іван Кец.

Прагучала і вітальнае слова Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Уладзіміра Саковіча. Выступілі таксама прадстаўнікі Бюро міжэтнічных адносін і Парламента Малдовы, старшыні беларускіх суполак з Ціраспаля і Бендэр. Урачыстая частка мерапрыемства закончылася прыёмам у суполку новых членаў.

Да юбілею была прымеркавана прэзентацыя кнігі “Беларускія крыніцы Малдовы” — яе прадставіў рэдактар і выдавецкі калектыў. Потым адбыўся канцэрт з удзелам вядомых у Малдове артыстаў, ансамбля “Канчэрціна”, прадстаўнікоў культурнага цэнтра “Полі Арт”.

Упрыгожыла прастору свята і выстава карцін мастака, члена суполкі Вячаслава Ігнаценкі — у экспазіцыі былі прадстаўлены краявіды з беларускай глыбінкі, якія нагадалі ўсім пра родную Беларусь.

У завяршэнне вечарыны гаспадары свята прапанавалі гасцям адведаць смачныя стравы, згатаваныя членамі суполкі па традыцыйных рэцэптах беларускай кухні.

Мсціслаў Ігнаценка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter