Пара кахання. Вясна заварожвае, натхняе, надае сіл.

Яна акрыляе і ап’яняе сваёй прыгажосцю, святочнай летуценнасцю. Гэта — пара кахання. І мы з задавальненнем прапануем вам вясновыя эцюды, якія даслала нам Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ

Яна акрыляе і ап’яняе сваёй прыгажосцю, святочнай летуценнасцю. Гэта — пара кахання. І мы з задавальненнем прапануем вам вясновыя эцюды, якія даслала нам Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ

Бярозавы вецер

Вясна песціць зямлю паўднёвым ветрыкам, які прынёс цёплы май. Самая рамантычная пара года дасягнула свайго росквіту, яе дзівосная энергія разлілася паўсюдна. Менавіта яна, гэтая наймацнейшая сіла, здолела растапіць снег і лёд, абудзіла зямлю. Сціплыя і непрыкметныя зімой чорна-белыя бярозкі апрануліся ў ярка-зялёныя атласныя сукенкі. Беластволыя паненкі какетліва ўпрыгожыліся доўгімі завушніцамі і зазірнулі ў люстраную роўнядзь сажалкі. Задаволеныя сабою, красуні расправілі галінкі-плечы і пацягнуліся высока ў неба, да цёплага сонца...
Дзесьці ў блакіце нябёсаў гайсаў гарэза-вецер, ён весяліўся, шкуматаючы белыя аблачынкі, падобныя на пухнатых авечак. Гнаў вятрыска пульхнае воблачка, як раптам, у люстэрку сажалкі ўбачыў тонкія станы ў зялёных сукенках. Забыўся ветрык-гарэза на забавы з аблачынкамі, прыцішэў і спусціўся ніжэй. Падплыў ён да бярозак, асцярожна дакрануўся да зялёных строяў. У замілаванні любуецца атласнымі ўбраннямі і гнуткімі пругкімі галінкамі. А беластволыя паненкі какетліва ўсміхаюцца, ды шапацяць завушніцамі, гледзячы на вятрыску-небараку, які, хоць і саромеецца, але не можа адвесці вачэй ад іх дзявочай прыгажосці...

Разам назаўсёды!

Неяк аднойчы гнаў вецер над зямлёй парашуцікі дзьмухаўцоў, падобныя на белыя пухнатыя сняжынкі. Насенне сонечных кветак чаплялася за траву і падала на зямлю. Два маленькія парашуцікі, што ляцелі разам, моцна трымаліся адзін за аднаго. Як ні стараўся, але так і не здолеў вецер разлучыць іх і разнесці ў розныя бакі. Дачакаліся яны моманту, калі вецер перапыніў свой парыў, каб падзьмуць з новай сілай, хуценька апусціліся на зямлю і схаваліся за вялікім каменем. Вецер паляцеў далей, а парашуцікі засталіся.
Прайшоў час, і з іх выраслі цудоўныя жоўтыя кветачкі — Дзьмухавец і Дзьмухавічка. Закахаўся санцавокі Дзьмухавец у залатую Дзьмухавічку і прапанаваў красуні стаць яго жонкай. “Мілы ты майму сэрцу. Буду я вечна з табою, як за каменнай сцяною”, — адказала кветачка і дакранулася да вялікага каменя, які хаваў іх ад ветра.
Шчаслівы жаніх наладзіў пышнае вяселле. Першымі прыляцелі пчолы, якія зазвычай рэгіструюць шлюб кветак. Пасля кароткай цырымоніі старэйшая пчала папрасіла маладых абмяняцца пылком, а потым дазволіла жаніху пацалаваць нявесту. Сабраліся госці. Легкакрылыя матылькі віншавалі прыгожым танцам, конікі выводзілі на сваіх скрыпках цудоўныя мелодыі, а багоўкі хораша падпявалі. Вось так весела і цікава прайшла маладосць Дзьмухаўца і Дзьмухавічкі. І пачуцці іх толькі мацнелі. Ідэальная пара, вечнае каханне...
Ішоў час. У пышных залатых валасах пачала прабівацца лёгкая сівізна. Падрастала ў Дзьмухаўца і Дзьмухавічкі шмат-шмат дзетак. Раслі яны, маладзенькія парашуцікі, у мамы з татам ды радавалі іх. А як настаў пэўны час, развіталіся з бацькамі, ускочылі ў парыў ветру і паляцелі з бацькоўскай хаты. Шукаць утульнае месца ды будаваць свае сем’і. Памахалі ім услед старэнькія Дзьмухавец і Дзьмухавічка, абняліся і прытуліліся да цёплага каменя. Так і будуць яны разам. Заўсёды. Бо такое каханне жыве вечна.

Незвычайны падарунак

Раней гэта быў маленькі гародчык, дзе гаспадыня звычайна сеяла шаўкавістую траўку, бо тут, у цені дома, кветкі расці не хацелі. Вельмі здзівілася гаспадыня, калі вясной з зямлі паказаліся парасткі цюльпанаў. Не здагадалася яна, як яны сюды трапілі. Дый не магла здагадацца! А было ўсё вось як.
Напрыканцы зімы дзеці зляпілі ў тым цяністым гародчыку Снегавіка. Зрабілі яму вочы, нос, рот. Вось і ўбачыў Снегавік сваімі вачыма-вугольчыкамі тонкую маладую Рабінку, што расла каля плота. Загаварыў з ёю Снегавік, прызнаўся, што спадабалася яму красуня. “Шкада, што не доўга нам разам быць! Хутка растопіць цябе вясновае сонца”, — сумна адказала Рабінка, якой спадабаўся снежны кавалер.
Сакавіцкае сонца раўнадушна грэла няшчаснага Снегавіка. Шкадавала яго Рабінка, плакала. А ён хоць і раставаў, але не хандрыў, жартаваў, каб суцешыць каханую. І калі гарачыя промні сонца амаль знішчылі яго, паабяцаў Рабінцы: “Не сумуй, любая! У маі нагадаю табе пра нашы светлыя пачуцці. З’явіцца на гэтым месцы для цябе падарунак.”
Пад вясновым сонцам растаў закаханы рамантык. А цяпер, верны свайму слову, нібыта падняўся з глыбінь зямлі чырвонымі цюльпанамі. Гледзячы на кветкі, у здзіўленні паціскала плячамі гаспадыня. У замілаванні шапацела маладой лістотай тонкая Рабінка.

Калі ўсё зразумела без слоў...

Малады і поўны сіл квітнеючы Травень закахаўся ў Вясну. Прыгажуня займала яго думкі, валодала ўсімі марамі і летуценнямі. Ды ніяк не адважваўся ён расказаць каханай пра свае пачуцці. Баяўся, што красуня толькі пасмяецца з яго. Не ведаў Травень, што падабаецца ён Вясне. Чакала прыгажуня, пакуль ён зробіць першы крок, марыла пачуць ад каханага самыя галоўныя словы.
Так і хадзілі яны зусім блізка ад свайго шчасця, а дакрануцца да яго не маглі. Вырашыў тады нясмелы Травень расказаць пра свае пачуцці падарункам. Адшукаў сярод вясновых кветак самыя прыгожыя і сплёў з іх вянок. У апошнюю ноч падарыў яго любай. Гэта азначала — “Я цябе кахаю!”. Узяла Вясна вянок і надзела яго, быццам адказала: “І я цябе!”.
І ў тую ж апошнюю ноч яны зніклі, саступілі месца Лету. А на ўспамін усім закаханым пакінулі прыгожы вянок з сонечна-ружовых кветачак, які быццам нагадвае: “Не дайце свайму шчасцю прайсці міма”.

Букет нявесты

У садзе каля самага плота расла Чарэшня. Зусім немаладая ўжо яна была. Стаў маршчыністым ствол, пасохлі ніжнія гукі. Некалькі гадоў не давала Чарэшня ўраджаю, глядзела на свае пустыя галіны ды з сумам успамінала, як некалі ў маладосці яны гнуліся пад цяжарам вялікіх жоўтых ягад. Калі яны паспявалі — прыходзіў гаспадар, прыстаўляў да дрэва лесвічку і ўзлазіў пад цяністую крону. Гаспадар напяваў вясёлыя песні і збіраў салодкія сакавітыя ягады. За кожнае вядзерца дзякаваў Чарэшні, ласкава гладзіў яе гнуткія галінкі.
А потым Чарэшня перастала цвісці, не давала больш смачных жоўтых ягад. Не збіраў больш гаспадар ураджаю, не спяваў сваіх вясёлых песень, не дзякаваў дрэву. Неяк восенню ён падышоў да Чарэшні, агледзеў яе, правёў рукой па шурпатым патрэсканым ствале. Узрадавалася яна, працягнула да яго свае рукі-галінкі. Але нібыта агнём апяклі яе словы гаспадара: “Старая стала, трэба будзе вясною ссекчы, ды на гэтае месца маладзенькае дрэўца пасадзіць”. Панікла вецце, заплакала Чарэшня. Гаспадар павярнуўся і пайшоў.
Лёгкім марозцам кранула дрэва зіма, нагадала, што пара засынаць. Прасіла Чарэшня зіму, каб тая агарнула яе вечным сном. Не хацела прачынацца вясной. Ды не згадзілася зіма.
У сакавіку Чарэшня абудзілася, адчула, як пад шурпатай карой ажыў і пабег сок. Толькі не радавала дрэва вяртанне да жыцця. З дня на дзень чакала Чарэшня гаспадара з сякерай. І ён прыйшоў, але замест сякеры ў яго руках была кульба. Занямог зімою гаспадар, ледзь выкараскаўся з абцугоў хваробы. Падышоў да сваёй Чарэшні, пагладзіў патрэсканы ствол. “Не, не буду я секчы цябе, мілая. Раней разам радаваліся, цяпер разам хварэем. Хто ведае, можа, і паправімся таксама разам?” — прашаптаў гаспадар. І так захацелася Чарэшні дапамагчы яму, што сабрала яна ўсе свае сілы і перадала іх яму ў далонь, якая гладзіла яе ствол.
І адбылося цуда. Паправіўся гаспадар, а Чарэшня, якая ўвабрала ў сябе моц і сілу вясны, зацвіла. І не проста зацвіла! На яе галінах з’явіліся незвычайныя суквецці, якія нагадвалі букецікі нявесты. Ды і сама Чарэшня, як і гаспадар, адчувалі надыход другой маладосці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter