Папяровыя скарбы.

Самаму старажытнаму архіўнаму дакументу Беларусі споўнілася 620 гадоў.

Усе дарогі вядуць да Рыма, а цікавасць — да архіваў. Штогод дзяржаўныя архівы Беларусі  выконваюць  каля сарака тысяч запытаў. Камусьці спатрэбілася паглядзець  подпіс Купалы,  хтосьці шукае свайго прадзядулю, кагосьці зацікавіў статут ВКЛ... Адказы на якія толькі пытанні не знойдзеш у беларускіх архівах! Яно і не дзіва — у іх захоўваецца больш за 12 мільёнаў дакументаў самага рознага характару з часоў Вітаўта і да сучаснасці.
Каля  360 тысяч адзінак маюць статус асобай каштоўнасці. “Народная газета” спецыяльна для сваіх чытачоў падрыхтавала ТОП-7 самых цікавых і ўнікальных архіўных дакументаў Беларусі.

Самым старажытным  архіўным дакументам з’яўляецца Падцвярджальны прывілей князёў Фёдара і Канстанціна Кар’ятавічаў пану Грынко на горад Сакалец за верную службу ад 20 чэрвеня 1391 года. Ён захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Асобую каштоўнасць уяўляе Універсал гетмана Б. Хмяльніцкага аб прадастаўленні купцам горада Слуцка небяспечнага і свабоднага гандлю на тэрыторыі Украіны ад 7 мая 1656 года. Таксама знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Фонд князёў Радзівілаў. У дзяржаўных архівах Беларусі захоўваецца звыш 20 тысяч дакументаў, звязаных з гэтым знакамітым родам. Гэта даравальныя граматы, звесткі аб стане прыватнаўласніцкай гаспадаркі, сельскагаспадарчых культурах, развіцці жывёлагадоўлі, даклады і справаздачы аб дзейнасці фабрык і заводаў, інвентарныя апісанні гарадоў і многае іншае. Архівы Радзівілаў і Нясвіжская калекцыя кніг уключаны ў рэгістр ЮНЕСКА “Памяць свету”. “Туды ўключаюцца толькі самыя каштоўныя дакументы з архіваў, бібліятэк і музеяў розных краін свету”, — патлумачыла першы намеснік дырэктара дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова.

Фонд Беларускага штаба партызанскага руху ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Гэта дакументы аб стварэнні брыгад і атрадаў, агентурнай і аператыўнай рабоце, стане тэхнікі, наяўнасці зброі і прадуктаў харчавання... “Дарэчы, гэтыя дакументы адны з першых пачалі пераводзіць у лічбавы фармат, — расказвае Вольга Бірукова. —  Вядома, ствараліся яны ў гады вайны — пісаліся алоўкам на жоўтай паперы”. Часам дакументы XV—XVI стагоддзяў знаходзяцца ў лепшым стане, чым яны. Каб захаваць гэтыя папяровыя скарбы, і было вырашана адсканіраваць іх.

Метрычныя запісы аб нараджэнні Цёткі і Янкі Купалы, дакументы аб жыцці і творчасці вядомых дзеячаў культуры і навукі — Агінскага, Багдановіча, Ажэшкі, Урублеўскага і іншых у Нацыянальным гістарычным архіве ў Гродне. Асаблівую цікавасць з дакументаў гэтага архіва ўяўляе завяшчанне Тадэвуша Касцюшкі ад 4 красавіка 1817 года аб вызваленні сялян вёскі Сяхновічы Кобрынскага павета ад прыгоннай залежнасці, паказанні паэта-дэмакрата Паўлюка Багрыма ад 28 ліпеня 1828 года следчай камісіі, старонкі з дзённіка мастака Напалеона Орды аб знаходжанні ў Парыжы з верасня 1833 года.

Каштоўныя дакументы па гісторыі беларускай культуры ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Так, напрыклад, тут знаходзяцца запісная кніжка бацькі пісьменніка і мастака  Каганца з аўтографамі ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага, этнаграфічныя запісы Гурыновіча і яго лісты да маці і каханай, пісьмо Шагала з Парыжа Пэну, фотаздымкі Багдановіча і яго сям’і.

Унікальныя трафейныя кінастужкі ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў — агітацыйна-прапагандысцкі матэрыял, зняты ў гады акупацыі на тэрыторыі  Беларусі нямецкімі кінааператарамі. Сярод ваенных фотадакументаў асабліва цікавыя тыя, што расказваюць аб устанаўленні акупацыйнага рэжыму, разбурэнні беларускіх гарадоў і вёсак, стварэнні лагераў смерці і гета.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter